Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэнатары ЗША пра санкцыі супраць Расеі: Чаго мы чакаем?


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама

Сэнатары дэмакраты і рэспубліканцы, абураныя рэакцыяй адміністрацыі прэзыдэнта Абамы на расейскую агрэсію ва Ўкраіне, прыгразілі, што Кангрэс ЗША можа прыняць новыя санкцыі ў аднабаковым парадку.

«Чаго мы чакаем?» – двойчы запытаўся старшыня Сэнацкай камісіі міжнародных дачыненьняў Боб Мэнэндэс, сэнатар-дэмакрат ад штату Нью-Джэрзі, падчас слуханьняў у справе Ўкраіны, у якіх узялі ўдзел службоўцы зь Міністэрстваў замежных справаў фінансаў і абароны.

Заканадаўцы склалі сьпіс прыкладаў таго, як Расея павышае эскаляцыю ўкраінскага крызісу, а пасьля нібы адступае назад, і зазначылі, што пры гэтым Пуцін выстаўляе ЗША і іх эўрапейскіх саюзьнікаў дурнямі. Ад пачатку баёў паміж украінскімі ўрадавымі сіламі і прарасейскімі сэпаратыстамі загінула ўжо больш за 400 чалавек і тысячы пакінулі сваё жытло.

Высокапастаўлены рэспубліканскі прадстаўнік у камітэце сэнатар Боб Коркер з штату Тэнэсі назваў палітыку адміністрацыі ў справе санкцыяў «бездапаможнай» і заявіў, што Злучаныя Штаты «выглядаюць перад сьветам як папяровы тыгр».

Вікторыя Нуланд, намесьніца дзяржаўнага сакратара, бараніла палітыку ўраду, цьвердзячы, што Злучаныя Штаты гатовыя абвясьціць новыя санкцыі «у найбліжэйшым часе». Яна падкрэсьліла, што ў гэтым для ЗША было б больш эфэктыўным працаваць разам з Эўропай і што Злучаныя Штаты працягваюць кансультацыі з сваімі саюзьнікамі. Аднак, паводле яе, прэзыдэнт Абама ясна заявіў, што ў разе патрэбы ЗША могуць дзейнічаць і асобна.

Сэнатар Мэнэндэс сказаў, што ня ведае, колькі часу Кангрэс будзе чакаць, перш чым пачне дзейнічаць незалежна. Ён пералічыў вызначаныя Абамам і саюзьнікамі крытэрыі, ад якіх будзе залежаць увядзеньне новага кола санкцыяў – спыненьне расейскай дапамогі сэпаратыстам, вызваленьне закладнікаў і сур'ёзныя перамовы па мірным пляне Пятра Парашэнкі.

Мэнэндэс зазначыў, што ня бачыць ніякага прагрэсу ў гэтых кроках і заклікаў амэрыканскі ўрад да дзеяньняў.

Нуланд пагадзілася з Мэнэндэсавай ацэнкай і сказала, што адміністрацыя працягвае падрыхтоўку новых санкцыяў.

Сэнатар Коркер запытаўся аб прычынах нерашучасьці адміністрацыі. Ён пацікавіўся – ці за гэтым стаіць страх адмоўных эканамічных наступстваў, якія могуць каштаваць дэмакратам страты падчас прамежкавых выбараў у лістападзе, або гэта зьвязана з занепакоенасьцю Эўропы з прычыны яе залежнасьці ад расейскіх энэргапаставак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG