Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ўзмацнілі пакараньне за сэпаратызм


Здымак зроблены на ўезьдзе ў Севастопаль (Крым)

Здымак зроблены на ўезьдзе ў Севастопаль (Крым)

Савет Фэдэрацыі Расеі на апошнім перад канікуламі пасяджэньні ў сераду ўхваліў закон, які ўзмацняе крымінальную адказнасьць за публічныя заклікі да сэпаратызму.

Унесеныя папраўкі ўсталёўваюць максымальнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да чатырох гадоў. За заклікі да сэпаратызму, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку інтэрнэту, прадугледжаны турэмны тэрмін да пяці гадоў.

Расейскае выданьне РБК, спасылаючыся на меркаваньне экспэртаў, адзначае, што заканадаўства ў гэтым пытаньні робіцца больш жорсткім з прычыны далучэньня да Расеі Крыму, якое лічаць незаконным расейскія лібэралы і крымскія татары.

Сёньня кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што не рэкамэндуе нікому нават разглядаць ідэю ўзброенага нападу на Крым, у тым ліку – для вяртаньня яго Ўкраіне. «Я б нікому гэтага не раіў рабіць. У нас ёсьць дактрына нацыянальнай бясьпекі, яна вельмі выразна прапісвае дзеяньні, якія ў гэтым выпадку будуць прынятыя» – сказаў расейскі міністар на прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы з кіраўніком МЗС Італіі Фрэдэрыка Магерыні.

Басманны суд Масквы сёньня санкцыянаваў завочны арышт кіраўніка ўкраінскага МУС Арсена Авакава. Аналягічнае рашэньне на мінулым тыдні суд вынес у дачыненьні да губэрнатара Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны Ігара Каламойскага. Супраць Каламойскага і Авакава сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу за жорсткія дзеяньні супраць сэпаратыстаў у Данбасе.

XS
SM
MD
LG