Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхалягічны пералом


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Пасьля трохмесячнай аблогі Славянск вызвалены ўкраінскай арміяй. Хоць сэпаратысты абяцалі абараняць яго, як Сталінград, да канца. Таму гэтае вызваленьне стала важнай падзеяй з сымбалічнага гледзішча. Гэта пэўны пералом у вайне. Думаю, пакуль яшчэ не ваенна-стратэгічны. Хоць і тут тлумачэньні лідэраў сэпаратыстаў вельмі нагадваюць тэзы гебэльсаўскай прапаганды пра адступленьне нямецкага войска ў апошні пэрыяд Другой усясьветнай вайны — маўляў, ідзе выроўніваньне лініі фронту.

Вызваленьне Славянску азначае псыхалягічны пералом у вайне. У любым збройным канфлікце вельмі важную ролю адыгрывае маральная матывацыя ўдзельнікаў. Калі людзі бяруць у рукі зброю і дэманструюць гатоўнасьць памерці ў баі, яны павінны мець для гэтага вельмі сур’ёзны стымул, матыў маральнага, ідэалягічнага ці матэрыяльнага кшталту. То бок яны павінны добра разумець, за што зьбіраюцца аддаваць жыцьцё. Тым больш калі гаворка ідзе не пра рэгулярнае войска, дзе ў прызыўніка не пытаюцца, ці хочаш ты ваяваць, а пра войска паўстанцкае.

Тут важна асабліва падкрэсьліць, што збройны супраціў на ўсходзе Ўкраіны ўзьнік пры актыўнай падтрымцы Расеі. Бо ў першыя тыдні пасьля перамогі Майдана ў Кіеве ўсходнія ўкраінскія рэгіёны маўчалі. Але потым пачалося актыўнае падбухторваньне з боку расейскіх мэдыяў, якія распачалі супраць новых уладаў Украіны («фашысцкай хунты») псыхалягічную вайну. Адбыўся захоп Крыму. Ва ўсіх гарадах украінскага паўднёвага ўсходу невядомыя ўзброеныя людзі пачалі захопліваць адміністратыўныя будынкі і вывешваць на іх расейскія сьцягі.

Расея ўрачыста абвясьціла, што яна аб’ядноўвае, бярэ пад сваё крыло «русский мир», зьбіраецца далучыць да РФ новыя тэрыторыі паводле крымскага сцэнару, абяцае абараніць усіх рускіх. У выніку шмат людзей, якія адчувалі сябе расейцамі ці, хутчэй, савецкімі па сьветаадчуваньні і пачуваліся няўтульна ва ўмовах Украіны, узяліся за зброю. Яны зноў захацелі жыць у вялікай дзяржаве, якую «ўсе паважалі, бо баяліся». На тле псыхалягічнага стрэсу, падбухторваньня з боку расейскіх мэдыяў адбыўся шавіністычны ўздым.

Што адбылося далей, ніхто ў гэтым рэгіёне растлумачыць ня мог. У гарадах паўднёва-ўсходняга рэгіёну (Адэса, Харкаў, Днепрапятроўск, Запарожжа, Мікалаеў і інш.) усё гэтаксама раптоўна заціхла, як і пачалося. Нібы нехта даў адмашку ўсё спыніць. Асяродкам сэпаратызму засталіся толькі Данбас і Луганская вобласьць.

Але і тут хутка высьветлілася, што пазыцыя Масквы значна зьмянілася. Расея адмовілася далучаць да РФ гэтыя ўкраінскія рэгіёны, нават не ўвяла туды войскі пад выглядам міратворцаў (як у Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі). Больш за тое, Масква не прызнала вынікі «рэфэрэндумаў» у Данецкай і Луганскай абласьцях, не прызнала «Наваросію» як дзяржаўнае ўтварэньне.

І гэта стала псыхалягічным шокам як для лідэраў, так і для шараговых удзельнікаў канфлікту з боку сэпаратыстаў, прычым як для расейскіх добраахвотнікаў, так і для ўкраінскіх грамадзянаў. Яны адчулі, што іх выкарысталі, ашукалі, «кінулі» і «зьлілі». На мой погляд, здача Славянску — гэта вынік пэўнай дэмаралізацыі і разгубленасьці сэпаратыстаў. Бо цяпер на ўвесь рост перад імі паўстае пытаньне: за што ваюем? Які сэнс гэтага змаганьня?

Здача Славянску — гэта вынік пэўнай дэмаралізацыі і разгубленасьці сэпаратыстаў. Бо цяпер на ўвесь рост перад імі паўстае пытаньне: за што ваюем?

Праява гэтай разгубленасьці — той факт, што сэпаратысты ня могуць уцямна сфармуляваць свае патрабаваньні. Адзінае, чаго яны патрабуюць ад Кіева, гэта вываду ўкраінскіх войскаў з рэгіёну. А што далей? Якія мэты яны ставяць? Тут палітычны тупік. Далучыцца да Расеі? Масква гэтага ня хоча. Вяртацца ва Ўкраіну на новых умовах (фэдэралізацыя)? Гэта ўжо пройдзены этап. Той момант, калі Кіеў быў гатовы весьці пра гэта перамовы, бакі ўжо праскочылі. Патрабаваць незалежнасьці, ствараць новую дзяржаву пад назвай «Наваросія»? Усім зразумела, што бяз вонкавай эканамічнай дапамогі гэтае дзяржаўнае ўтварэньне ня выжыве. Расея не гатовая ўзяць на сябе гэты груз, ёй трэба неяк даць рады далучанаму Крыму. І хто прызнае гэтую дзяржаву, калі яе нават РФ не прызнае?

Нават у ідэалягічным абгрунтаваньні вайны супраць Украіны ўзьніклі праблемы. Супраць каго ваююць? Супраць «фашысцкай хунты»? Дык там законна і дэмакратычна абраны прэзыдэнт, якая ж хунта? Лідэр «Правага сэктару» (нібыта «фашыст») набраў на выбарах менш за 1% галасоў украінцаў. За правы расейскай мовы? Дык паводле новага ўкраінскага заканадаўства рэгіёны могуць выкарыстоўваць тую мову, якую хочуць. Дык за што аддаваць жыцьцё?

Калі слухаць разважаньні лідэраў сэпаратыстаў, то ў іх цяпер разьлік на тое, што ўсясьветная супольнасьць, Захад будзе ціснуць на Кіеў, каб той спыніў вайну ці хоць бы не выкарыстоўваў авіяцыю і артылерыю, бо цярпіць мірнае насельніцтва.

Цікава, што развагі пра «здрадніка» Пуціна, які «кінуў» рускіх братоў у Данецку і Луганску, цяпер папулярныя сярод расейскіх «патрыётаў» кшталту Дугіна, якія ў разгар шавіністычнай гістэрыі былі ў мэйнстрыме расейскай палітычнай тусоўкі і мэдыяў. Але гэта ўжо іхнія расейскія праблемы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG