Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выкрадае і завочна судзіць украінцаў


Генэральны пракурор Украіны Віталь Ярэма заявіў, што ўкраінскія праваахоўнікі пакуль ня ведаюць, як лётчыца Надзея Саўчанка апынулася ў СІЗА расейскага гораду Варонежу.

Раней, як паведамляюць украінскія крыніцы, Надзея Саўчанка, якая ўдзельнічала ў баях у складзе дабравольніцкага батальёну «Айдар», трапіла ў палон прарасейскіх сэпаратыстаў каля гораду Шчасьце Луганскай вобласьці. МЗС Украіны запатрабаваў ад расейскага боку неадкладна патлумачыць абставіны вывазу Саўчанкі, аб’ектыўна расьсьледаваць гэты факт і пакараць вінаватых, а таксама неадкладна дапусьціць да грамадзянкі Ўкраіны консула. Сьледчы камітэт Расеі прад’явіў Саўчанцы абвінавачваньне ў датычнасьці да забойства супрацоўнікаў расейскай тэлерадыёкампаніі Ігара Карнелюка і Антона Валошына. Як паведамляецца, яна была затрыманая на тэрыторыі Расеі.

Тым часам Басманны суд Масквы санкцыянаваў завочны арышт кіраўніка ўкраінскага МУС Арсэна Авакава. На мінулым тыдні аналягічнае рашэньне суд вынес у дачыненьні да губэрнатара Днепрапятроўскай вобласьці Ігара Каламойскага. І Авакаў, і Каламойскі абвешчаныя ў міжнародны вышук. Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі Уладзімір Маркін паведамляў, што Каламойскага і Авакава абвінавачваюць ў арганізацыі цэлага шэрагу злачынстваў: забойстваў, ужываньні забароненых сродкаў і мэтадаў вядзеньня вайны, перашкодзе прафэсійнай дзейнасьці журналістаў, выкраданьні людзей. Украінскія чыноўнікі, у сваю чаргу, заяўлялі, што іх не хвалююць дзеяньні расейскіх сьледчых у дачыненьні да іх.

XS
SM
MD
LG