Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі звольнілі судзьдзяў, якія каралі апазыцыю


У Гомелі ўсьлед за арыштам намесьніка старшыні суду Савецкага раёну Юрыя Жорава яшчэ паўдзясятка судзьдзяў страцілі пасады. У тым ліку тыя, якія каралі апазыцыйных актывістаў штрафамі і арыштамі.

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 297 ад пасады намесьніка старшыні суду Савецкага раёну Гомеля вызвалены Віктар Купрацэвіч, пасады судзьдзяў таксама страцілі Сяргей Шаўструк і Сяргей Уласаў.

Фармальна яны звольненыя па ўласным жаданьні. Але іх звальненьню папярэднічаў арышт за хабар намесьніка старшыні Савецкага суду Юрыя Жорава.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка гэтак ацаніў гучныя звальненьні:

«Звальненьне адразу трох судзьдзяў у Савецкім раённым судзе неўзабаве пасьля арышту за хабар намесьніка старшыні суду Юрыя Жорава наводзіць на думку, што, хутчэй за ўсё, і на гэтых судзьдзяў быў нейкі кампрамат.

Апрача таго, цяперашняя сыстэма фармаваньня судовага корпусу ставіць яго ў непасрэдную залежнасьць ад выканаўчай улады. І знайсьці чалавеку, як кажуць, праўду ў судах становіцца праблематычным».

Суразмоўца зазначае, што звольненыя судзьдзі ня раз каралі апазыцыйных актывістаў буйнымі штрафамі й арыштамі за так званую «грубую лаянку» і «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Сяргей Шаўструк, напрыклад, сёлета ў сакавіку арыштаваў на 10 сутак сябра АГП Уладзіміра Шыцікава. Той перад выбарамі ў мясцовыя Саветы на дазволеным пікеце трымаў лёзунг «Пуцінская Расея, ты звар’яцела».

У 2011 годзе судзьдзя Віктар Купрацэвіч пакараў арыштам лідэра абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова.

Увосень таго ж 2011 году Сяргей Уласаў адправіў за краты грамадзкага актывіста Ільлю Міронава за ўлёткі да «Народнага сходу».

У Мазыры намесьнік старшыні суду Іван Анташук звольнены з пасады з гучнай фармулёўкай — «у сувязі з учыненай правінай, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе». Якую менавіта правіну ўчыніў Анташук, не паведамляецца. У Мазырскім раённым судзе ён, як правіла, займаўся разглядам крымінальных спраў.

На падставе таго ж указу ад пасады судзьдзі абласнога суду вызвалены Аляксей Шамехін.

На слыху ў жыхароў абласнога цэнтру гучныя карупцыйныя скандалы, зьвязаныя з арыштамі першага намесьніка старшыні аблвыканкаму Віктара Банчука й намесьніка старшыні аблвыканкаму па ідэалёгіі Віктара Трызны.

За хабар у памеры чатырох з паловай тысяч даляраў за кратамі апынуўся намесьнік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкаму, палкоўнік Вячаслаў Іваненка. Страціў пасаду начальнік рэгіянальнай управы КДБ Іван Ляскоўскі — за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў.

XS
SM
MD
LG