Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьніца з Баранавічаў давяла расейцам, што беларуская мова — мова міжславянскіх зносінаў


Юлія Емельяновіч

Юлія Емельяновіч

Дзевяціклясьніца з Баранавічаў Юлія Емельяновіч перамагла на 11-й міжнароднай алімпіядзе па расейскай мове, што ладзіцца для краін СНД, Балтыі, Грузіі.

Тэмай сачыненьня на вольную тэму дзяўчына абрала аповед пра беларускую мову.

Юлія распавяла Радыё Свабода пра свае ўражаньні ад алімпіяды.

— Раскажыце крыху пра гэтую алімпіяду.

— Алімпіяда была ў Маскве, а закрыцьцё — у Яснай Паляне. Былі тры этапы — сачыненьне, лінгвістычны іспыт, а таксама вусны іспыт па краязнаўстве Расеі. На сачыненьне было восем тэмаў, большасьць зь якіх — па творах Льва Талстога, бо яму была прысьвечаная гэтая алімпіяда. Я абрала вольную тэму «Я хачу расказаць вам пра...». І выбраць можна было што заўгодна. І я вырашыла распавядаць пра беларускую мову.

— Што вы пісалі пра беларускую мову ў сваім сачыненьні?

— Быў такі невялікі ўступ, дзе напісала, што гэта ўвогуле за мова — гэта мова беларускай нацыі і адна зь дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Потым выклала некаторыя асаблівасьці фанэтыкі, потым этымалягічныя асаблівасьці — наконт таго, што ў беларускай мове захавалася шмат старых славянскіх словаў, якія, напрыклад, ёсьць у польскай, украінскай мовах, але не захаваліся ў расейскай. Але калісьці яны там былі. Вось, напрыклад, слова «аловак». Ён так называецца, бо калісьці алоўкі рабілі з волава. Але ў расейскую мову прыйшоў цюркізм «карандаш»...

У сачыненьні я высунула такую ідэю — што беларуская мова можа быць мовай міжславянскіх адносінаў. Бо гэта мова, вельмі простая для разуменьня і расейцамі, і ўкраінцамі, і палякамі...

Пісала таксама пра гісторыю беларускай мовы — пра разьвіцьцё старабеларускай мовы, пра рэформы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў.

Таксама пра сучаснае становішча беларускай мовы — гэта існаваньне двух альфабэтаў, дзьвюх артаграфічных сыстэмаў... І пра адраджэньне беларускай мовы — гэта цікавасьць да беларускай мовы з боку прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, моладзі...

Дыплём аб перамозе на алімпіядзе

Дыплём аб перамозе на алімпіядзе

— Адкуль у вас узьнікла цікаўнасьць да беларускай мовы?

— Сярод маіх знаёмых шмат людзей, якія цікавяцца мовай. Цяпер усё больш і больш людзей цікавяцца мовай. Я думаю, што моладзь можа адрадзіць беларускую мову. Я пачала цікавіцца мовай у пачатку гэтага году. Тады ў нас у Баранавічах пачаліся курсы «Мова нанова». Я туды трапіла зь сябрамі. У Баранавічах на гэтыя курсы зьбіраецца да 30 чалавек.

— Дыплём аб перамозе на алімпіядзе дае вам права працягваць навучаньне пасьля школы ў любой ВНУ Расеі? Ці вызначыліся ўжо?

— Ну, не ў любой. Ёсьць сьпіс унівэрсытэтаў, у якія я магу паступаць. Напрыклад, МГУ і МГИМО там няма. Затое ёсьць Пецярбурскі ўнівэрсытэт ды шмат іншых. Але я яшчэ ня вызначылася, куды пайду пасьля адзінаццатай клясы. Магчыма, што і ў наш БДУ...

— Як вы лічыце, якія пэрспэктывы мае папулярызацыя беларускай мовы?

— Калі моладзь не пакіне гэтую ідэю, калі яна будзе распрацоўвацца, калі будуць заняткі, падобныя курсам «Мова нанова», то беларуская мова будзе папулярызавацца. У чым толькі тут цяжкасьць? Цяпер многія ставяцца да беларускай мовы неяк як да апазыцыйнай. Хоць на нашы курсы прыходзяць абсалютна розныя людзі. Нават была бабулька за 80...

Цікава, што калі пачаць размаўляць на беларускай мове на вуліцы ці ў аўтобусе, то на цябе глядзяць такімі вялікімі вачыма. А вось на размову паміж сабой студэнтаў з Туркмэністану, якія вучацца ў нашым Баранавіцкім унівэрсытэце, ужо і ўвагі не зьвяртаюць...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG