Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чацьвер 10 ліпеня менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргу грамадзянскай ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына».

Актывісты гэтага мікрараёну сталіцы пры падтрымцы аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» дамагаюцца правядзеньня шырокіх грамадзкіх слуханьняў па праблеме дрэннай якасьці водаправоднай вады ў трох раёнах Менску — Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім. Гэтая акцыя — частка праграмы «Народнае самакіраваньне», — паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі:

Дзяніс Садоўскі

Дзяніс Садоўскі

«Мясцовыя выбары, якія праходзілі сёлета ў Беларусі, дапамаглі нам вызначыць нямала актыўных людзей. Таму мы і разгарнулі кампанію „Народнае самакіраваньне“. Гэта спроба вырашаць мясцовыя канкрэтныя праблемы праз грамадзкі ціск на ўлады.

Праблема дрэннай вады вельмі актуальная для трох сталічных раёнаў. Жыхары гэтай часткі сталіцы атрымліваюць ваду з адкрытых вадасховішчаў. І таму яе трэба ачышчаць хлёрам утрая больш, чым ваду, якую бяруць з артэзіянскіх сьвідравін. А гэта, як даводзіць мэдыцына, адмоўна адбіваецца на здароўі мясцовых жыхароў. Асабліва небясьпечная такая вада для дзяцей і сталых людзей».

Спадар Садоўскі, які каардынуе кампанію па вадзе, расказаў, што суд Маскоўскага раёну адмовіў актывістам у правядзеньні адкрытых грамадзкіх слуханьняў. Таму цяпер гэтая адмова абскарджваецца ў гарадзкім судзе.

Звычайна апазыцыя пачынае праводзіць свае акцыі ў час выбарчых кампаніяў, — адзначае актывістка БХД Вольга Кавалькова:

Вольга Кавалькова

Вольга Кавалькова

«Зразумела, што тады лягчэй камунікаваць зь людзьмі. Але наш досьвед сьведчыць — працаваць можна і паміж выбарчымі кампаніямі. Гэта той пэрыяд, калі мы можам заахвочваць людзей, распавядаць пра наша існаваньне, пашыраць партыйны склад».

Спадарыня Кавалькова паведаміла журналістам «невялічкую прыемную навіну»:

«Мы распаўсюдзілі інфармацыю, што ў рамках грамадзкай кампаніі „Абаронім нашых дзяцей ад алькагалізму“ нашы актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў гарадах Беларусі 100 пікетаў, каб пашырыць збор подпісаў. Але мясцовыя ўлады дазволілі толькі адзін — у Клічаве Магілёўскай вобласьці. Учора позна ўвечары мы даведаліся пра яшчэ адзін дазвол — у Валожыне».

XS
SM
MD
LG