Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луганск: трэці дзень працягваюцца абстрэлы, людзі масава ўцякаюць з гораду


Украінская армія рыхтуе генэральны наступ на Данецк і Луганск.

Пра гэта заявіў сьпікер інфармацыйнага цэнтру Службы нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Андрэй Лысенка. Дэталі пляну пакуль не разгалошваюцца. Што цяпер насамрэч адбываецца ў Луганску, якія настроі ў жыхароў, Радыё Свабода распавёў старшыня праўленьня Луганскага праваабарончага цэнтру «Поступ» Канстанцін Рэўцкі:

— У Луганску сытуацыя напружаная. Трэці дзень ідуць абстрэлы жылых кварталаў. Прычым складана вызначыць, зь якога боку вядзецца абстрэл. Відавочна, што артылерыя, сыстэмы залпавага агню, мінамёты сэпаратыстаў працуюць з жылых кварталаў. Снарады трапляюць у жылыя кварталы, ёсьць разбурэньні, ёсьць ахвяры. Многія луганчане лічаць, што гэта правакацыі з боку баевікоў, таму што артылерыя сіл АТА ў шмат якіх выпадках ня можа паражаць вось гэтыя цэлі ў горадзе, бо яны занадта далёка ад месцаў дысьлякацыі ўкраінскай арміі. Людзі напалоханыя, масава зьяжджаюць з гораду, вакзал перапоўнены. Ініцыятывы па дапамозе перасяленцам перагружаныя і не заўсёды ўпраўляюцца, каб дапамагчы вялікай колькасьці ўцекачоў.

— Учора прадстаўнік інфармацыйнага цэнтру Службы нацыянальнай бясьпекі заявіў пра новы плян наступу. І быццам бы ўкраінскія сілавікі вядуць сур’ёзную падрыхтоўку да вызваленьня Луганску, Данецку. Гэта неяк адчуваецца?

— Апошнімі днямі, пасьля заканчэньня замірэньня, наступ украінскіх сілавікоў спыніўся. Ідуць нейкія пазыцыйныя баі, як мы чуем, контратакі з боку сэпаратыстаў. Аднак заўважнай падрыхтоўкі да наступу сіл АТА цяпер не назіраецца. Наадварот, украінскія сілавікі занялі, хутчэй, абаронныя пазыцыі і адстрэльваюцца ад нападаў баевікоў.

— Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка забараніў выкарыстоўваць у Данецку і Луганску авіяцыю і артылерыю. А вы кажаце, што ідуць усё ж такі баі. Значыць, артылерыя выкарыстоўваецца? А авіяцыя?

— Украінская армія кантралюе неба над Луганскам. Паведамленьняў пра авіяўдары не паступала. Ёсьць зьвесткі пра абстрэл самалётаў украінскай арміі. Наколькі нам вядома, сапраўды па ўмацаваньнях баевікоў у самім Луганску авіяцыя ўдары не наносіць.

— Кіраўнік самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі Валеры Болатаў заявіў, што менавіта апалчэнцы прымусілі ўкраінскіх сілавікоў адступіць ад Луганску. Цяпер быццам бы ідзе падрыхтоўка да перамоваў. Ці лічыцца Валеры Болатаў у вас уплывовым, аўтарытэтным палітыкам?

— Пра тое, што ідзе падрыхтоўка да перамоваў, мы чулі. Пра гэта заявіла трохбаковая кантактная група АБСЭ — Украіна — Расея, якая днямі засядала ў Кіеве. Зноў была агучана пазыцыя пра неабходнасьць перамоваў.

Але што тычыцца заяваў Болатава — асабіста я стаўлюся да іх скептычна, бо спадар Болатаў не зьяўляецца хоць крыху значнай фігурай. Ён не кантралюе сытуацыю. Па сутнасьці, гэта проста мэдыйны пэрсанаж, празь якога часам агучваюцца мэсыджы, сфармуляваныя кімсьці са сцэнарыстаў. А часам ён агучвае і нейкія свае пазыцыі, якія ўсур’ёз расцэньваць бессэнсоўна.

XS
SM
MD
LG