Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны пратэстуе супраць незаконнага вывазу ў Расею захопленай сэпаратыстамі лётчыцы Надзеі Саўчанкі


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Міністэрства замежных справаў Украіны выказала «рашучы і катэгарычны пратэст у сувязі з незаконным вывазам на тэрыторыю Расеі Надзеі Саўчанкі — вайскоўцы ўзброеных сіл Украіны, якая раней была захопленая прадстаўнікамі сэпаратысцкіх узброеных фармаваньняў на ўсходзе Ўкраіны.

«Гэта зьяўляецца яшчэ адным пацьверджаньнем таго, што тэрарысты плянуюць і рэалізоўваюць злачынствы на тэрыторыі Ўкраіны ў цеснай сувязі са спецслужбамі Расейскай федэрацыі», — гаворыцца ў заяве.

Адкрыта выкарадаючы грамадзян Украіны на яе тэрыторыі, расейская ўлада ня толькі парушае ўсе магчымыя нормы міжнароднага права, але і ўжо пераступае праз элементарныя нормы прыстойнасьці і маралі, і гэтыя дзеяньні не застануцца без адэкватнага адказу з боку Ўкраіны і міжнароднай супольнасьці, — заяўляе Кіеў.

«Чакаем ад расейскага боку захадаў з мэтай безумоўнага вызваленьня Надзеі Саўчанкі з-пад варты і яе вяртаньня на радзіму ў бліжэйшым часе. Заклікаем міжнародную супольнасьць асудзіць супрацьпраўныя дзеяньні Расеі, скіраваныя на сыстэматычнае парушэньне правоў і свабодаў грамадзян Украіны, узмацніць ціск на расейскую ўладу, якая сёньня, адчуваючы ўседазволенасьць, ператвараецца ў рэальную пагрозу цывілізаванаму сьвету», — гаворыцца ў заяве МЗС Украіны.

8 ліпеня стала вядома, што захопленая сэпаратыстамі пад Луганскам лётчыца Надзея Саўчанка знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары ў расейскім горадзе Варонежы. Яе падазраюць у датычнасьці да гібелі двух расейскіх журналістаў падчас антытэрарыстычнай апэрацыі ва Ўкраіне. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла сястра Надзеі — Вера Саўчанка — са спасылкай на расейскага адваката. Надзея Саўчанка знаходзіцца ў Расеі ад 23 чэрвеня.

Надзея Саўчанка — афіцэр-лётчык, прымала ўдзел у АТА як добраахвотніца і трапіла ў палон да сэпаратыстаў каля мястэчка Шчасьце пад Луганскам 18 ці 19 чэрвеня.

17 чэрвеня у мястэчку Мэталіст пад Луганскам загінулі супрацоўнікі Усерасейскай дзяржтэлерадыёкампаніі Ігар Карнялюк і Антон Валошын. Паводле ўкраінскіх сілавікоў, журналісты ажыцьцяўлялі інфармацыйнае суправаджэньне адной з вайсковых груп сэпаратыстаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG