Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чубрык: Менск стварае карціну даволі высокага сярэдняга заробку


Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

Сярэдні заробак па выніках гэтага году ў Беларусі павінен скласьці 623,2 даляра ЗША, а ў наступным — павялічыцца да 658 даляраў. Гэткія паказчыкі заклалі эканамічныя ведамствы пры падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2015 год. Наколькі эканамічна абгрунтаваныя гэтыя пляны, ці адпавядаюць яны эканамічным рэаліям? Чаму большасьць людзей у рэгіёнах атрымлівае нашмат меней за сярэдні беларускі заробак? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Аляксандар Чубрык.

— Апошнія месяцы адзначаецца зьніжэньне росту сярэдняга заробку. Чаму нават у вельмі важны выбарчы год улады плянуюць вельмі нязначнае падвышэньне заробку? Наколькі гэтае падвышэньне адпавядае стану беларускай эканомікі?

— Той сярэдні заробак, які заплянаваны на каней наступнага году, акурат адпавядае тым тэндэнцыям у эканоміцы, якія мы назіраем цяпер. Зараз рост заробкаў вельмі істотна запаволіўся ў параўнаньні з тым пікам, які мы назіралі ў лістападзе мінулага году. Таму пры такой памяркоўнай дэвальвацыі, якая адбываецца, і пры такіх тэмпах росту намінальнага заробку мы якраз выходзім прыблізна на лічбы, якія паведамілі ўлады. Гэта выглядае даволі рэалістычна з пункту гледжаньня той эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца.

— Большасьць людзей у рэгіёнах атрымлівае нашмат меней за сярэдні беларускі заробак. Дадзеныя сьведчаць, што сярэднестатыстычны заробак мае меншая колькасьць насельніцтва. А сярэднія лічбы складаюцца з-за таго, што невялікая колькасьць людзей атрымлівае даволі вялікія грошы. Ці будзе павялічвацца гэты разрыў паміж багатымі і беднымі?

— Павелічэньня альбо скарачэньня гэтага разрыву адбывацца ня будзе, гэтыя прапорцыі застаюцца даволі стабільнымі. Зараз суадносіны паміж найбольшымі і найменшымі заробкамі прыблізна тыя ж, што былі ў 2010 годзе. Калі мы будзем глядзець па галінах эканомікі, то гэтая розьніца вагалася каля 4-5 разоў, прыблізна тое самае і цяпер.

Другі момант — у Менску заробкі істотна вышэй за рэгіёны. Паводле дадзеных Белстату, колькасьць людзей, якія мелі даходы звыш 5 мільёнаў на чалавека ў сям’і — то такіх людзей у Менску каля 20 працэнтаў, іх нават больш, чым тых, хто ў сталіцы мае сярэднія даходы. Таму Менск і стварае па краіне такую карціну даволі высокага сярэдняга заробку. Гэта тыповая для Беларусі сытуацыя, і тут нічога новага няма.

Але мяне засмучае, што ўлады зноў робяць свае прагнозы ў далярах. Калі мы гаворым, што для беларускай эканомікі далярызацыя — гэта вялікая праблема, і што трэба думаць у нацыянальнай валюце, а пасьля гэтага ўлады ўсталёўваюць чарговыя паказчыкі ў далярах, — то гэта супярэчыць мэтам зьмяншэньня далярызацыі. Трэба адмовіцца ад паказчыкаў у далярах і пераходзіць на паказчыкі тэмпаў росту рэальнага заробку ў рублях.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG