Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За 20 гадоў апазыцыя і грамадзянская супольнасьць ператварыліся ў пазасыстэмную сілу. У чым прычыны такой эвалюцыі? Якія хібы былі ў стратэгіі і тактыцы апанэнтаў рэжыму? Ці ўтварылася ў Беларусі паралельнае грамадзтва?

Удзельнікі: палітолягі Юрый Чавусаў і Сяргей Нікалюк.

Як зьмянілася незалежнае грамадзтва за 20 гадоў?

Валер Карбалевіч: «У момант прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады апазыцыя была часткай палітычнай сыстэмы. Яна была прадстаўлена ў парлямэнце, мясцовых саветах і выканкамах, дзяржаўных мэдыях. Сёньня незалежнае грамадзтва — цалкам пазасыстэмная сіла. Як бы вы ацанілі гэтую эвалюцыю?»

Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў: «Я б не пагадзіўся, што сёньня апазыцыя і грамадзянская супольнасьць у Беларусі — цалкам пазасыстэмная сіла. Яна ня ўключаная ў сыстэму ўлады, але яна зьяўляецца часткай палітычнай сыстэмы. І выконвае пэўную функцыю: выпусканьне пары, данясеньне да ўлады пэўных праблемаў і інш.

У момант прыходу Лукашэнкі да ўлады ў Беларусі ўжо цягам амаль дзесяцігодзьдзя ўжо разьвівалася грамадзянская супольнасьць. Грамадзкіх арганізацыяў было няшмат. Калі казаць пра агульную колькасьць, то цяпер зарэгістраваных арганізацыяў нашмат больш. Але цяпер зьніклі масавыя арганізацыі, якія былі тады. Цяпер арганізацыя, якая налічвае 1 тысячу сябраў, лічыцца вялікай. Новыя арганізацыі, якія цяпер рэгіструюцца, — гэта так званыя „ўстановы“, то бок структуры з аднаго ці некалькіх чалавек. Такі фэномэн разьвіваецца ва ўсім сьвеце, але ў Беларусі праяўляецца найбольш яскрава.

Сёлета мы адзначаем ня толькі 20-годзьдзе кіраваньня Лукашэнкі, але і 20-годзьдзе прыняцьця першага закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях. Ён быў прыняты 4 кастрычніка 1994 году і стаў першым у краінах СНД.

Але хутка ўлады пачалі тое прававое поле, якое было акрэсьлена законам, сьціскаць. І цяпер у Беларусі створаны такі рэжым для дзейнасьці структураў грамадзянскай супольнасьці, які робіць іх эфэктыўную дзейнасьць, а таксама працу палітычнай апазыцыі немагчымай. Існуюць складанасьці з рэгістрацыяй. Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу забараняе дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў. Абмяжоўваецца атрыманьне фінансавай дапамогі, прычым ня толькі замежнай. Ёсьць драпежніцкі прэзыдэнцкі ўказ пра спонсарскую дапамогу, які забараняе бізнэсу даваць дапамогу на праваабарончую дзейнасьць, ахову навакольнага асяродзьдзя і інш.».

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк: «Эвалюцыя апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці зьвязаная з эвалюцыяй беларускага грамадзтва. На пачатку 1990-х гадоў у Беларусі існавала палітыка. Апазыцыя выконвала важную ролю. Сіла апазыцыі найперш вызначаецца сілай падтрымкі грамадзтва. А цягам прамінулых 20 гадоў наша грамадзтва засынала. У выніку палітычная вага апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці значна зьменшылася. Але прычына гэтага працэсу мала зьвязаная зь дзейнасьцю самой апазыцыі».

Якія хібы былі ў стратэгіі і тактыцы апанэнтаў рэжыму?

Карбалевіч: «Вось сп. Нікалюк закрануў тэму прычын зьмяншэньня палітычнай ролі апазыцыі. Ужо 18 гадоў Беларусь жыве ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, жорсткіх рэпрэсіяў і абмежаваньняў дзейнасьці незалежнага грамадзтва. Але, можа, у дзейнасьці апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці былі нейкія хібы, якія не дазволілі ім павялічыць свой уплыў на грамадзка-палітычнае жыцьцё? Можа, сам праект, прапанаваны апазыцыяй, быў памылковы? Ці стратэгія дзеяньняў няправільная?»

Чавусаў: «На гэтае пытаньне складана адказаць адназначна, бо на грамадзкія працэсы ўплываюць многія фактары. Найперш, гэта інстытуцыйныя фактары ці перадумовы, якія ўплываюць на дзейнасьць незалежнага грамадзтва. Савецкая спадчына пакінула не найлепшыя перадумовы для стварэньня новай палітычнай сыстэмы.

Зразумела, можна гаварыць пра хібы апазыцыйных праектаў. Гэтых праектаў было шмат. Але перамагла тая візія Беларусі, якую трансьляваў Лукашэнка.

Перамагла тая візія Беларусі, якую трансьляваў Лукашэнка

У 1990-я гады, калі стала зразумела, што аўтарытарны рэжым кансалідуецца і ўсталёўваецца надоўга, апазыцыя рэалізоўвала праект паралельнага грамадзтва. То бок пачала ствараць структуры, якія ў пэўны момант маглі б замясьціць дзейны палітычны рэжым. Як гэта ў свой час зрабіў польскі прафсаюз «Салідарнасьць». Апазыцыя стварала свой парлямэнт, сваё грамадзянства БНР, свае дзіцячыя садкі. Нават свае альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў 1999 годзе. Але ў Беларусі пакуль посьпехаў у рэалізацыі такога праекту мы ня бачым. Тут замест тэрміну «паралельнае грамадзтва» сталі ўжываць тэрмін «гета».

Пэрспэктывы паралельнага грамадзтва

Карбалевіч: «Канцэпцыя паралельнага грамадзтва папулярная ў Эўропе цяпер. У асноўным гэта тычыцца мусульманскіх супольнасьцяў, якія не інтэгруюцца ў грамадзкае жыцьцё эўрапейскіх краін, а жывуць асобна. Ва ўмовах Беларусі палітычная апазыцыя і грамадзянская супольнасьць — то бок інстытуты паралельнага грамадзтва — жывуць багатым унутраным жыцьцём: ствараюць свае структуры, кааліцыі, аб’яднаньні, ладзяць свае мерапрыемствы (канфэрэнцыі, зьезды, культурніцкія фэсты), дыскутуюць між сабой у незалежных мэдыях. Але іх уплыў на беларускае грамадзтва мінімальны. Паводле чэрвеньскага дасьледаваньня НІСЭПД, апазыцыі давяраюць 16–18%. Ці можа гэтае паралельнае грамадзтва ў нейкі момант замясьціць дзейны рэжым ці стаць чыньнікам перамен?»

Нікалюк: «Беларускае грамадзтва расколатае на пралукашэнкаўскую большасьць і праапазыцыйную меншасьць. У кожнай часткі гэтага расколатага грамадзтва ёсьць свой малюнак сьвету. І ўсе падзеі людзі разглядаюць праз гэты малюнак.

Вось прыклад. Людзі старэйшага пакаленьня пісалі ў школе сачыненьні паводле раману Міхаіла Шолахава „Паднятая цаліна“. Шмат казалі пра сьветлыя вобразы камуністаў у рамане. Між тым, калі глядзець зь цяперашняга гледзішча, у рамане кожным словам, кожнай коскай камуністы прадстаўленыя як злачынцы. У СССР мільёны людзей чыталі раман, пісалі сачыненьні і шчыра гэтага ня бачылі. Бо ў іх быў іншы малюнак сьвету.

За апошнія 20 гадоў апазыцыйны малюнак сьвету не павялічвае колькасьці сваіх прыхільнікаў у Беларусі

І цяпер тут два малюнкі сьвету ваююць між сабой. Асабліва гэта бачна ў стаўленьні да падзеяў ва Ўкраіне. За апошнія 20 гадоў апазыцыйны малюнак сьвету не павялічвае колькасьці сваіх прыхільнікаў у Беларусі».

Чавусаў: «Не існуе ізаляцыі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ад грамадзтва. Туды людзі прыходзяць, працуюць, потым нехта сыходзіць. Гэта немагчыма, калі гаварыць пра сэкту ці гета.

Казаць, ці можа паралельнае грамадзтва ў пэўны момант палітычнага крызісу замясьціць дзяржаўныя інстытуты, можна будзе толькі тады, калі такі момант настане. Бо рэалізацыя канцэпцыі „паралельнага грамадзтва“ неадрыўная ад працэсу дэлегітымізацыі рэжыму.

Паколькі канцэпцыя паралельнага грамадзтва не спрацоўвала, то ёй на зьмену прыйшла канцэпцыя Плошчы. Але цяпер і гэты праект перастаў быць натхняльным для незалежнага грамадзтва. Патрэбная новая стратэгія».

Нікалюк: «Я лічу, што мы на парозе нейкай вельмі сур’ёзнай дынамікі. І прыйдзе яна да нас з Расеі. Я ня веру ў нейкія перамены ў Беларусі, пакуль Расея стабільная ў яе цяперашнім выглядзе. Калі ўзьнікаюць праблемы, то Пуцін выме з кішэні некалькі мільярдаў даляраў і закрые праблему. І любая самастойная тэндэнцыя тут будзе перапыненая. Як было ў 2011 годзе.

Я ня веру ў нейкія перамены ў Беларусі, пакуль Расея стабільная ў яе цяперашнім выглядзе

Задача незалежнага грамадзтва палягае ў тым, каб быць падрыхтаванымі для магчымых пераменаў. Бо калі нешта пачнецца, то ня факт, што менавіта апазыцыя ўзначаліць гэтыя працэсы. Бо тэзіс, што мы 25 гадоў за гэта змагаліся, для грамадзтва нічога ня значыць. Бо новыя лідэры могуць выскачыць няведама адкуль».

Чавусаў: «Гістарычны досьвед паказвае, што калі перамены наступаюць нечакана, то вонкавыя сілы ня ў стане генэраваць новых лідэраў. І тыя не ўзьнікаюць з натоўпу. Яны зьяўляюцца якраз ці з паралельнага грамадзтва, ці з старой сыстэмы. Пад момант распаду камуністычнай сыстэмы ў Чэхаславаччыне Вацлаў Гавал быў ня больш уплывовы, чым цяперашнія лідэры беларускай апазыцыі».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG