Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ухналёў супраць забароны кампартыі ва Ўкраіне. Дашкевіч — за. Абодва кажуць, што гэта робіцца ня ў час


Міністэрства юстыцыі Ўкраіны падало пазоў у суд Кіева, каб забараніць дзейнасьць Камуністычнай партыі.

У траўні Мін’юст Украіны накіраваў у Генпракуратуру і СБУ запыт аб расьсьледаваньні дзейнасьці кампартыі. У ліпені СБУ перадала матэрыялы расьсьледаваньня ў Міністэрства юстыцыі.

«Мне падаецца, што гэта выключна палітычнае рашэньне. Кампартыя Ўкраіны мае падтрымку сярод насельніцтва краіны. І гэта парлямэнцкая партыя... Я ня думаю, што сам факт разгляду пытаньня носіць юрыдычны характар. Калі суд пастановіць ліквідаваць кампартыю, гэта не прынясе ва Ўкраіну элемэнты стабільнасьці і не дапаможа вырашыць тыя праблемы, якія існуюць. Гэта ня спыніць вайну, якая сёньня ідзе. І гэта яшчэ болей падагрэе рознагалосьсі ва ўкраінскім грамадзтве», — заявіў Радыё Свабода Валер Ухналёў, намесьнік кіраўніка беларускай Партыі левых «Справядлівы сьвет».

Валер Ухналёў
Валер Ухналёў

«Я гэта выключаю. Але калі раптам камуністычная партыя сапраўды парушыла законы і яе трэба ліквідаваць, гэта адназначна ня трэба рабіць зараз. Ёсьць больш сур’ёзныя праблемы, якія трэба вырашаць», — дадаў Ухналёў.

У сваю чаргу, сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт», былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч вітае намеры забараніць ва Ўкраіне дзейнасьць камуністычнай партыі:

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Пэрсанальна я да гэтага стаўлюся вельмі станоўча. Мы ведаем, што камунізм — гэта адна з самых злачынных ідэалёгіяў у сьвеце».

«Украінцы папросту стаміліся цярпець гэтую злачынную ідэалёгію, якая і сёньня працягвае развальваць дзяржаву ва Ўкраіне. Расейская агрэсія каталізавала разьвіцьцё грамадзтва, якое нарэшце высьпела, каб паставіць камунізм пад забарону», — кажа Дашкевіч.

«Час выбраны вельмі нязручна. Кампартыю трэба было забараняць, як толькі пачаліся сэпаратысцкія дзеяньні ва Ўкраіне, на чале якіх стаялі многія камуністы. Рашэньне запозьненае, але я думаю, што яно больш актуальнае, чым шмат якія іншыя праблемы ва Ўкраіне», — заявіў былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG