Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Кіштымаў: Ідзе чыстка ВНУ. А я — адзін з элемэнтаў гэтай чысткі


Андрэй Кіштымаў

Андрэй Кіштымаў

Кіраўніцтва сталічнай прыватнай установы адукацыі «Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва» не працягнула працоўны кантракт зь вядучым айчынным дасьледчыкам сацыяльна-эканамічных праблемаў гісторыі Беларусі XIX стагодзьдзя Андрэем Кіштымавым.

10 гадоў таму Кіштымава звольнілі з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, дзе ён адпрацаваў 27 гадоў і абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

З Андрэем Кіштымавым пагутарыла Іна Студзінская.

— Андрэй, колькі вы адпрацавалі ў Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва?

— З 2003 году, больш за 10 гадоў. І фактычна магу лічыць сябе вэтэранам гэтага інстытуту, бо на катэдры, зь якой мяне «сышлі», я ўжо заставаўся найстарэйшым супрацоўнікам. За час маёй працы ў гэтым інстытуце зьмянілася ажно 4 рэктары.

— А якая афіцыйная прычына — як вам патлумачылі, чаму не працягнулі кантракт?

— «У вас сканчаецца кантракт». І тлумачэньняў ніякіх у такім выпадку юрыдычна не патрабуецца. Але пастаянна намякалі. Было ў мяне 0,5 стаўкі, 0,75, нават 0,25. Паціху мяне выціскалі з інстытуту, чакалі сканчэньня тэрміну кантракту.

— Гэта ня першае ваша звальненьне. Некалі вас звольнілі з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, цяпер з ІПП. Ці маральна гэта цяжка — страчваць працу?

— А я б не сказаў, што я гэтую працу страціў. Я ж працую на гісторыю. Цяжкавата бывае, да прыкладу, фізыку, якога могуць адхіліць ад лябараторнага абсталяваньня, і на кухні ці пры кампутары ён нічога ня зробіць. Цяжка перажываюць, я ведаю, звальненьне археолягі, таму што самастойна весьці раскопкі юрыдычна яны ня змогуць. Мне шкада студэнтаў, таму што былі сьветлыя галовы, якім я выкладаў з задавальненьнем. Цяпер мая працоўная кніжка нідзе ня будзе ляжаць. Але гэта зусім не азначае, што хтосьці можа мяне адлучыць ад заняткаў гісторыяй.

— І ўсё ж такі Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва — прыватная навучальная ўстанова. Здавалася б, там больш павінна быць свабоды, не павінна быць такіх абмежаваньняў, як у дзяржаўных ВНУ. Ці была там свабода для выкладчыка?

— Ня будзем забывацца, што ўсе дзяржаўныя ўстановы выдаюць дыплёмы агульнадзяржаўнага ўзору. Уся праца вядзецца паводле праграмаў дзяржаўнага навучаньня. Ну, дапусьцім, я чытаў там свой аўтарскі курс «Гісторыя прадпрымальніцтва». Гэта тое, што прыватная навучальная ўстанова павінна сабе дазволіць. І тады я чытаў гэты курс усім без выключэньня студэнтам. Але паступова курс зьмяншалі і зьмяншалі.

Прыватныя ВНУ, як гэта ні дзіўна, нават пад большым кантролем дзяржавы, Міністэрства адукацыі

Прыватныя ВНУ, як гэта ні дзіўна, нават пад большым кантролем дзяржавы, Міністэрства адукацыі. Таму што ліквідаваць дзяржаўную ВНУ немагчыма. А над прыватнымі пастаянна навісае пагроза: «А калі забяруць ліцэнзію...» Часьцяком прыватныя ВНУ прытрымліваюцца яшчэ больш аўтарытарнай мадэлі. То бок гаварыць пра нейкія свабоды ў прыватных ВНУ не выпадае наагул. Ну, а некаторыя кіраўнікі паводзяць сябе паводле мадэлі, я б сказаў, першай асобы дзяржавы.

— Вы распрацавалі свой аўтарскі курс «Гісторыя прадпрымальніцтва Беларусі». Ці запатрабаваны ён у іншых навучальных установах?

— У мяне дастаткова шмат навуковых публікацыяў, прысьвечаных гэтаму пытаньню. Праблема свае карані вядзе з ХІХ стагодзьдзя, калі гаварыць пра клясычны капіталізм. А прадпрымальнікаў у нас можна знайсьці сярод купцоў Полацкага княства. Той жа знакаміты Лазар Богша меў рамесную майстэрню і быў свайго роду прадпрымальнікам.

Калі ў свой час казалі: «Ня трэба баяцца чалавека з ружжом», то сёньня можна казаць: «Ня трэба баяцца чалавека з рублём». То бок гэты прадпрымальніцкі рэсурс у нашай краіне выкарыстоўваецца даволі слаба, а трэба, каб ён стаў сапраўды значнай велічынёй. А пакуль ад гэтага церпяць усе: і эканоміка, і грамадзтва. Я не магу сказаць, што ў гісторыі мы можам знайсьці нейкія рэцэпты па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Але калі гэта ўдавалася нашым продкам — а мы ж ня можам адмаўляць, што эканамічнага разьвіцьця Беларусі не было — дык тое, што ўдавалася нашым продкам, павінна атрымлівацца і ў нас.

Сёньня ідзе агульны наступ на гуманітарныя навукі

Думаю, што гэтая тэма будзе запатрабаваная, таму будуць запатрабаваныя і мае гістарычныя распрацоўкі. Сказаць, што з маім звальненьнем зноў у нас у гісторыі зьявіцца нейкая чорная дзіра ці белая пляма, нельга. Я ж буду працягваць свае навуковыя распрацоўкі. Пытаньне трэба разглядаць шырэй: гэта ня проста праблема адной маёй асобы — Андрэя Леанідавіча Кіштымава. Сёньня ідзе агульны наступ на гуманітарныя навукі, і, у прыватнасьці, ідзе чыстка ВНУ. А я — адзін з элемэнтаў гэтай чысткі. Гэта тэндэнцыя.

— А якія пляны на будучыню? Над чым будзеце працаваць? Што ў нас не дасьледаванае?

— Трэба засяродзіцца на тым, што ўжо было зроблена, але не пайшло яшчэ «ў народ». Ляжыць практычна гатовая манаграфія «Нарысы гісторыі прадпрымальніцтва Беларусі». Тэма маёй кандыдацкай дысэртацыі была «Беларусь на выставах ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя». На Ўсясьветных выставах ХІХ стагодзьдзя выстаўляліся і беларускія экспанаты і экспанэнты. Вялікія ў мяне напрацоўкі і па водных шляхах Беларусі.

Андрэй Кіштымаў — аўтар 300 навуковых публікацыяў, у тым ліку апошняй вялікай манаграфіі «Гісторыя беларускай чыгункі. З XIX стагодзьдзя ў стагодзьдзе XXI», адзін з аўтараў акадэмічных выданьняў — шасьцітамовіка «Гісторыя Беларусі» і «Нацыянальнага гістарычнага атлясу Беларусі», навуковага зборніка «Eastern European Railways in Transition» («Чыгункі Ўсходняй Эўропы ў пэрыяд рэформаў»), які выйшаў у Лёндане, сябра рэдакцыі часопіса «Спадчына», Беларускага камітэту ICOMOS (Міжнароднай рады па захаваньні помнікаў і памятных мясьцінаў), Асацыяцыі дасьледчыкаў гісторыі гандлю, купецтва і мытнай справы (Расея) і Міжнароднай асацыяцыі дасьледчыкаў чыгункі (Францыя).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG