Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое немаўлят у Берасьці памерлі, бо ў філярмоніі, дзе працавала маці, быў грыбок


Берасьцейская абласная філярмонія
Берасьцейская абласная філярмонія

Яшчэ некалькі супрацоўнікаў Берасьцейскай філярмоніі цяжка захварэлі праз грыбок, які разьвіўся ў падвальным памяшканьні.

У сутарэньні Берасьцейскай абласной філярмоніі выявілі небясьпечны грыбок. Будынак рэстаўруюць з 2002 году, але толькі цяпер стала вядома, што некаторыя супрацоўнікі, магчыма, якраз праз грыбок страцілі здароўе.

Экспэрты паведамляюць, што заражэньне грыбком пачалося ў 2006 годзе. Але ў разгар рэстаўрацыі на гэта не зьвярнулі асаблівай увагі. Тым часам у дзясяткаў чалавек пачаліся праблемы са здароўем, якія цяпер зьвязваюцца з працай у шкодных умовах. У сутарэньні філярмоніі выявілі 9 відаў мікраскапічных грыбоў, якія жывуць на сьценах і столі: Acremonium, Cladosporium, Aspergillus і Penicillium.

Людзі хварэлі на пнэўманію, рак лёгкіх, іншыя рэсьпіраторныя захворваньні, алергію.

Самым страшным здарэньнем сталася сьмерць нованароджаных блізьнятак. Лекары выявілі ў іх той самы грыбок, які быў у сутарэньні. Маці, 30-гадовая супрацоўніца філярмоніі, яшчэ цяжарнай хадзіла туды на працу.

Цяпер небясьпечны грыбок спрабуюць вывесьці. Супрацоўнікі філярмоніі адмаўляюцца гаварыць пра гэты выпадак, пасылаюць да дырэктара. А дырэктар філярмоніі Ігар Рубацкі супакойвае:

«Ніякіх жахаў там няма, усе камэнтары я даў карэспандэнту газэты „Советская Белоруссия“. Вядзецца праца па навядзеньні там парадку...»

У Берасьцейскай санстанцыі кажуць, што не займаюцца гэтай праблемай — маўляў, ня іхняя кампэтэнцыя, яны ня ў курсе, а грыбком займаліся экспэрты з Акадэміі навук. У інфэкцыйным аддзяленьні дзіцячай лякарні таксама адмаўляюцца нешта камэнтаваць.

Цьвільны грыбок пад павелічэньнем
Цьвільны грыбок пад павелічэньнем


Вольга Дапіенка, супрацоўніца Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі, працавала над экспэртным заключэньнем аб будынку Берасьцейскай філярмоніі:

«Мы вельмі акуратна падышлі да выкананьня гэтага заданьня. Магчыма, у сутарэньнях парушаная вэнтыляцыя. Натуральна, калі грыбы застойваюцца ў паветры, яны трапляюць у дыхальныя шляхі, а трапіўшы ў лёгкія і ў дыхальныя шляхі, яны могуць па ўсім арганізьме разносіцца з крывёю. Грыбы выклікаюць і алергію, і бранхіяльную астму.

Непасрэдную сувязь паміж грыбком і хваробамі, а тым больш дзіцячымі сьмерцямі, павінен вызначаць мэдык.

Апошнім часам грыбкі — гэта біч усяго сьвету, — кажа Вольга Дапіенка. — Калі няма нармальнай вэнтыляцыі, грыбкі зьбіраюцца. Да нас прыходзіць шмат людзей. Дзеці хварэюць на бранхіяльную астму, і хварэюць цяжка. Грыбы — гэта вельмі суровая рэч. Але палохаць людзей ня трэба. Трэба сачыць за санітарным станам памяшканьняў».

Ірына Лаўроўская
Ірына Лаўроўская

Доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская распавяла, што грыбок у філярмоніі маглі б ліквідаваць своечасова, для гэтага ёсьць адпаведныя тэхналёгіі:

«Гэты будынак дастаткова сучасны, ён збудаваны напрыканцы 30-х гадоў. І да нядаўняга часу эксплюатаваўся, і не было такіх праблемаў. Хутчэй за ўсё, праблемы выніклі зь няправільнай эксплюатацыі. Калі здарылася трагедыя, тады толькі прыцягнулі да кансультацыі, да экспэртызы навукоўцаў. Нікому не прыйшло да розуму прыцягнуць навукоўцаў адпачатку... Яшчэ ж у 2008 годзе было вядома, што ёсьць праблема... У гэтым сутарэньні да рэстаўрацыі была кавярня. Там быў іншы кліматычны рэжым, іншыя ўмовы вэнтыляцыі памяшканьня і гэтак далей...»

Ірына Лаўроўская кажа, што вінаватых у здарэньні павінна шукаць пракуратура. Пра ступень вінаватасьці супрацоўнікаў філярмоніі або рэстаўратараў спадарыня Лаўроўская гаварыць не бярэцца.

Сытуацыя вакол філярмоніі жыва абмяркоўваецца ў берасьцейскіх электронных СМІ. Некаторыя берасьцейцы выказваюць думку, што старыя будынкі правакуюць такія праблемы, таму іх трэба зносіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG