Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Уладзімер Дунаеў распавёў, чаму Беларусь нельга прымаць у Балёнскі працэс


Студэнты. Ілюстрацыйнае фота
Студэнты. Ілюстрацыйнае фота

Беларускія ўлады зацікаўленыя ў далучэньні да Балёнскага працэсу дзеля «маркетынгавых мэтаў», але не зьбіраюцца пашыраць акадэмічныя свабоды і грамадзкі ўдзел у кіраваньні вышэйшай адукацыяй.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў сябра грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар Уладзімер Дунаеў.

Камэнтуючы ціск на берасьцейскіх студэнтаў, якія падпісаліся за далучэньне да Балёнскага працэсу (збор подпісаў арганізавала агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця «Дзедзіч» — удзельнік грамадзкага Балёнскага камітэту), Дунаеў адзначае, што гэтая сытуацыя характарызуе стаўленьне ўладаў ня столькі да Балёнскага працэсу, колькі да спробаў любога грамадзкага ўдзелу ў кіраваньні сыстэмай адукацыі. Паводле ягоных словаў, беларуская дзяржава непадзельна пануе ў сыстэме адукацыі і нікому не дазваляе ў гэтую сфэру ўмешвацца — у тым ліку і студэнтам.

Уладзімер Дунаеў
Уладзімер Дунаеў

Дунаеў лічыць, што сёньня беларускія ўлады зацікаўленыя ў фармальным далучэньні да Балёнскага працэсу, але хутчэй у «маркетынгавых мэтах».

«Для чаго беларускім уладам патрэбнае далучэньне да Балёнскага працэсу? Яны гэтага і не хаваюць: дзеля таго каб нейкім чынам прыцягнуць замежных студэнтаў, прыцягнуць грошы замежных студэнтаў, паколькі фінансаваньне вышэйшай адукацыі ў нас цяпер у крызісным стане, патрэбныя грошы, якіх у краіне няма. Вось яны і думаюць, што калі Беларусь будзе фармальна прынятая ў Балёнскі працэс, гэта будзе азначаць, што беларускі дыплём каціруецца нароўні з эўрапейскім — хоць гэта, вядома, ня так», — кажа Дунаеў.

Цяпер беларуская сыстэма адукацыі не адпавядае каштоўнасьцям Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Асноўныя прэтэнзіі да Беларусі зьвязаныя зь недахопам аўтаноміі навучальных устаноў, адсутнасьцю акадэмічнай свабоды і слабым грамадзкім удзелам у кіраваньні вышэйшай адукацыяй. Гэта прынцыповыя патрабаваньні да кандыдатаў на далучэньне да Балёнскага працэсу.

Дунаеў лічыць, што сёньня значная частка рэктараў ВНУ і чыноўнікаў Міністэрства адукацыі разумеюць недахопы беларускай вышэйшай школы і падтрымліваюць некаторыя крокі ў напрамку рэфармаваньня сыстэмы адукацыі ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Балёнскага працэсу. Але ў цэлым беларускія ўлады не гатовыя лічыцца з гэтымі патрабаваньнямі: сытуацыя з акадэмічнай свабодай хутчэй пагаршаецца, ня бачна прагрэсу ў пытаньні студэнцкага ўдзелу ў кіраваньні вышэйшай адукацыяй.

«Падзеі ў Берасьці паказваюць, што ўлады зусім не гатовыя да таго, каб даць нейкі абшар для студэнцкага самакіраваньня», — падкрэсьлівае Дунаеў.

Трэба адзначыць, што ў 2015 годзе Балёнскі сакратарыят зноў будзе разглядаць заяўку Беларусі на далучэньне да Балёнскага працэсу.

«Калі ўсе застанецца так, як ёсьць сёньня, то, калі зыходзіць з тых строгіх патрабаваньняў, якія прад’яўляюцца да кандыдатаў, Беларусь нельга прымаць у Балёнскі працэс, і перадусім з-за таго, што ў Беларусі вельмі відавочна парушаюцца прынцыпы акадэмічнай свабоды», — кажа прафэсар.

Нягледзячы на гэта, Дунаеў не бярэцца прадказаць, якім будзе рашэньне па Беларусі — магчыма, яно будзе палітычным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG