Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэжым Лукашэнкі як адзін з мэханізмаў нэаімпэрыялістычнага праекту Крамля


Як у Беларусі стаў магчымы рэжым Аляксандра Лукашэнкі і чаму ён такі моцны — такія пытаньні паставіў перад сабою доктар палітычных навук Павал Вусаў і адказаў на іх у сваёй новай кнізе «Паўставаньне, фармаваньне і кансалідацыя нэа-аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі (1994–2014)». Кніга толькі-толькі выйшла па-польску. Гэта вынік шасьцігадовай навуковай і дасьледча-аналітычнай працы Паўла Вусава.

«Калі я толькі пачаў працаваць, чакалася, што ў Беларусі пачнуцца вельмі хуткія зьмены, — распавёў аўтар Радыё Свабода. — Хоць я адпачатку падыходзіў да гэтай думкі скептычна, ня верыў у хуткія трансфармацыі, зьмены. І высновы, якія я раблю ў сваёй кнізе, таксама даволі сумныя і пэсымістычныя».

Павал Вусаў тлумачыць, што ў манаграфіі хацеў адказаць на два галоўныя пытаньні:

«Першае: чаму ўвогуле ў Беларусі быў магчымы аўтарытарызм? І другое: чаму менавіта ў такой форме, у якой ён існуе зараз, ён быў магчымы пры канцы ХХ і на пачатку ХХI стагодзьдзя? Чаму беларускі рэжым настолькі трывалы і ўнутрана моцны, кансалідаваны, што аніякі зьнешні ціск, аніякія ўнутраныя праблемы ня могуць яго дэстабілізаваць і прывесьці да сур’ёзных дэмакратычных зьменаў у краіне?»

Для вызначэньня сутнасьці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі Павал Вусаў выкарыстоўвае тэрмін «нэааўтарытарызм». Ён пераконвае, што хоць постаць кіраўніка беларускай дзяржавы і ёсьць ядром гэтага рэжыму, аднак для таго, каб рэжым быў настолькі эфэктыўны, адной асобы замала:

Павал Вусаў

Павал Вусаў

«Канцэпцыя „нэааўтарытарызму“ ўзьнікла напрыканцы 80-х гадоў адносна азіяцкіх аўтарытарных рэжымаў — такіх, які Кітай, Віетнам. І датычыла трансфармацыі, адыходу ад таталітарызму і пераходу да мадыфікаванай формы аўтарытарызму, дзякуючы таму, што зьявілася недзяржаўная прастора ў эканоміцы.

Тым ня менш я шырэй разгарнуў гэтую канцэпцыю, канцэнтруючыся на тым, што ў сёньняшнім глябальным сьвеце клясычны аўтарытарызм, клясычныя недэмакратычныя рэжымы, якія не ўбіраюць у сябе новыя тэхналёгіі, новыя парамэтры цывілізацыйнага жыцьця, ня могуць існаваць. Яны абапіраюцца, з аднаго боку, на нейкія дэмакратычныя аспэкты — такія, як выбары, шматпартыйнасьць, так званы плюралізм, нават на існаваньне часткова незалежнай мэдыйнай прасторы і апазыцыі. І разам з тым абіраюць такія інфармацыйныя тэхналёгіі, як інтэрнэт, спадарожнікавае тэлебачаньне.

Выкарыстоўваюць гэтыя тэхналёгіі і нейкі абмежаваны плюралізм менавіта для большага кантролю грамадзтва, для звужэньня дэмакратычнага поля. То бок дэмакратычныя мэханізмы і элемэнты выкарыстоўваюцца для кансалідацыі аўтарытарнага рэжыму».

Пэсымізм дасьледчыка наконт дэмакратычных пераменаў у Беларусі тлумачыцца зьменамі, якія адбываюцца ў рэгіёне, дзе галоўную пагрозу складае Расея.

«Побач зь Беларусьсю фармуецца і, па сутнасьці, ужо кансалідавалася новая імпэрыя пад кантролем Расеі, а менавіта Эўразійскі зьвяз. І Беларусь вельмі моцна ўцягнутая ў гэтыя імпэрскія праекты, — кажа Вусаў. — У хуткім часе мы не дачакаемся сур’ёзных палітычных зьменаў у Беларусі. Бо недэмакратычны рэжым у Беларусі — гэта асноўны мэханізм, які выкарыстоўвае Расея ў будаваньні свайго нэаімпэрыялістычнага праекту, каб утрымліваць Беларусь у сфэры свайго ўплыву. Бяз моцнай падтрымкі з боку Расеі, без рэгулярных грашовых уліваньняў стабільнасьць беларускага рэжыму была б немагчымая».

У хуткім часе мы не дачакаемся сур’ёзных палітычных зьменаў у Беларусі

Вусаў заўважае, што беларускі рэжым мэтанакіравана карыстаўся падтрымкай з Расеі дзеля свайго ўмацаваньня.

«Лукашэнка і палітычная ўлада ў Беларусі выкарыстоўвалі гэтую падтрымку не дзеля таго, каб будаваць свае ўласныя „палацы“, а для вырашэньня, няхай і ў абмежаваных парамэтрах, сацыяльных праблемаў. Што і стварыла пазытыўную глебу для сацыяльнай падтрымкі сёньняшняга палітычнага рэжыму», — мяркуе ён.

Вядома, для пераменаў у Беларусі патрэбная сур’ёзная трансфармацыя грамадзтва і апазыцыі, аднак гэта амаль немагчыма, пакуль сама палітычная сыстэма не аслабне.

«Для пачатку зьменаў у Беларусі будуць патрэбныя два фактары: перш за ўсё, гэта зьмены ў Расеі — сур’ёзны палітычны і эканамічны крызіс, які, безумоўна, паўплывае і на Беларусь. І другі — гэта сур’ёзныя праблемы ўнутры палітычнай эліты ў самой Беларусі. Гэта можа быць зьвязана з хваробай ці слабасьцю Лукашэнкі і пачаткам перадзелу ўлады, як гэта было ў Савецкім Саюзе ў 80-я гады».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG