Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неяк хлопец зь вёскі на Гомельшчыне Іван Осіпаў падзяліўся сваім досьведам таго, як ён прыйшоў да Беларускай Ідэі:

– Я зразумеў, колькі мне ўсяго бракуе ўнутры, мне трэба было запоўніць пустоцьце: я пачаў скупляць беларускія кнігі, беларускую музыку. Прага напоўніць жыцьцё родным і знаёмым, тым, што ў мяне адабралі, недадалі, была вельмі моцная. Тым, што адабралі, а я знайшоў!

***

Абмяркоўваем з фрэндамі беларускую мову спартовага камэнтатара Паўла Баранава падчас Чэмпіянату па футболе. Як па мне, дык найлепшы варыянт з тых, што я чуў перад тым. Са мною згодныя некаторыя іншыя: «Я Баранава адразу адзначыў! Вельмі падабаецца яго камэнтар!».

Зь іншага боку ідуць водгукі: «Трэба вярнуць на курсы беларускай мовы спачатку», «Няблага б яшчэ й якасьць мовы ўзьняць. Калі ўжо ўзяліся камэнтаваць па-беларуску».

І раптам да мяне даходзіць, што тыя, хто вызначаюць якасьць літаратурнай беларускай мовы канкрэтнага спартовага камэнтатара, самі калісьці прыйшлі да адкрыцьця «таго, што недадалі» ў свой час у дзяцінстве.

І што рафінаваную літаратурную беларускую мову маглі чуць з вуснаў нешматлікіх у іхным дзяцінстве дзеячоў культуры. Ды й ня факт, што ў тых дзеячоў быў той узровень, якому вучаць, напрыклад, у тэатральных ВНУ.

І што натуральную беларускую мову мае суразмоўцы маглі чуць адно на вёсцы.

«Э-не, што гэта за беларуская мова такая? Не! У нас на вёсцы так не гавораць!» – заяўляе адданы носьбіт беларускай ідэі, і ставіць крыж на якасьці, напрыклад, мовы фільма, ці спэктакля.

«Э-не, а што гэта за «Горадня» такая? «Гародня» трэба казаць», «А я чуў, што «Гродна» казалі ўжо і больш за сто гадоў таму».

А як казалі, напрыклад, тысячу гадоў таму? І ня важна, што спэцыялісты шукалі, аналізавалі, і як нанасныя слаі сашкрэблі з пэргамэнту «Гродна», «Гродно», «Grodno» ды іншыя варыяцыі на тэму, і прыйшлі да сутнасьці пытаньня.

І вось два бакі адной справы – беларускай.

Адныя, як археолягі, здымаюць нанасныя слаі чужых культур, каб дакапацца да сутнасьці, і ад знойдзенай сутнасьці ўжо выступаць у ролі будаўнікоў – свайго новага дому.

Другія – ва ўжо створаным кімсьці чужым доме, робяць свой «беларускі закуток», нібы аддзел у краязнаўчым музэі.

Нельга блытаць нацыятворчы працэс з краязнаўствам!

У сваім новым створаным доме трэба вызначыць плошчу для краязнаўчага музэю, дзе будзе месца экспанатам з усіх культурных пластоў. Там будзе месца і «Гродно» і «Grodno», і ўсім іншым культурным уплывам, якія зьведала Беларусь.

***

Беларуская мова дагэтуль успрымаецца як нейкі непарушны сакральны маналіт, дзе ў жывой гаворцы не дапускаюцца дыялектызмы, новадыялектызмы, гутарковыя гарадзкія варыянцыі і звычайнае старое і новае прастамоўе. І новы/абноўлены канон.

Зь іншага боку, гэты маналіт кожны бачыць па-свойму – «як у нас гаварылі».

Хтосьці зьбірае да кучы разасобленыя факты і артэфакты – прыватную калекцыю беларушчыны.

Хтосьці спрабуе расшыфраваць папярэднікаў. Каб зь пярэстага поля фактаў і артэфактаў, з калекцыі зрабіць свой новы – аўтарскі – узор: сучасную Беларусь.

Калекцыянэры і аўтары – два кірункі – мусяць сысьціся ў адным бачаньні. І будзе цэласная карціна.

Тая карціна, якой мы – захопленыя беларускай ідэяй, зможам зацікавіць тых, хто побач.

Са сьвежых плёнаў дамаўленьня між «калекцыянэрамі» і «аўтарамі» я бачу ўвод ва ўжытак беларускай лацінкі, «Пагоню» на сьцягу Віцебскай вобласьці і ўсталяваны ў Віцебску помнік Альгерду.

Мала? А колькі ўжо дыскусій па сабжы адбылося ў шырокіх колах, і колькі адбудзецца! Шырокія дазналіся пра тое, што перад тым абмяркоўвалі вузкія спэцыялісты і аматары. Дазналіся, і незалежна ад свайго стаўленьня маюць як факт жыцьця.

Мы ўжо «запоўнілі пустоцьці» ўнутры сябе, і спрыяем запаўненьню ў навакольнай ад нас прасторы.

Проста трэба паразумецца і рабіць супольную справу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG