Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Славянску: Людзі думалі, што вяртаецца Савецкі Саюз


Чарга па гуманітарную дапамогу ў Славянску

Чарга па гуманітарную дапамогу ў Славянску

Ці вяртаюцца ў вызвалены Славянск уцекачы? Як жыў горад пад уладаю сэпаратыстаў і што там адбываецца цяпер? Ці застанецца ў будучыні небясьпека ідэяў сэпаратызму ў гэтым горадзе Данецкай вобласьці Ўкраіны? На такія пытаньні беларускай службы Радыё Свабода адказаў жыхар Славянску.

Ігар у часе захопу гораду прыхільнікамі гэтак званай «Данецкай народнай рэспублікі» зьехаў разам з жонкай у суседні горад Сьвятагорск, дзе мае працу. Ягонае начальства прапанавала жытло сем’ям сваіх супрацоўнікаў з Славянску.

Ігар кажа, што ўжо больш за месяц ня быў дома, пра сытуацыю ведае найперш з тэлефанаваньняў, а таксама ад людзей, якія выехалі са Славянску нядаўна.

Ігар расейскамоўны, аднак да прыхільнікаў «ДНР» адразу ж паставіўся адмоўна. Ён лічыць, што лепей заставацца ў складзе Ўкраіны.

— Ігар, што вы чулі, ці былі баі ў Славянску ў часе ўваходу ўкраінскіх войскаў?

— У пасёлку Паўночны была зачыстка тых баевікоў, якія засталіся. Бо, відаць, ня ўсе пасьпелі зьехаць. Можа, ня ўсіх праінфармавалі, што ўцякаюць...

— Ці вяртаюцца дахаты жыхары, якія зьехалі з Славянску?

— Учора знаёмы спрабаваў праехаць у Славянск, але яго не прапусьцілі. Сказалі — тры дні ня будуць пускаць. Там цяпер зачысткі, ходзяць па спальным мікрараёне, спраўджваюць пашпарты, адлоўліваюць тых, хто з аўтаматамі бегаў па барыкадах. Я так думаю, што ў аўторак можна будзе паехаць. Я больш чым на дзень не паеду, там ні сьвятла, ні вады, дый на працу ў Сьвятагорску трэба.

А выехала шмат. Толькі ў Сьвятагорску, паводле афіцыйных дадзеных, было каля 20 тысяч уцекачоў з Славянску. Гэта яшчэ больш за тыдзень таму такія дадзеныя былі.

— Ці моцна разбураны горад? Ці цэлае ваша жыльлё?

—У мой пад’езд трапілі... Пяціпавярховы панэльны дом, балванка трапіла ў лесьвічны пралёт на пятым паверсе. Ну, у пад’езьдзе нікога не было, там 15 кватэр, і ўсе адтуль зьехалі. Мая кватэра на першым. Але з-за таго, што проста балванка, то разбурэньні ў нашым пад’езьдзе невялікія. І вокны цэлыя.

Кажуць, што ў горадзе былі марадэрствы. Мясцовыя, карыстаючыся тым, што безуладзьдзе, спрабавалі там з крамаў пацягаць прадукты. Гэта ў той час, як сышлі сэпаратысты, і да таго, як прыйшла ўкраінская армія. Яна ж не адразу зайшла.

Калі ўцякалі «апалчэнцы», то пазабіралі ў людзей аўтамабілі і на іх паехалі. А сярод звычайных людзей ад украінскай арміі ніхто не ўцякаў. Во, у суботу ў Сьвятагорск прыехала сям’я з Славянску. То казалі, што каб ведалі, што «дээнэраўцы» сыдуць, то і не выяжджалі б.

— Расейскія СМІ паведамляюць пра рэпрэсіі ўкраінскіх войскаў да жыхароў Славянску. Што пра гэта можаце сказаць?

— Шмат ходзіць непацьверджанай інфармацыі — быццам украінскія вайскоўцы людзям надзяваюць на галовы мяшкі і прымушаюць сьпяваць гімн Украіны. А «Лайфньюз» перадаў, што ў Славянску цяпер разьня ідзе... Сваяк з Геленджыку званіў, нагледзеўшыся расейскага «Лайфньюзу», ды пытаўся, што там у вас адбываецца, ці праўда, што прыйшлі ўкраінцы ды забіваюць усіх...

Але мой сябар учора праехаў увесь горад на ровары, то кажа — ніякіх там рэпрэсіяў, усё спакойна. Людзей столькі выйшла на вуліцу, што ня думалі, што столькі яшчэ ў Славянску засталося. Усе выходзяць, і ніхто ўжо не баіцца. Даюць дапамогу — кіляграм цукру, кіляграм крупаў, пару бутэлек вады на чалавека.

У Сьвятагорску колькі тут знаёмых, нават з тых, што падтрымлівалі «ДНР», — калі «апалчэнцы» сышлі, яны ўсе ўздыхнулі з палёгкай. Хоць Славянск разбурацца ня будзе, ды ўсё астатняе.

— Як жыхары Славянску ставіліся да таго, што сэпаратысты страляюць па ўкраінскіх войсках з жылых кварталаў?

Жыхары выходзілі, заклікалі не страляць з жылых кварталаў, каб не правакаваць войска

— Знаёмыя распавядалі, што прыяжджала ў спальныя раёны гэтая артылерыйская ўстаноўка «Нона» страляць па ўкраінскіх войсках. То жыхары выходзілі, заклікалі не страляць з жылых кварталаў, каб не правакаваць войска. Або было відэа ў інтэрнэце, дзе баевікі стралялі з гэткіх дзьвюх «Нонаў» з-за царквы пратэстанцкай і адразу назад уцякалі. Пры гэтым на абедзьвюх «Нонах» было напісана «На Львоў». Зрабілі па стрэлу, і адзін крычыць — давай, усё, зьяжджаем, бо зараз сюды міны прыляцяць.

У суботу, распавядаў чалавек, стрэл быў з барыкады «апалчэнцаў», і трапілі ў хату ў прыватным сэктары. Прыехалі на машыне, паглядзелі, завярнуліся і зьехалі...

У мяне двое такіх знаёмых, якія таксама напачатку бегалі з сэпаратыстамі, а потым расчараваліся і сышлі адтуль. З адным сустрэўся на рынку, то ён казаў, што месяц пабыў там і зразумеў, што гэта далёка ня лепшыя людзі.

— Ці праўда, што ў час улады сэпаратыстаў у Славянску былі рэпрэсіі ў дачыненьні да ўкраінскамоўных?

— Украінскамоўныя тут у асноўным сёлы вакол Славянску, а ў самім горадзе людзі па-расейску размаўляюць. Але раней нікога тут моўнае пытаньне не напружвала. Што па-расейску, што па-ўкраінску — усё адно... Досыць талерантны горад быў, пакуль усе гэтыя падзеі не пачаліся. А ў часе ўлады сэпаратыстаў быў перасьлед украінскамоўных. Тыя людзі, якія размаўлялі па-ўкраінску, выклікалі ў іх падазрэньні на прадмет прыналежнасьці да «Правага сэктару». Яны з «Правым сэктарам» пастаянна ваявалі, ён ім увесь час мроіўся... То татуіроўкі спраўджвалі на плячах, каб не было надпісаў за Ўкраіну. А за сымболіку, за сьцяг украінскі чакала расправа, вядома...

Што па-расейску, што па-ўкраінску — усё адно... Досыць талерантны горад быў, пакуль усе гэтыя падзеі не пачаліся

— Пасьля вызваленьня Данбасу, на ваш погляд, ці будзе заставацца ў Славянску гэтая небясьпека сэпаратызму?

— Вядома, у нейкай ступені гэтыя ідэі застануцца. Але пасьля ўсіх гэтых падзеяў — я думаю, што няшмат застанецца тых, хто за гэта будзе актыўна змагацца. Яны пабачылі, што гэта нясе. Гэта для людзей нічога не дае, гэтая самастойнасьць непатрэбная і Расеі. Людзі думалі, што вяртаецца, напэўна, Савецкі Саюз. Што зараз Расея іх далучыць, і ў іх адразу павысяцца пэнсіі, яны адразу стануць жыць-прыпяваць. Такое ўражаньне, як замбаваньне якое...

Але я думаю, што многія гарачыя галовы пасьпелі ўжо астыць. Зразумелі, што нічога, акрамя крыві, ахвяраў ды разбурэньняў, гэта не нясе. Расеі яны ўсё-ткі аказаліся непатрэбнымі. Гэта быў такі манэўр, які адцягваў увагу ад Крыму. Пра Крым цяпер ніхто ня ўзгадвае, усе думаюць пра Данбас.

XS
SM
MD
LG