Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнаморац: Толькі праўкраінская пазыцыя УПЦ выратуе Маскоўскі патрыярхат ва Ўкраіне ад гневу народа


Юры Чарнаморац (Юрій Чорноморець)
Юры Чарнаморац (Юрій Чорноморець)

7 ліпеня ў Кіева-Пячэрскай лаўры пахавалі мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны УПЦ Маскоўскага патрыярхату Ўладзімера.

Новага мітрапаліта, кіраўніка Ўкраінскай праваслаўнай царквы, абяруць праз 40 дзён. Хто можа стаць пераемнікам Ўладзімера? Ці магчымы ва Ўкраіне беларускі сцэнар, калі кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы зацьвярджае Сынод Рускай праваслаўнай царквы і патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі?

Меркаваньні ўкраінскага і беларускага экспэртаў выслухала Іна Студзінская.

Доктар філязофскіх навук, рэлігіязнаўца, праваслаўны багаслоў Юры Чарнаморац апавёў Радыё Свабода, што абстаноўка ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве спакойная. Мітрапаліт Уладзімер хварэў даўно, і бліжэйшае кола сваіх памочнікаў і пераемнікаў ён даўно ўжо вызначыў. Гэта людзі, якія любяць Украіну, любяць царкву, яны манахі, кажа Юры Чарнаморац:

«І якія-небудзь спробы з боку крайне прарасейскіх ці крайне праўкраінскіх сіл дэстабілізаваць абстаноўку ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве і на гэтай хвалі прыйсьці да ўлады, хутчэй за ўсё, будуць, і яны ўжо пачаліся. Хоць мітрапаліт Уладзімер яшчэ не пахаваны, а ўжо мы маем справу са зьлівам, умоўна кажучы, кампрамату (хоць гэта ніякі не кампрамат, а мана). Але гэтыя спробы ўсе праваляцца».

Некалькі месяцаў таму, пасьля адстаўкі Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта маскоўскі патрыярх Кірыл зацьвердзіў кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы тагачаснага архіяпіскапа Разанскага і Касімаўскага Паўла. Ці магчымы такі варыянт ва Ўкраіне, калі Масква прызначыць пераемніка Ўладзімеру? Гісторык Анатоль Сідарэвіч, які ўважліва сочыць за падзеямі ва Ўкраіне, кажа, што такога разьвіцьця падзеяў ва Ўкраіне быць ня можа:

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

«Сам статут не прадугледжвае прызначэньня, таму што гэта самакіраваная царква. Прызначаць япіскапаў, узводзіць іх на катэдры — гэта ўсё вырашае сама царква. Яна толькі выбірае прадстаяльніка і просіць патрыярха яго зацьвердзіць. Гэта статутам прадугледжана. А ў нас экзархат, а не самакіраваная царква. А экзарха прызначае Сынод Рускай праваслаўнай царквы ў Маскве».

Любую, нават самую выбітную асобу з Масквы ўкраінскі епіскапат ня прыме — грамадзтва, украінскі народ гэтага не зразумее, перакананы рэлігіязнаўца, праваслаўны багаслоў Юры Чарнаморац. Бо, з аднаго боку, украінская ўлада гарантавала Ўкраінскай праваслаўнай царкве і ўсім вернікам усе правы. То бок рэлігійная свабода ва Ўкраіне абароненая, дый грамадзтва вельмі насьцярожана ставіцца да любых спробаў штосьці навязаць з Масквы. Толькі праўкраінская пазыцыя Ўкраінскай праваслаўнай царквы ўратуе Маскоўскі патрыярхат ва Ўкраіне ад гневу народа, кажа Юры Чарнаморац:

«Любы чалавек, прысланы з Расеі, не набярэ больш за 5% епіскапату, але ўсё ж абіраць павінен епіскапат. У нас царква мае прынцыпова большыя правы, чым у Беларусі. Павінны адбыцца выбары, у якіх бяруць удзел япіскапы, і сярод япіскапаў ёсьць ужо вызначаная думка, ёсьць большасьць».

Што да магчымых пераемнікаў памерлага патрыярха Ўладзімера, Юры Чарнаморац выказаў такое меркаваньне:

«Гэта альбо сёньняшні ягоны заступнік мітрапаліт Ануфры, альбо кіраўнік спраў мітрапаліта Антоні. З аднаго боку, яны карыстаюцца падтрымкай і ўкраінскіх япіскапаў, і ўкраінскай палітычнай супольнасьці. З другога боку, яны абодва — прымальныя кандыдатуры для патрыярха Кірыла».

На думку гісторыка Анатоля Сідарэвіча, што да пераемніка мітрапаліта Ўладзімера, то вялікія шанцы ў заступніка — Ануфрыя. Яго вельмі шануюць і вернікі, і сьвятары:

Я думаю, што якраз інстынкт самазахаваньня, захаваньня Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату будзе перш за ўсё дыктаваць архірэям выбар

«Ён чалавек старой маскоўскай загартоўкі, але ён застаецца чалавекам цэнтру. То бок ён ня рэзка ўкраінкі, але і ня рэзка прамаскоўскі. І ён зараз будзе гэты балянс вытрымліваць. А япіскапы, сабраўшыся на свой сабор, будуць выбіраць, мусіць, чалавека, які будзе больш украінскім, чым прамаскоўскім. Бо інакш чалавек прамаскоўскі пагражае новым расколам Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Я думаю, што якраз інстынкт самазахаваньня, захаваньня Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату будзе перш за ўсё дыктаваць архірэям выбар».

Дакладна вядома, што патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл на пахаваньне памерлага патрыярха Ўладзімера ў Кіеў не паехаў. Што да кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы, на афіцыйным партале БПЦ сёньня зьявіліся спачуваньні Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла ў сувязі са сьмерцю Ўладзімера, мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны. У эпархіі сёньня выходны, і даведацца, ці паехаў хто на пахаваньне Ўладзімера ў Кіеў, не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG