Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вытворцы малака Магілёўскай вобласьці атрымалі права самастойна вызначацца з цаной і пакупнікамі сваёй прадукцыі.

Экспэрымэнт пачнецца праз тыдзень, а дазвол на яго даў сёньня кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, наведваючы сыраробны завод у Бялынічах, перадае БелТА.

Гэты завод уваходзіць у структуру холдынгу «Бабушкина крынка». Дырэктар холдынгу Ігар Кананчук паскардзіўся: кампанія б хацела пашыраць сваю зону малочных закупаў на тэрыторыі вобласьці, аднак гэтаму перашкаджаюць мясцовыя абмежаваньні.

Лукашэнка прарэагаваў на скаргу так:

«Давайце дамовімся: праз тыдзень у Магілёўскай вобласьці ў якасьці экспэрымэнту ўводзіцца свабоднае цэнаўтварэньне і доступ спажыўца малака да вытворцы. Пераможаш ты — значыць, усё тваё малако ў Магілёўскай вобласьці. І ніхто нас не папракне. Мы свабодна далі ўзяць зону сыравіны».

«Магілёўская вобласьць была і застаецца зонай сьмелых экспэрымэнтаў», — адзначае эканаміст Міхась Залескі:

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«І гэта чарговы сьмелы экспэрымэнт на жывым чалавеку. Таму што такія рэчы раптам ня ўводзяцца. Скажам, брытанцы, калі стваралі сваю раду па малацэ, дык у іх была праграма на 50 год — з 1934 па 1984. Я перакладаў кнігу з ангельскай мовы пра гэтую раду, і таму добра ведаю гэтую тэму. І яны выконвалі сваю праграму, нягледзячы на войны, пэртурбацыі ды ўсё астатняе.

А тут — шарах, бабах! Нейкія „10 дзён, якія ператрэсьлі сьвет“. Так рабіць нельга.

Хоць ідэя вольнага цэнаўтварэньня панавала за царскім часам. І ўсё працавала добра. Было шмат пасярэднікаў. І беларускія малочныя прадукты таксама даходзілі да глябальнага рынку».

XS
SM
MD
LG