Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпутацыю жорсткага крытыка створанай Уладзімірам Пуціным у Расеі палітычнай сыстэмы гісторык Юрый Фельштынскі, які жыве ў ЗША, набыў пасьля выхаду ў сьвет кнігі «ФСБ падрывае Расею», напісанай ім у суаўтарстве з Аляксандрам Літвіненкам. Адкрытую расьсьледаваньнем прычынаў выбухаў жылых дамоў у 1999 тэму Фельштынскі разьвіў у наступнай працы — напісанай у суаўтарстве з палітолягам Уладзімерам Прыбылоўскім кнізе «Карпарацыя: Расея і КДБ у часы прэзыдэнта Пуціна».

У інтэрвію Радыё Свабода Юры Фельштынскі адказвае на пытаньні аб тым, як разьвіцьцё падзей на Ўкраіне ў апошнія паўгода паўплывала на характар пуцінскага рэжыму:

Юры Фэльштынскі

Юры Фэльштынскі

— Прынамсі з сакавіка ініцыятыва ў палітычных дзеяньнях, якія мы назіраем, належыць расейскаму боку, як бы гэтыя дзеяньні ні называць — агрэсіяй ці вызваленчай місіяй. А ўвесь астатні сьвет сутаргава спрабуе зразумець, як рэагаваць на гэтыя дзеяньні Масквы. Таго, з чым мы цяпер сутыкнуліся, Эўропа ня бачыла з 1945 году; пра сытуацыю, калі адна эўрапейская дзяржава адхоплівае ў суседа частку тэрыторыі, Эўропа ўжо даўным-даўно забылася. Як усе гэтыя падзеі ўплываюць на сам рэжым Пуціна? У першую чаргу — вельмі моцна зрушылася плянка дапушчальных дзеяньняў. Мы цяпер глядзім на расейскія праблемы, якія раней нам здаваліся глябальнымі, як на нейкія дробязі, якія суправаджаюць сур’ёзныя зьмены расейскай палітыкі ў дачыненьні да ўсяго сьвету.

Усе гэтыя гады — пачынаючы дзесьці з 1989 году, а ўжо тым больш з 1991 году — Расея стратэгічна павярнулася ў бок цывілізаванага сьвету. Савецкі Саюз, які аніяк нельга было аднесьці да цывілізаваных краінаў, пад Гарбачовым, а потым і Расея — павярнуліся да Эўропы і спрабавалі стаць часткай эўрапейскай цывілізацыі. Гэты пэрыяд працягваўся прыкладна да 2000 году — з усялякімі агаворкамі, з прыпынкамі, канфліктамі, Расея, тым ня менш, бачыла сябе часткай эўрапейскай цывілізацыі. Пасьля 2000 году скептыкі накшталт мяне пачалі біць трывогу ў сувязі з тым, што да ўлады ў Расеі прыйшоў былы супрацоўнік КДБ. Гэтыя скептычныя ацэнкі апынуліся справядлівымі, больш за тое — яны нават апынуліся ў нейкім сэнсе заніжана справядлівымі; рэальнасьць апынулася горшай, чым самыя дрэнныя асьцярогі.

Сёньня Пуцін ужо ня ставіць перад сабой задачу сядзець за агульным сталом зь лідэрамі эўрапейскіх дзяржаў і цывілізаванага сьвету. Яго задача — размаўляць з усім сьветам з пазыцыі сілы, і ў гэтым сэнсе Пуціну, увогуле пляваць на тое, ці застаецца ён чальцом групы дэмакратычных лідэраў ці не. Зразумела, што пакуль гаворка не ідзе пры адкрытую, глябальную вайну. З Пуціным будуць сустракацца і размаўляць, але за агульны стол сяброў, якія ўсьміхаюцца адзін аднаму, расейскага лідэра, вядома, ужо не пасадзяць. І ў гэтым сэнсе, на жаль, Пуціну таксама няма чаго губляць. Цяпер ён можа сабе дазволіць размаўляць з Эўропай і з ЗША натуральнай для яго мовай — гэта, на жаль, мова ня моцна адукаванага афіцэра КДБ.

— Калі так, скажыце, што адыграла вялікую ролю ў стратэгічным зьмяненьні палітыкі Расеі? Украінскі крызіс — гэта вынік сытуацыйнай рэакцыі крамлёўскай эліты на разьвіцьцё падзеяў у суседняй краіне ці гэта ўсё ж такі ў большай ступені лягічны вынік мутацыі, зьмяненьняў пуцінскага рэжыму?

— Па-першае, я думаю, што мы павінны забыць пра эліту ў Расеі. У пэрыяд яшчэ да 2004 году можна было падазраваць, што нейкая новая эліта ў Расеі сфармавалася, і гэтая эліта хоць мінімальна мае дачыненьне да кіраваньня дзяржавай. Цяпер ужо зразумела, што ніякай эліты няма.

мы павінны забыць пра эліту ў Расеі

Ёсьць дастаткова жорстка адбудаваная вэртыкаль улады. У канцы 15-гадовага шляху ўсё, што мы маем у Расеі, — гэта дыктатура. Гэта дыктатура ня сталінскага тыпу, а хутчэй мяккая дыктатура фашысцкага тыпу, як пры Мусаліні або раньнім Гітлеры. Дыктатура пры адкрытасьці мяжы — а пры Сталіне межы былі зачыненыя, пры рынкавай эканоміцы — а пры Сталіне ніякай рынкавай эканомікі не было, без канцэнтрацыйных лягераў, бяз масавых палітычных рэпрэсіяў. Але гэтая мяккая дыктатура ў любы момант можа ператварыцца і ў больш жорсткую дыктатуру — проста па законах жанру.

— Калі Вы кажаце пра фашызм, што Вы ўкладваеце ў гэта паняцьце? Карпаратыўная будова грамадзтва, унутраная схема яго арганізацыі па італьянскім або нямецкім прыкладах сярэдзіны ХХ стагодзьдзя?

— У асноўным і ў вялікай ступені Расеяй кіруюць альбо былыя супрацоўнікі КДБ (накшталт Пуціна, Сяргея Іванова, Віктара Іванова, Ігара Сечына), альбо людзі, якія з-за ідэалягічных меркаваньняў (як Рагозін), або з-за прыяцельскіх адносінаў (як Мядзьведзеў), або з-за фінансавых меркаваньняў цяперашні расейскі рэжым падтрымліваюць. Думаю, толькі цяпер, у 2014 годзе, яны нарэшце разумеюць, для чаго быў увесь пэрыяд з 1991 году — увесь гэты пэрыяд, з іх пункту гледжаньня, быў падрыхтоўчым для новага этапу, які пачаўся з анэксіі Крыму. Нават расейска-грузінская вайна 2008 была «падрыхтоўчай пробай» — з аднаго боку, расейскіх сілаў, а з другога боку, праверкай таго, як Захад адрэагуе на выкарыстаньне Расеяй свайго войска за мяжой, адказам на пытаньне, прыме па змаўчаньні Захад вынікі гэтай вайны або ня прыме. Захад дазволіў расейскай арміі весьці агрэсіўныя дзеяньні (я кажу гэта безадносна палітычных, эмацыйных, нацыянальных сымпатый, безадносна таго, наколькі мела або ня мела рацыю Грузія ў абхазскім і асэтынскім пытаньні) — і нічога не зьмянілася. І вось тое, што пасьля 2008 году ў адносінах паміж Расеяй і Эўропай, Расеяй і ЗША нічога не зьмянілася, для Пуціна, вядома, стала сур’ёзным указаньнем на тое, што можна рухацца далей. І цяпер надышла чарга Ўкраіны. Напэўна, падзеі на Майдане, уцёкі Януковіча справакавалі гэты канфлікт. Але я абсалютна перакананы ў тым, што ў Крамлі ёсьць нейкі агульны стратэгічны плян, можа быць, нават ня плян, а нейкая філязофская канцэпцыя. Сутнасьць яе зводзіцца да таго, што людзям у Крамлі нарэшце стала зразумела, навошта ўсе гэтыя гады яны трывалі, прыніжаліся перад алігархамі, усьміхаліся дэмакратам, і сваім, і замежным. Падпарадкаваўшы сабе краіну — прычым Расея падпарадкаваная і з пункту гледжаньня палітыкі, і з пункту гледжаньня эканомікі, і з пункту гледжаньня зьнішчэньня інструмэнтаў, якія могуць супрацьстаяць уладзе, накшталт інстытута свабоднай прэсы, — яны скончылі падрыхтоўчы пэрыяд. Цяпер пачынаецца новы этап: Расея спрабуе вярнуць сабе тыя тэрыторыі, якія калі-небудзь належалі Савецкаму Саюзу або Расейскай імпэрыі.

Калі Пуцін стаў гаспадаром Крыма, то з усіх бакоў, і з Амэрыкі, і з Эўропы, яму былі пасланыя сыгналы: скажыце, што на Крыме ўсё канчаецца, і мы будзем жыць па-старому. Але Пуцін такой заявы не зрабіў — наадварот, ён стаў гаварыць пра Наваросію, пра выпраўленьне гістарычнай несправядлівасьці 1991 году. Так што пачаты ў сакавіку 2014 году канфлікт — гэта сур’ёзна і надоўга. Ніякую тэрытарыяльную праблему (за выключэньнем, можа быць, крымскай, бо на паўвостраве стаяў сур’ёзны расейскі гарнізон і там з ваеннага пункту гледжаньня, уласна, ня шмат што трэба было рабіць) хутка і бяскроўна ня вырашыць, мы гэта бачым па гісторыі з Луганскай і Данецкай «народнымі рэспублікамі».

Пуцін зразумеў, мне здаецца, што ў яго ёсьць яшчэ чатыры гады для вырашэньня зьнешнепалітычных праблемаў Расеі

Паколькі Пуцін, я думаю, доўга аналізаваў сытуацыю з пункту гледжаньня рэакцыі заходніх краінаў, адзін момант для яго апынуўся галоўным. Гэты момант заключаецца ў пазыцыі прэзыдэнта ЗША. Прэзыдэнт Абама ў свой час прыйшоў да ўлады для таго, каб скончыць дзьве вайны — у Аўганістане і ў Іраку. Уласна кажучы, гэтыя задачы для прэзыдэнта Абамы былі галоўнымі. І калі ён быў пераабраны на другі тэрмін, Пуцін зразумеў, мне здаецца, што ў яго ёсьць яшчэ чатыры гады для вырашэньня зьнешнепалітычных праблемаў Расеі. Таму што наступны амэрыканскі прэзыдэнт — незалежна ад таго, ці будзе гэта дэмакратычны прэзыдэнт або рэспубліканскі, — безумоўна, зойме ў дачыненьні да Расеі больш жорсткую пазыцыю.

— Зразумела, што такога кшталту апэрацыі, як крымская, патрабуюць унутранай кансалідацыі рэжыму і, з другога боку, самі вядуць да павышэньня мабілізацыйнай гатоўнасьці грамадзтва. Пуцінскі рэжым, паводле Вашых ацэнак, стаў унутрана мацнейшым за апошнія паўгода?

— Я ніколі не належаў да крытыкаў рэжыму, якія лічылі, што пуцінскі рэжым хутка ўпадзе, што ён ня можа доўга праіснаваць так, як ён існуе, што Пуціну засталося, як палітычнаму дзеячу, жыць некалькі месяцаў, максымум год. Я заўсёды лічыў, што пуцінскі рэжым — гэта надоўга. Але вось цяпер я лічу, што гэты рэжым, можа быць, — і ненадоўга, менавіта таму, што Пуцін пачаў актыўныя агрэсіўныя зьнешнепалітычныя дзеяньні. Зразумела, што пуцінскі рэжым ня мог пасьці бязь ціску звонку, і зразумела было, што гэтага ціску звонку ня можа быць, таму што навошта ж ціснуць на Расею, дзе прэзыдэнтам зьяўляецца, быццам бы дастаткова прагрэсіўны, праэўрапейскі, праамэрыканскі палітычны дзеяч, калі параўноўваць яго з усімі папярэднімі? Пуцін, вядома, ніколі ня быў дэмакратам з пункту гледжаньня Захаду, але ён быў абсалютна нармальным партнэрам, зь якім можна было размаўляць. З часам у Расеі праз вэртыкаль улады створаная сыстэма, пры якой жыцьцё насельніцтва краіны адарванае ад дзеяньняў Крамля — як пры савецкай уладзе. Пуцін, уласна, вярнуўся да гэтай савецкай сыстэмы — калі Крэмль кіруе Расеяй, а ўсё астатняе насельніцтва да гэтага працэсу дачыненьня ня мае.

Я не адважыўся б лічыць, што Ўкраіна — слабы праціўнік, які хутка здасца. Спроба імгненна стварыць так званую Наваросію захлынулася. У той жа час слова «хутка» таксама трэба ставіць у двукосьсі, таму што сусьветныя войны ў фармаце месяцаў не аналізуюць, кожны дзень вайны не прыносіць сур’ёзных стратэгічных зьмяненьняў у расстаноўцы сіл. Тое, што бачу ў апошнія месяцы з боку, — расейскае кіраўніцтва робіць вельмі шмат-шмат розных маленькіх крокаў, якія паказваюць на адзін-адзіны глябальны, стратэгічны напрамак: краіна рыхтуецца да вайны. Якімі сіламі і якім коштам будзе праводзіцца гэтая вайна — мы цяпер ня ведаем. На жаль, паколькі ў Расеі няма інструмэнтаў свабоднай прэсы, мы ня можам даведацца, як на самай справе насельніцтва сёньня ставіцца да Пуціна і да таго, што адбываецца. Можна цяпер даваць якія заўгодна лічбы — 86 адсоткаў падтрымкі, 75 адсоткаў падтрымкі, але ім нельга верыць, — лічыць гісторык Юрый Фельштынскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG