Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Марыюпаля распавёў пра жыцьцё «пад сэпаратыстамі»: Калі была страляніна, школьнікаў адпускалі дадому


Эдуард Якімчыкас

Эдуард Якімчыкас

Мэнэджэр і велавандроўнік Эдуард Якімчыкас 25 траўня пераехаў зь нядаўна вызваленага ад узброеных сэпаратыстаў Марыюпаля, дзе засталіся яго сваякі, у Днепрапятроўск да каханай, вырашыўшы, што мэнэджэру знайсьці працу ў іншым горадзе прасьцей, чым выкладчыцы. Па бацьку ён літовец, па маці — з данскіх казакоў.

Пра тое, чым адрозьніваецца жыцьцё ў Марыюпалі і Днепрапятроўску, Эдуард распавёў Радыё Свабода.

— Эдуард, што адбывалася ў Марыюпалі, калі вы зьяжджалі?

— Было напружанае становішча, але больш пры мне нічога не адбывалася — я ўсе ваенныя падзеі то быў у паходзе, то выяжджаў з гораду. Цяпер Марыюпаль пад кантролем украінскай Нацгвардыі, па горадзе разышлося чалавек 30 сэпаратыстаў. Іх шукаюць СБУ і вайскоўцы.

Тэлефанавала дачка — яна раварыстка, выяжджала за горад, і я быў крыху ўсхваляваны гэтым, могуць жа быць любыя правакацыі. Ня ведаю, што вам па навінах паказваюць...

Гэта расейцы, якім плацяць грошы, па 300 даляраў за дзень. У нас усе пра гэта кажуць, нават ня ведаю, ад каго пачуў. Кажуць, нават крымінальнікі нападалі на сэпаратыстаў, забіваючы за грошы.

— Адкуль вы атрымліваеце інфармацыю?

— Па-першае, стасуючыся зь сябрамі... У любым разе не з расейскіх каналаў. Украінскія навіны таксама могуць крыху падмануць — магчыма. Але, урэшце рэшт, тое, што кажуць сусьветныя СМІ — гэта зусім ня тое, што кажуць па расейскіх навінах.

— А як жа «ветлівыя» расейскія вайскоўцы?

— Я сам з Крыму, нарадзіўся і жыў там да 18 гадоў. Для мяне Крым быў райскім месцам, асабліва важным. А тут — уяві: у адзін тыдзень Крыму няма. Гэтыя «ветлівыя людзі»...

Я як кіраўнік рыхтаваў туды паход на травень, але ўсе сябры прынцыпова адмовіліся ехаць, і я паехаў у Карпаты. Там клясна, вельмі добрыя людзі, якія ня могуць зразумець, чаму яны зрабіліся «бандэраўцамі». У Львове ў парку мы спыніліся, гутарым. Жанчына спытала: «Чаму мы для ўсходняй Украіны зрабіліся фашыстамі?»

— Што кажуць твае сваякі і знаёмыя пра сытуацыю ў Марыюпалі?

— Там больш-менш усё ціха, за выняткам таго, што спалілі будынак гарадзкой управы міліцыі, захапілі штаб «Данецкай народнай рэспублікі»... І быў яшчэ адзін канфлікт са стралянінай. Людзей мала ў горадзе, паўпусты транспарт.

— Ці ёсьць у Днепрапятроўску тыя, хто пераехаў з Данецкай, Луганскай абласьцей?

— Вельмі шмат, не скажу колькі, але ня менш за 5 тысяч. 10 тысяч — па абласным і гарадзкім каналах кажуць. Іх засяляюць у пансіянаты, базы адпачынку.

Тут вельмі ўкраінскі настрой: моладзь са стужкамі, у вышыванках, людзі зьбіраюць дапамогу для ўцекачоў і войска. Бачу гэта нават па працы: тэлефануе дзяўчына, пытаецца пэўнага матэрыялу: «Для чаго?» — «Мы хочам для нашых вайскоўцаў зрабіць карэматы». Я ёй прадаў тавар па аптовым кошце. У супэрмаркетах стаяць багатыя мужчыны і жанчыны, якія зьбіраюць дапамогу для арміі.

Тут моцна падняліся патрыятычныя настроі, а ў Марыюпалі — 50 на 50, выказвацца баяцца і тыя, і тыя. Можна прайсьціся зь любым сьцягам і нарвацца на непрыемнасьці... Цяпер бесьсьцягоўе ў горадзе. Хоць у горадзе сьцягі вывешаныя і шмат вайскоўцаў, вакол гораду стаяць украінскія блёк-пасты.

— Як людзі ставяцца да таго, што прыйшла Нацгвардыя?

— З маці мы ўвесь час спрачаліся: яна за Расею. А моладзь — 99% за Ўкраіну і за ДНР у складзе Ўкраіны.

— Ці бываюць у Марыюпалі канцэрты, масавыя сходы людзей, сьвяты?

— Цяпер не. Вясной каля выканкаму сэпаратысты зьбіралі бабуль-дзядуль... Звычайна ў канцы траўня ў нас праводзіцца агульнаўкраінскі веладзень для папулярызацыі веларуху. У Данецку, Луганску яго не было. У Марыюпалі, нягледзячы на тое, што ён пад кантролем Нацгвардыі, — таксама.

— Як школы, ВНУ?

— Калі была страляніна, школьнікаў адпускалі дадому. Цяпер ужо ўсё працуе. Выпускнікі школ у Данецкім рэгіёне могуць паехаць у любы горад Украіны, дзе спакойна, і там здаць дзяржэкзамэны.

Крымчане, якія не жадаюць атрымліваць расейскі пашпарт і жадаюць украінскай адукацыі, могуць праходзіць на ільготных умовах у любую ВНУ Украіны і навучацца не па кантракце [г.зн. бясплатна. — РС].

— Што вы ведаеце пра працу, заробкі ў Марыюпалі?

— Калі я працаваў, у нашай фірме ўжо былі праблемы. Многія дробныя пазачыняліся, буйныя таксама пачало трэсьці. Увесну зьніжэньне было адчувальнае: у мяне заробак залежыць ад продажаў і быў каля 1000 даляраў, упаў да 400–500. У Днепрапятроўску — больш-менш, слова «крызіс» я ня чуў.

— Як у Марыюпалі зь перасоўваньнем: аўто, цягнікі, аўтобусы?

— Усё нармальна, толькі ў бок Данецку на адной палове шляху (60 км) стаяць украінскія блёк-пасты, на другой — сэпаратысцкія. Аўтобусы ходзяць, але гэта небясьпечна і здараліся рабункі.

— Што ты думаеш пра будучыню?

— Гэта так хутка ня скончыцца. Хацелася б як мага хутчэй, але такое ўражаньне, што працягнецца як мінімум да Новага году.

XS
SM
MD
LG