Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трапіла ў палон сэпаратыстка з Барысава?


Натальля Красоўская

Натальля Красоўская

Журналіст «Украінскай праўды» Мустафа Наем распавёў Свабодзе, што сярод затрыманых у Славянску карэкціроўшчыкаў не было сэпаратысткі з Барысава Натальлі Красоўскай.

«Я адрозьніваю гаворку, я думаю, што гэта не беларусы. Я размаўляў з трыма палоннымі, там адзін хлопчык і дзьве дзяўчыны. Адна зь іх дакладна мясцовая, а другая — у мяне няма дадзеных, што яна зь Беларусі. Калі б я ўбачыў фотаздымак, то, магчыма, пазнаў бы. Там дзьве рыжыя дзяўчынкі. Адна рыжая, а другая зусім чырвоненькая», — сказаў Мустафа Наем.

Сайт uainfo.org апублікаваў здымкі захопленых карэктыроўшчыкаў, сярод якіх нібыта можна пазнаць барысаўчанку Натальлю Красоўскую.

Раней газэта «Наша ніва» паведаміла, што ў цэнтры на фотаздымку стаіць Натальля Красоўская, ураджэнка Барысава, якая фігуравала на адным з прапагандысцкіх відэа, зьнятых расейскімі журналістамі.

Гэтыя асобы былі затрыманыя ўкраінскімі вайскоўцамі каля гары Карачун падчас антытэрарыстычнай апэрацыі. Спачатку ўкраінцы абвінавацілі іх у тым, што яны былі снайпэркамі. Яны гэтыя абвінавачваньні адкідаюць і сьцьвярджаюць, што займаліся «абслугоўваньнем» баевікоў. На пачатку чэрвеня барысаўчанка Натальля Красоўская распавяла, што ваюе ў ваколіцах Славянска, у вёсцы Сямёнаўцы на баку ўзброеных сэпаратыстаў.

Дзяўчына носіць камуфляжную форму з нашыўкай у выглядзе афіцыйнага дзяржаўнага сьцяга Беларусі і георгіеўскай стужкай. На рукаве яе формы напісана «РБ».

Пазьней зьявілася інфармацыя, што Натальлю Красоўскую кантузіла.

На відэа яна распавяла, што жыве ў Барысаве на вуліцы Трусава. У даведцы маюць толькі адзін тэлефон Красоўскіх, якія жывуць на гэтай вуліцы. Па тэлефоне гаспадар гэтага нумару так адрэагаваў на запыт карэспандэнта Свабоды пра Натальлю:

«Ну вы прабілі мой тэлефон, так? А чаму вы не праб’яце мой сямейны стан? Мне ўжо столькі тэлефануюць, я ўжо сказаў, што не ведаю гэту шалёную нейкую наркаманку. У мяне нармальная сям’я і больш не тэлефануйце».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG