Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае школьніцтва ў Магілёве трымаецца на Ялінцы


У Магілёве здымаюць рэклямны відэаролік пра адзіную ў горадзе клясу зь беларускай мовай навучаньня. У галоўнай ролі адзіная яе вучаніца Ялінка Салаўёва.

Ялінка скончыла пачатковую школу і рыхтуецца да пятай клясы. Пакуль у дачкі канікулы, бацькі шукаюць для яе вучнёўскую кампанію. Усе чатыры гады навучаньня Ялінкі яны не губляюць спадзеву, што знойдуць у вялікім горадзе бацькоў, якія захочуць, каб і іхныя дзеці вучыліся таксама па-беларуску. Дзеля гэтага і здымаюць рэклямны ролік.

Ялінка Салаўёва з мамай Надзеяй

Ялінка Салаўёва з мамай Надзеяй

Ці ёсьць пэрспэктывы, што адзіная ў Магілёве беларускамоўная кляса з адным вучнем застанецца, і якія посьпехі ў навучаньні самой Ялінкі Салаўёвай? Свабода далей сочыць за яе лёсам.

Бацькі наважаныя на тое, каб Ялінка працягвала вучыцца і ў пятай клясе на беларускай мове. Зьміцер Салаўёў зазначае, што гэтаму няма пярэчаньня ў школе. Усё неабходнае для навучаньня, ёсьць. У школе, кажа ён, звыклілася зь незвычайнай для Магілёва клясай.

«Ды й наагул увага да школы ёсьць. Заўсёды клясу ставяць, калі трэба зьвязаць нешта зь беларускай мовай, — даводзіць ён. — Але праблема ўсё адно застаецца. Зразумела, што ў яе ёсьць пэўныя нэрваваньні. Яна хоча, каб было шмат дзетак у клясе. Яна стала больш дарослай і крыху адчувае сябе «белай варонай».

Пад пятую клясу шмат бацькоў, кажа Зьміцер, плянуюць пераезды і падшукваюць для сваіх дзяцей новыя школы. Магчыма нехта з іх і захоча працягнуць навучаньне ў беларускамоўнай клясе, спадзяецца бацька Ялінкі:

«Цяпер стаіць задача, — працягвае ён, — разрэклямаваць кляс і школу, каб людзі даведаліся пра іх. Ужо чатыры гады мінула, як Ялінка вучыцца, але зьяўляюцца людзі, якія пытаюць: «А што ёсьць такая кляса ў Магілёве». Вельмі мала рэклямы. Яе трэба рабіць у дваццаць, а у сто разоў болей, чым мы рабілі. Аднак у нас абмежаваныя і магчымасьці і час«,— прызнаецца Зьміцер Салаўёў.

Першая магілёўская школа, дзе вучыцца Ялінка Салаўёва ў цэнтры гораду. Яна адна зь лепшых мясцовых навучальных устаноў і адна са старэйшых. Чатыры гады вучыла Ялінку настаўніца Натальля Аляксандраўна. Яна адзначае, што яе навучэнка мае выдатныя здольнасьці, але, прызнаецца пэдагог, цяжка вучыць дзіця, калі яно адно ў клясе:

«У Ялінкі павінен быць калектыў. Калектыву няма. Мы зь ёй увесь час сам на сам. Ёй цяжка. Ня мне, а ёй цяжка. Штодня і кожны ўрок бачыць аднаго і таго ж настаўніка. І пытаньні да яе адной і адказы ад яе адной. Павінны быць яшчэ дзеці».

Чаму ж бацькі не наважваюцца аддаваць дзяцей вучыцца на роднай мове, пытаю ў Натальлі Аляксандраўны:

"Я шчыра кажу, што гэтага не разумею. Якая розьніца, на якой мове вучыцца. Але ж у нас у ВНУ ўсё выкладаецца на расейскай мове, ды й мы самі размаўляюць па-расейску. Відаць, гэта не давер да роднай мовы. Так, хутчэй недавер",— адказвае настаўніца.

Зьміцер Салаўёў не згаджаецца з настаўніцай, што бацькі не аддаюць дзяцей вучыцца ў беларускія клясы празь недавер да беларускай мовы. Але пагаджаецца, што іх непакоіць адсутнасьць магчымасьцяў працягваць беларускамоўнае навучаньне:

«Бацькі кажуць: «Мы паважаем мову, хочам, каб яна была адзіная ў краіне, аднак, пакуль ня будзе вышэйшай адукацыі, мы сваіх дзяцей не аддамо, бо дзеці будуць вучыцца на адной мове, а іспыты здаваць на іншай, гэта будзе праблема».

Рэклямаваньнем клясы займаюцца пераважна бацькі Ялінкі Салаўёвай. Час ад часу ім дапамагаюць актывісты грамадзкіх арганізацыяў, ці простыя людзі. Паводле Зьмітра Салаўёва чыноўнікі заяўляць, што на сходах з бацькамі яны даводзяць ім інфармацыю пра існаваньне ў Магілёве беларускамоўнай клясы.

Вячаслаў Сікора здымае ролік

Вячаслаў Сікора здымае ролік

Пад сёлетні навучальны год будзе зьняты пра клясу рэклямны ролік. Яго ўжо пачалі рабіць. За гэта ўзяўся рэжысэр Вячаслаў Сікора. Сцэнар да стужкі падрыхтавала маці Ялінкі Салаўёвай — Надзея.

Сытуацыю зь беларускамоўным школьніцтвам у Магілёве Вячаслаў Сікора характарызуе каротка:

«Ды ўжо ўсе да такога стану прызвычаіліся, і ўжо ніхто не задаецца пытаньнем пра беларускую мову. На жаль».

Кляса зь беларускай мовай навучаньня зьявілася ў Магілёве пасьля амаль дзесяцігадовага перапынку, дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Калі надышоў час запісваць у яе дзяцей, гэта зрабіла толькі сям’я Салаўёвых. Непрацяглы час разам зь Ялінкай вучыліся яшчэ двое дзяцей, але з-за праблемаў у сям’і іх перавялі ў іншую школу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG