Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радавод Статкевіча: аднаго дзеда забіў НКВД, другога расстралялі фашысты


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

5 ліпеня палітвязень Мікалай Статкевіч пазваніў з магілёўскай турмы сваёй жонцы Марыне Адамовіч. «Сказаў, што ў яго, як заўсёды, усё добра», — перадала навіны Марына Адамовіч.

Напярэдадні 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашыстаў Мікалай Статкевіч у лісьце згадаў пра сувязь падзеі зь ягоным радаводам. Аказваецца, дзеда палітыка, Паўла Статкевіча, 70 гадоў таму расстралялі фашысты за сувязь з партызанамі. Другі дзед Мікалая Статкевіча, Сымон Гарабец, раней стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій, нагадала Марына Адамовіч.

«Той быў сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, потым зьбег у савецкую Беларусь, быў старшынём сельсавету і падчас рэпрэсій яго расстралялі. Мікола толькі незадоўга да 2010 году даведаўся, што гэта адбылося ў Слуцкім НКУС. Гэта быў дзед па маці, яго звалі Сымон Гарабец. Дарэчы, свае першыя артыкулы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х Мікалай падпісваў прозьвішчам дзеда.

А другі дзед, Павал Статкевіч, быў расстраляны фашыстамі за сувязь з партызанамі незадоўга да вызваленьня, у 1944 годзе. Гэты дзед таксама быў значнай асобай.

У Мікалая сёньня было прычасьце, яго вадзілі да сьвятара. Дарэчы, таму і далі пазваніць, пакуль чакаў. Там жа па адным заводзяць, дык дазволілі пазваніць, бо пачатак месяца».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч адбывае 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў. Праваабаронцы і апазыцыя лічаць Мікалая Статкевіча палітвязьнем і дамагаюцца ягонага тэрміновага вызваленьня.

XS
SM
MD
LG