Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў адмовіўся працаваць на турэмшчыкаў


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Васіля Парфянкова пакаралі карцэрам на 5 сутак за адмову выйсьці на «добраахвотныя працы».

Вязень турмы ў Горках Васіль Парфянкоў адбыў чарговыя 5 сутак у турэмным ШЫЗА, як называюць карцэр. Пра гэта Васіль Парфянкоў паведаміў актывістцы Вользе Мікалайчык, зь якой рэгулярна лістуецца, ды патлумачыў прычыну пакараньня.

«Напісаў: мо, троху і сам вінаваты, але што рабіць? Выклікалі да начальства, і начальнік кажа, каб падпісваў паперы на „добраахвотную працу“, хопіць, маўляў, непадпарадкоўвацца. На што Васіль адказаў, што сядзіць ні за што, не падпісваў і не падпіша ніякія паперы, і „можаце да мяне не зьвяртацца, працаваць на вас ня буду“. Тады начальнік турмы спытаўся: „Ці надоўга цябе хопіць?“ На гэта Васіль адказаў: „На ваш век хопіць“ і атрымаў яшчэ 5 сутак карцэру».

Паводле зьвестак ад Васіля Парфянкова, ён шмат чытае, слухае радыё, а вось тэлевізара ў ягонай камэры няма. Палітвязьню забаронена атрымліваць газэты па падпісцы, але яму дасылаюць свае газэты рэдакцыі «Нашай нівы» і «Новага часу». Нядаўна Васіль Парфянкоў атрымаў 2 лісты салідарнасьці зь Літвы і Швэцыі, чаму быў вельмі рады, паведамляе Вольга Мікалайчык. Пры гэтым актывістка расчараваная тым, што Васілю мала пішуць зь Беларусі:

«Будзем пачынаць кампанію салідарнасьці „Напішы Парфянкову“. Гэта недапушчальна, што нават сябры нібыта забыліся пра Васіля і мала яго падтрымліваюць. Мы ня мусім кідаць у бядзе такіх людзей, як Васіль Парфянкоў».

Паводле Вольгі Мікалайчык, Васілю Парфянкову ў горацкую турму можна таксама высылаць кнігі: «Ён цікавіцца кнігамі пра падарожжы, аўтамабілі, сучаснымі дэтэктывамі».

Васіль Парфянкоў адбывае год зьняволеньня ў турме за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду, які быў усталяваны за ім пасьля асуджэньня за падзеі 19 сьнежня 2010 году. Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што Парфянкова перасьледуюць за ягоную грамадзкую актыўнасьць.

XS
SM
MD
LG