Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка распарадзіўся падняць украінскі сьцяг над Славянскам.
Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фэйсбук.
«Даў даручэньне начальніку Генштабу падняць дзяржаўны сьцяг над Славянскам. Начальнік Генэральнага штабу Ўкраіны Віктар Мужэнка паведаміў, што сёньня ноччу з Славянску спрабавалі вырвацца баевікі, патрапіўшы пад мінамётны агонь украінскіх вайскоўцаў. У выніку былі падбітыя 1 танк, 2 БМП і 2 БМД баевікоў», — адзначае кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсьліў, што цяпер у Славянску працуе выведка Ўзброеных сілаў і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
«Ужо паўтары гадзіны нашым вайскоўцам мясцовыя жыхары нясуць зброю, кінутую баевікамі. Гэта і ёсьць сапраўднае раззбраеньне, прадугледжанае абвешчаным мною плянам мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Ўсходзе», — адзначыў прэзыдэнт.