Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША вітаюць сваю незалежнасьць кітайскім салютам


Для чаго выкарыстоўваюць піратэхніку і амэрыканскія сьцягі кітайскай вытворчасьці, піша Голас Амэрыкі.

У пятніцу ў Злучаных Штатах сьвяткуюць 238-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці краіны. Аднак іронія ў тым, што амаль усе пэтарды і іншыя піратэхнічныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў Амэрыцы падчас сьвяткаваньня большасьці такіх падзей, вырабленыя ў Кітаі. Як, зрэшты, і амэрыканскія сьцяжкі, якімі ў патрыятычным парыве размахваюць амэрыканцы.

У пятніцу, калі адзначаецца гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці ад Вялікабрытаніі, па ўсёй краіне адбудуцца фэервэркі і салюты, праходзяць сьвяточныя мерапрыемствы прыкладна ў 15 тысячах населеных пунктаў, у малых і вялікіх гарадах. Некалькі сотняў тысяч людзей кожны год прыходзяць на Нацыянальную алею ў Вашынгтоне, дзе маляўнічыя фэервэркі асьвятляюць начное неба над Капітоліем.

Дырэктар Амэрыканскай асацыяцыі піратэхнікаў Джулі Хекман прызнае, што гэта даволі незвычайна, калі галоўны сымбаль сьвяткаваньня Дня незалежнасьці ЗША зроблены ў Кітаі, аднак дзейныя ў ЗША правілы прымушаюць амэрыканцаў зьвяртацца да Кітаю па свае штогадовыя сьвяточныя фэервэркі:

«Гэта даволі дзіўна. Але я павінна сказаць, што гэта даволі своеасаблівая галіна, і яе зарэгулявалі настолькі, што цяпер піратэхнічныя сродкі для фэервэркаў і салютаў практычна не вырабляюцца ў Злучаных Штатах. Так што мы разьлічваем на досьвед кітайцаў, якія вынайшлі порах і фактычна першымі прыдумалі фэервэркі. А мы працягваем іх традыцыю».

Хекман кажа, што летась ЗША імпартавалі з Кітаю больш за 80 млн кг піратэхнічных сродкаў, у той час як у саміх Злучаных Штатах іх было выраблена менш за 3,5 млн кг.

«Гэта вельмі працаёмкі працэс. Усё робіцца ўручную, мала што аўтаматызавана ў вытворчасьці піратэхнічных сродкаў. І для таго, каб падрыхтаваць адзін залп салюту, трэба некалькі дзён. З-за ўсіх гэтых шматлікіх правілаў, якія рэгулююць тое, што лічыцца тут небясьпечнымі матэрыяламі, амэрыканскім вытворцам стала надзвычай цяжка вырабляць гэтыя тавары, тым больш, што іх няма куды экспартаваць».

Што ж тычыцца амэрыканскіх сьцягоў з 13 чырвонымі і белымі палосамі і 50 зоркамі на сінім фоне, амаль усе яны таксама зробленыя ў Кітаі. Летась ЗША імпартавалі амэрыканскіх сьцягоў, якія называюць «Старой славай», на суму 4 млн даляраў. Амаль усе яны былі зробленыя ў Кітаі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG