Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 7 ліпеня: 132 гады Янку Купалу


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Менску чакаецца візыт парлямэнцкай дэлегацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале са старшынём Камітэту замежных справаў Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР Фу Інам.

У Вялікай канфэрэнц-залі прэзыдыюму НАН Беларусі адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэньня дзяржаўных дыплёмаў выпускнікам магістратуры Інстытуту падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі 2014 году. У 11.15 перад маладымі навукоўцамі выступіць ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў фізыцы Жарэс Алфёраў.

У Парку Янкі Купалы адбудзецца паэтычны мітынг «Палымянае слова паэта», прысьвечаны 132-й гадавіне з дня нараджэньня Янкі Купалы, і цырымонія ўскладаньня кветак да помніка Купалу. Пачатак у 11.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1846 ― ЗША абвясьцілі аб анэксіі Каліфорніі, якая тады была часткай Мэксыкі.

1864 — адкрытая Маладэчанская настаўніцкая сэмінарыя.

1937 — Напад японскіх войскаў на кітайскі гарнізон на мосьце Лугоуцяо (мосьце Марка Пола) недалёка ад Пэкіну. Інцыдэнт лічыцца пачаткам Другой сусьветнай вайны ў Азіі.

2000 ― у Менску зьнік бязь вестак тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі. Ён быў скрадзены, калі накіроўваўся ў аэрапорт «Менск-2» на аўтамабілі, каб сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце, але самога Завадзкага з тых часоў ніхто ня бачыў. Зьнікненьне Завадзкага ўстала ў адзін шэраг са зьнікненьнямі вядомых апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

2005 ― 4 тэрарысты-самазабойцы зрабілі сэрыю нападаў у лёнданскім мэтро і аўтобусах, у выніку якіх загінулі 52 чалавекі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1796 ― Ян Чачот, беларускі паэт. Ён cабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасьці зборніках «Сялянскіх песень...» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку зь якіх апублікаваў у беларускім арыгінале.

1860 ― Густаў Малер, аўстрыйскі дырыжор і кампазытар.

1882 ― Янка Купала, беларускі пясьняр.

1893 ― Міраслаў Крлэжа, адзін з найбуйнейшых харвацкіх пісьменьнікаў 20 стагодзьдзя.

1961 ― Вінцук Вячорка, беларускі мовазнаўца, палітык і лідэр Партыі БНФ з 1999 па 2007 год. Сустаршыня «Беларускага руху». Адзін са стваральнікаў знакамітай «Майстроўні» і распрацоўнікаў клясычнага беларускага правапісу («тарашкевіцы»). Намесьнік галоўнага рэдактара часопісу «Спадчына».

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Няма праблемы. 7 ліпеня 2000 зьнік Дзьмітры Завадзкі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG