Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 6 ліпеня: Праваслаўнае Купальле :)


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Ад 12.00 да 18.00 у Купалаўскім мэмарыяльным запаведніку «Вязынка» адбудзецца традыцыйнае сьвята паэзіі, песьні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасьці Беларусі», прымеркаванае да дня народзінаў Янкі Купалы.

Беларускі свабодны тэатар запрашае на прэсавую канфэрэнцыю і спэктакль-закрыцьцё сэзону «60 хвілін жорсткасьці». Пачатак у 19.00. Пасьля заканчэньня спэктакль – у 20.30. Для ўдакладненьня месца правядзеньня неабходна патэлефанаваць па тэл. (29) 643-69-29.

У аграсядзібе «Вайцюшкі» ў вёсцы Васілевічы пад Горадняй адбудзецца традыцыйнае Купальле на Нёмне. А 21 гадзіне будзе шэсьце на Нёман, пусканьне колаў, запальваньне вогнішчаў і скокі празь іх пад купальскія песьні ў выкананьні гурту Guda. Пасьля гэтага – танцы да ўпаду.

Прага — Дзень Яна Гуса.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1253 — вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны ў Наваградку.

1415 — спалены Ян Гус, чэскі рэлігійны дзяяч, нацыянальны герой Чэхіі, прапаведнік, мысьляр, ідэоляг чэскай Рэфармацыі. Быў сьвятаром і некаторы час рэктарам Праскага ўнівэрсытэту. 6 ліпеня 1415 году ў горадзе Канстанц быў спалены разам са сваімі працамі. Сьмерць Гуса спрычынілася да пачатку Гусіцкіх войнаў, якія вялі яго прыхільнікі (гусіты) супраць Габсбургаў і іх прыхільнікаў. Радыкальныя гусіты (табарыты), якія патрабавалі рэлігійнай рэформы, пацярпелі паразу, умеркаваныя гусіты (чашнікі) вымушаныя былі спыніць барацьбу, таму Рэфармацыя ў Чэхіі не адбылася. Дагэтуль каталіцкая царква не рэабілітавала Гуса. Нягледзячы на гэта, у пераважна каталіцкай Чэхіі Гус карыстаецца павагай, існуюць помнікі, музэі і вуліцы, якія носяць яго імя.

1786 — даляр зрабіўся нацыянальнай валютай ЗША.

1947 — Адбыўся Першы зьезд беларусаў у Остэргофэне (Нямеччына) і выбары Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК), у які ўвайшлі Францішак Кушаль, Аўген Калубовіч, Леў Гарошка, Барыс Рагуля і іншыя.

1957 — першая сустрэча Джона Ленана і Пола Макартні.

У гэты дзень нарадзіліся:

1851 — Янка Лучына, беларускі паэт. Ягоны зборнік «Вязанка» быў выдадзены пад выглядам кніжкі на баўгарскай мове, каб абысьці расейскую цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк. У сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» Максім Гарэцкі адзначаў: «З друкаваных асабліва вызначаецца яго верш «Роднае старонцы», дзе чуецца засмучоная душа шчырага сына роднай старонкі».

1905 — Пятро Глебка, беларускі паэт, драматург, перакладнік.

1946 — Джордж Буш малодшы, 43-і прэзыдэнт ЗША.

1977 — Макс Мірны, беларускі тэнісіст.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Паміж космасам і Віцебскам. 6 ліпеня 1887 нарадзіўся Марк Шагал

XS
SM
MD
LG