Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зыгмантовіч: Аптымізму адносна Эўра-2020 у Беларусі — ніякага (ВІДЭА)


Чэмпіянат сьвету па футболе ў Бразыліі набліжаецца да разьвязкі. На мундыялі стартуюць чвэрцьфінальныя паядынкі, якія вызначаць квартэт наймацнейшых камандаў футбольнага карнавалу.

Пра заканамернасьці і нечаканасьці сёлетняга чэмпіянату — вядомы ў мінулым беларускі футбаліст, памочнік галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Беларусі Андрэй Зыгмантовіч.

— Андрэй, вы былі адным зь першых беларускіх легіянэраў і пасьля менскага «Дынама» пасьпелі пагуляць у галяндзкім «Гронінгене» і гішпанскім «Расінгу». Магчыма, на чэмпіянаце сьвету ў Бразыліі па інэрцыі падтрымлівалі зборныя гэтых краінаў больш, чым астатніх?

— Калі шчыра, то гэта сапраўды так. І гэта цалкам натуральна: калі пэўныя этапы маёй кар’еры зьвязаныя з гэтымі краінамі, сапраўды я ў большай ступені на чэмпіянаце сьвету перажываю за гэтыя каманды — за Нідэрлянды і Гішпанію. І я, і мая сям’я, мы ўсе падтрымліваем перадусім гэтыя зборныя, гэта не сакрэт.

— Гішпанія паказала сябе не найлепшым чынам, капітуляваўшы яшчэ на групавой стадыі. У чым прычына?

— Ну якая тут прычына? У прынцыпе, з групы, у якой яны гулялі, былі тры каманды, якія змагаліся за выхад у плэй-оф — Чылі, Нідэрлянды і Гішпанія. Але выявілася, што галяндцы і чылійцы на той момант аб’ектыўна выглядалі мацнейшымі, чым зборная Гішпаніі. З чым гэта зьвязана — мне цяжка меркаваць, бо калі ты не ўнутры калектыву, складана рабіць нейкія высновы. Увогуле ад іхняга выступу запомніўся хіба што адзін эпізод: пасьля таго як гішпанцы выйгравалі ў галяндцаў 1:0, быў выхад гішпанскага гульца адзін на адзін з варатаром, і ён гэты момант не скарыстаў. Якраз пасьля гэтага ўсё перавярнулася на карысьць галяндцаў, якія разграмілі суперніка 5:1. Іншымі словамі, у футболе бываюць розныя сытуацыі, і часам усяго адзін момант можа вырашыць лёс матча. Але ў прынцыпе галяндцы і чылійцы адпачатку пакінулі нядрэннае ўражаньне.

— Ці азначае гэта, што цяпер вашы сымпатыі цалкам на баку Нідэрляндаў?

— Па вялікім рахунку, так. Калі зірнуць на тыя восем камандаў, якія прабіліся ў чвэрцьфінал, мае сымпатыі сапраўды на баку галяндцаў. Таму што калі ўзяць гісторыю гэтай выбітнай зборнай ад таго часу, як яна ўпершыню ўдзельнічала ў фінале чэмпіянату сьвету ў 1974 годзе (ужо 40 гадоў таму) і прайграла Нямеччыне, а чатыры гады таму ў такім жа фінале саступіла Гішпаніі, то павінен быць рэванш. Каманда цікавая, заўсёды гуляе ў атакуючы футбол, таму, мяркую, ня толькі мае сымпатыі знаходзяцца на іхнім баку.

Андрэй Зыгмантовіч

Андрэй Зыгмантовіч

— Адзіны прадстаўнік постсавецкай прасторы ў Бразыліі, зборная Расеі выступіла надзвычай блякла, дэпутаты Дзярждумы нават прапаноўвалі заслухаць італьянскага трэнэра расейцаў Капэла, які атрымлівае мільёны даляраў, а вынік выдаў на капейку...

— Зноў жа, цяжка судзіць пра зборную Расеі на адлегласьці, хоць дастаткова кваліфікаваныя футбалісты гуляюць, маюць вопыт выступленьняў і за зборную, і за клюбы на міжнароднай арэне. То бок гэта ня тыя гульцы, якія першы раз трапілі на чэмпіянат сьвету. Але камандзе відавочна чагосьці бракуе. Магчыма, справа найперш у псыхалёгіі ці нейкіх трэнэрскіх канцэпцыях, падыходах. Бо калі мы нават возьмем тыя каманды, якія вылецелі на стадыі 1/8 фіналу, то вельмі станоўчае ўражаньне пакінулі такія зборныя, як Чылі, Мэксыка, дый Альжыр той жа два таймы зь Нямеччынай нядрэнна глядзеўся. Расею да іх ніяк не аднясеш. Таму ў большай ступені гэта можа быць і недасканалая трэнэрская падводка гульцоў да кожнай гульні, да чэмпіянату і г.д. Бо, яшчэ раз кажу, псыхалягічны фактар таксама вельмі моцна ўплывае і на агульны стан каманды, і на гульню футбалістаў.

— Цягам чэмпіянату стабільна пастаўляе тэмы для СМІ экс-трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі Анатоль Байдачны. Спачатку выказаў зьдзіўленьне, што беларусы не заўзеюць за Расею, потым заявіў, што не падтрымлівае эўрапейскія каманды, таму што Эўропа супраць Расеі...

— На маё перакананьне, гэта справа кожнага канкрэтнага гледача, за якую краіну аддаваць свой голас. Калі казаць чыста суб’ектыўна пра мяне, то я насамрэч перажываў за зборную Расеі, за тое, як яна гуляе на гэтым чэмпіянаце; жадаў, каб каманда выйшла з групы і было цікавей глядзець гэтае першынства. Таму што многія з нас нарадзіліся яшчэ ў СССР, тая старонка не зусім нам абыякавая, да таго ж з Расеяй шмат што нас зьвязвае і па футболе, і па іншых пытаньнях. Але зразумела, што тут ніякай абавязалаўкі быць ня можа, кожны выбірае каманду па душы, за каго ён хоча перажываць і г.д. Я думаю, каб Расея гуляла ў больш атакуючы футбол, у больш адкрыты футбол, які б зараджаў эмоцыямі гледачоў, напэўна, нашмат больш беларусаў заўзела б за расейскую зборную. А так, я мяркую, ніякай перадузятасьці з боку беларусаў да расейцаў няма, але на выбар, яшчэ раз паўтараю, уплываюць многія фактары — як гуляе каманда, зь якім настроем выходзіць, самааддача якая на футбольным полі і г.д.

— Аддаленасьць сёлетняга мундыялю не пакідае іншых варыянтаў, як толькі задавольвацца тэлевізійнай карцінкай пад камэнтар зь менскай студыі. Слухаеце з гукам?

— Ведаеце, я, напэўна, да гэтага стаўлюся спакайней за іншых. Гэта іх праца, камэнтатараў, ня кожны ж можа быць мэтрам сваёй справы, правільна? Гэтаксама як ня кожны футбаліст здольны гуляць гэтаксама, як Мэсі, Нэймар ці яшчэ хтосьці. Дакладна гэтаксама і сярод камэнтатараў ёсьць журналісты, якія камусьці падабаюцца, камусьці не падабаюцца; у кагосьці сваё спэцыфічнае валоданьне рыторыкай, калі чалавек у своеасаблівай манеры падносіць уласнае бачаньне футболу, і г.д. Для мяне асабіста няма дрэнных камэнтатараў, як няма і дрэнных футбалістаў. То бок мяне іхнія рэмаркі не выбіваюць ні з каляіны, ні з успрыняцьця агульнай карціны матча.

— Як ставіцеся да таго, што абсалютная бальшыня камэнтатараў ня хоча праз свае рэпартажы прапагандаваць беларускую мову, зацыкліваючыся на расейскай?

— Я думаю, перш чым рэклямаваць беларускую мову ці гаварыць на ёй, трэба яе добра ведаць. І, як бачым, ня кожны камэнтатар можа гэта зрабіць. Напрыклад, Павал Баранаў сапраўды добра камэнтуе па-беларуску, прыемна чуць. Але калі ты не практыкуеш беларускую мову, не размаўляеш кожны дзень, гэта, напэўна, цяжкавата зрабіць, выйшаўшы на экран, каб добра ўсё паднесьці тым гледачам, якія глядзяць футбол. Што ўвогуле сказаць адносна папулярызацыі беларускай мовы? У прынцыпе, было б добра, каб такая справа працягвалася і такі вось досьвед камэнтаваньня матчаў па-беларуску быў і прыжываўся. Асабіста я да гэтага вельмі добра стаўлюся, гляджу матчы з камэнтатарствам на беларускай мове і, зразумела ж, вітаю гэта. Таму што мы ніколі не адмаўляліся ад беларускай, гэта наша родная мова, хай сабе і нароўні з расейскай. Спадзяюся, што гэты вопыт прыжывецца і зь цягам часу будзе больш рэпартажаў на беларускай мове.

— Пакуль, шчыра кажучы, прыжываецца ня вельмі, нават Уладзімер Навіцкі апусьціў рукі...

— Ну, гэта я дакладна ня ведаю, ад чаго можа залежаць такі выбар ці нявыбар камэнтатараў. Але я думаю што для нас, гледачоў, таксама станоўчы момант, што мы яшчэ раз можам успомніць беларускую мову, не забываць яе, а дзесьці, магчыма, на ёй і пакантактаваць.

— Андрэй, вы цяпер выступаеце ў ролі дарадцы, памочніка галоўнага трэнэра зборнай Беларусі, у мінулым вашага калегі па менскім «Дынама» Георгія Кандрацьева. Калі беларуская каманда парадуе гледачоў удзелам у фінале прынамсі кантынэнтальнага першынства?

— У прынцыпе, задачы і мэты, якія ставяцца перад зборнай, яны заўсёды застаюцца. Найперш, каб нарэшце не на словах, а на справе трапіць на нейкі топ-турнір — у фінальную частку таго ж чэмпіянату Эўропы ці нават чэмпіянату сьвету. То бок задачы, якія штогод ставяцца, ніхто не здымае і не адмяняе. Думаю, што і гульцы, і трэнэры разумеюць узровень адказнасьці, якая на іх ляжыць. Напэўна, ніякіх апраўданьняў тут быць ня можа. То бок трэба верыць у тыя ідэі, якія прапаведуюцца на футбольным полі, верыць у гульцоў, якія ў нас ёсьць, таму што іншых гульцоў, па вялікім рахунку, у нас ня будзе. На сёньняшні дзень ёсьць пэўная група хлопцаў, і мы павінны давяраць ім, унушаць упэўненасьць, настройваць іх і рухаць у мэнтальным пляне да таго, што мы сапраўды нечага вартыя і на нешта здольныя. Чаму мы можам? Мяркую, што ў папярэднім адборачным цыкле былі асобныя матчы, на якія мы павінны арыентавацца. Нядрэннай была тут гульня з Францыяй, калі мы прайгралі 2:4, а сёньня мы бачым, што Францыя ўваходзіць у ¼ фіналу, у васьмёрку камандаў, якія будуць змагацца за галоўны тытул чэмпіянату сьвету. Былі гульні, якія вартыя перагляду і асэнсаваньня.

— І апошняе: у вас ёсьць аптымізм адносна магчымасьці правядзеньня ў Беларусі некалькіх матчаў юбілейнага чэмпіянату Эўропы 2020 году? Беларускую заяўку пры адсутнасьці стадыёнаў лічыце абгрунтаванай?

— Калі быць шчырым, аптымізм мусіць чымсьці пацьвярджацца. А калі ў нас, напрыклад, стадыён «Дынама» не будуецца ўжо два гады, пасьля таго як яго нібыта пачалі рэканструяваць, то пра што размова? Яшчэ раз кажу: аптымізм павінен быць нечым падмацаваны. Так ці не? Мне складана разважаць, зь якіх прычын гэтая справа тармозіцца, але, скажам, што перашкодзіла трэнэру паказаць вынік, у таго ж трэнэра не пытаюцца. Прычына нікога не цікавіць, ты павінен выдаць вынік! Хто там зламаны з гульцоў, хто хворы, пятае-дзясятае — давай, і ўсё. Дык вось аптымізму са стадыёнамі няма ніякага, якімі б словамі хто ні апраўдваўся. І калі б не пабудавалі цудоўны стадыён у Барысаве, то аптымізму наконт заяўкі 2020 году на сёньняшні дзень не было б увогуле. Можа, ён у кагосьці і ёсьць — у тых, хто гэтым займаецца, хто адказны, каб падалі заяўку пад гарантыю будаўніцтва адпаведнага стадыёну. Але асабіста ў мяне такога адчуваньня няма. Калі нехта прыйдзе і насамрэч зарадзіць мяне аптымізмам, што будзе ўзьведзеная інфраструктура, вартая такога форуму, гэта справа іншая. Цяперашні стан рэчаў мне асаблівага аптымізму не ўнушае.

___________________________________________

Андрей Зыгмантовіч нарадзіўся ў 1962 годзе ў Менску. Выхаванец знакамітага футбольнага «інкубатара» — СДзЮШАР-5. Прафэсійную кар’еру пачаў у 19-гадовым веку, атрымаўшы гонар гуляць у асноўным складзе менскага «Дынама». Ужо праз год, у 1982-м, разам з камандай становіцца чэмпіёнам СССР. Агулам за сталічны клюб выступаў 10 гадоў, згуляўшы ў 262 гульнях. Найлепшы футбаліст Беларусі 1992 і 1994 гадоў, майстар спорту. Адзін зь першых беларускіх легіянэраў, спачатку абараняў колеры галяндзкага «Гронінгена», потым падпісаў кантракт з гішпанскім «Расінгам», за які правёў 87 гульняў. Ад сярэдзіны 1980-х і да 1990 году прыцягваўся да выступаў у алімпійскай і галоўнай зборнай СССР, пасьпеў згуляць 9 матчаў і за нацыянальную зборную Беларусі. Пасьля гэтага перайшоў на трэнэрскую працу: быў настаўнікам менскага «Дынама», наваполацкага «Нафтану», трэніраваў юнацкую зборную Беларусі. Працаваў у штабах МТЗ-РИПО, літоўскага «Каўнасу» і расейскай «Сыбіры». Цяпер дапамагае нацыянальнай зборнай Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG