Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Іпатава: Цэлая сьцяна ў Доме літаратара пабудаваная на грошы Быкава


Вольга Іпатава

Вольга Іпатава

Днямі ў Менску прайшла творчая вечарына Вольгі Іпатавай. Са сваімі чытачамі яна сустрэлася ў Доме літаратара, які яшчэ ў 2000-м годзе быў адабраны ўладамі ў тады яшчэ адзінага Саюзу пісьменьнікаў.

Цяпер гэты прэстыжны будынак у цэнтры сталіцы належыць Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. Чаму для пісьменьніцы было прынцыповым зладзіць вечарыну ў колісь слынным пісьменьніцкім доме? Пра гэта ды іншае — гутарка ў «Вольнай студыі».

— Спадарыня Вольга, ужо чатырнаццаць гадоў прэзыдэнцкая бізнэс-структура здае Дом літаратара ў арэнду. І, трэба думаць, няблага зарабляе. Чаму вы вырашылі хоць часова, хоць часткова «адваяваць» ва ўладаў пісьменьніцкі дом — менавіта ў ім правесьці сваю вечарыну?

— Для мяне Дом літаратара — гэта найперш месца, дзе пачынаючы з 1976 году зьбіраліся, працавалі пісьменьнікі, якія ствараюць гонар нацыянальнай літаратуры. Адкуль праводзілі ў апошні шлях Пімена Панчанку, Максіма Танка, Васіля Быкава... Для мяне важны сам будынак, у чыім валоданьні ён сёньня ні знаходзіўся б. У маім разуменьні гэта Эвэрэст беларускай літаратуры, які ёсьць у цэнтры Менску, які будзе заўсёды.

— А з кім вы дамаўляліся пра залю?

— Я прыйшла да дырэктара Літфонду і сказала, што хачу правесьці ў Доме літаратара сваю вечарыну. Аказалася, што ён мяне ня ведаў і адразу адказаў: «Калі ласка, праводзьце». Ён нават не ўдакладніў, зь якога я пісьменьніцкага саюзу. Прызнаюся, я была страшэнна зьдзіўленая, бо ўсяго два гады таму мне адмовілі. Па сутнасьці, я ішла для таго, каб яшчэ раз атрымаць адмову. А тут — згода. Для мяне гэта было неспадзяванкай.

— А ці сустракаліся вы ў гэтай справе са старшынём прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалаем Чаргінцом, чый офіс акурат у ДЛ?

— Сустракалася пасьля таго, як дамовілася пра залю. З Чаргінцом не было размовы пра дазвол. Ён гаварыў пра сучасную літаратуру, аб прычынах выхаду Раісы Баравіковай з таго саюзу. Але, ізноў жа, — з майго боку не было ніякіх просьбаў. Адбылася проста размова пра наш саюз, пра іхны саюз. Уласна кажучы, нават не размова, а маналёг Чаргінца.

— А як адрэагавалі вашы калегі зь незалежнага Саюзу пісьменьнікаў на гэты ваш крок? Ці зразумелі?

— Я не цікавілася, зразумелі яны мяне, ці не. У мяне сваё бачаньне гэтай

Думаю, цэлая сьцяна ў Доме літаратара пабудаваная на грошы Быкава! Дык чаму я павінна аддаваць невядома каму пабудаваную намі крэпасьць беларускай культуры?

праблемы. Грошы на будаўніцтва Дому літаратара даваў Літфонд СССР — пераводзіў іх у наш Літфонд. А адкуль браліся тыя грошы? У мяне да гэтай пары чэкі захаваліся. Напрыклад, за мяжой выдаваўся твор беларускага пісьменьніка. З умоўнага ганарару ў 100 даляраў (ці ў 100 рублёў — рубель быў тады эквівалентны даляру) аўтар атрымліваў чэкі прыкладана на 5 рублёў, а 95 ішло ў саюзны Літфонд. Таму я жартам кажу: хоць фортка мая ды ёсьць у Доме літаратара. А калі падлічыць адлічэньні зь мільённых накладаў Васіля Быкава? Думаю, цэлая сьцяна ў Доме літаратара пабудаваная на грошы Быкава! Дык чаму я павінна аддаваць невядома каму пабудаваную намі крэпасьць беларускай культуры? Я прыйшла туды — да сваіх сьценаў, да сваіх фортак.

— Чаргінцоўскі саюз мае памяшканьні ў Доме літаратара, незалежны саюз — не. Вы за тое, каб ён вярнуўся ў ДЛ, так бы мовіць, прытуліўся да «сьцяны Быкава»?

— Я прапаноўвала кіраўніцтву прыўладнага саюзу, каб яно выдзеліла нам хоць адзін пакой. Адразу скажу, што мяне на гэта ніхто не ўпаўнаважваў. Гэта была цалкам мая ініцыятыва. Калі б так сталася, то справядлівасьць была б адноўленая хоць на тры адсоткі. Каб нашаму саюзу была выдзеленая нейкая квота, каб мы маглі ладзіць там свае вечарыны. Хай і той саюз ладзіць — на здароўе. Вось у якім кірунку трэба ісьці, але пачынаць хаду варта ўсё ж таму саюзу, а ня нам. Гэта было б нармальна, бо выганялі з ДЛ наш саюз. Гэтая варожасьць зь іх боку — нейкая паталёгія. Дом літаратара ўсё ж належаў нам, як належалі нам і друкаваныя выданьні — той жа «ЛіМ» ці «Полымя». І гэта ня мы часам друкуемся ў іх выданьнях, а яны ў нашых. Я так гэта бачу. Паколькі большая частка саюзу і тых людзей, якія стваралі гэтыя выданьні, засталася менавіта ў нашым саюзе. І вось калі так глядзець на сьвет, то мой учынак — абсалютна нармальны.

— Ці магчымае сёньня аб’яднаньне двух пісьменьніцкіх саюзаў? Агульны дах ёсьць — Дом літаратара.

— У сёньняшніх умовах гэта вельмі складана. Мы ўсё ж розныя пакуль што. Але ёсьць між намі і агульнае — беларушчына. Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што калі праз пэўны час зусім зьнікнуць беларускія школы, зьнікне беларушчына, то адраджаць яе нам будзе вельмі цяжка. Раней асноўным захавальнікам беларускай мовы была вёска. Сёньня вёскі зьнікаюць, усё больш народу перабіраецца ў гарады. А там няма беларускамоўных школаў. Таму беларушчына — гэта наша агульнае поле. На адной палове мы працуем, на другой працуюць яны. Праўда, сёньняшнія адносіны між двума саюзамі далёкія ад ідылічных. Прычым варожасьць часьцей ідзе зь іх боку. Мне здаецца, што гэтая варожасьць вынікае з падсьвядомага пачуцьця віны. Ну нельга, каб твой калега быў прыніжаны! Калі б я працавала ў тым саюзе, я не змагла б спакойна жыць, ведаючы, што пісьменьнікі з другога саюзу ня маюць права выступаць перад чытачамі, выдавацца ў дзяржаўных выдавецтвах. А той саюз жыве і ў вус ня дзьме. Вось гэта крыўдна. Мне хочацца дастукацца да іх сэрцаў, зьвярнуцца да іх сумленьня.

— Нядаўна ў Віцебску быў усталяваны помнік вялікаму князю Альгерду. У вас, дарэчы, ёсьць раман пра яго — «Альгердава дзіда». Як вы ўспрынялі гэтую навіну?

— Безумоўна, вельмі пазытыўна. Магчыма, кропелька і маіх намаганьняў ёсьць у гэтым. Бо калі выйшла «Альгердава дзіда», мы зь нястомнай прапагандысткай беларускай кнігі Людмілай Несьцяровіч зладзілі

Як жа ганарлівай расейскай пысе (ад слова — пыха) прызнаць, што нейкі там князь Альгерд ставіў на калені Маскву?

ў Віцебску цэлую сэрыю прэзэнтацый. Дапускаю, што нехта з абласных кіраўнікоў прачытаў раман і ўбачыў, што Альгерд мае самае непасрэднае дачыненьне да Віцебску, да ўсяе Беларусі. Альгерд жа прысланяў дзіду да Крамлёўскай сьцяны. Гара Паклонная ў Маскве так называецца таму, што маскоўскія баяры там яму пакланіліся, прызналі сябе пераможанымі і пэўны выкуп аддалі пераможцу. Таму імя Альгерда доўгі час замоўчвалася. Як жа ганарлівай расейскай пысе (ад слова — пыха) прызнаць, што нейкі там князь Альгерд ставіў на калені Маскву? А ў XIV стагодзьдзі Вялікае Княства Літоўскае было больш магутным за Маскоўскае. З Масквой у ВКЛ тады былі вельмі няпростыя стасункі. У рамане «Альгердава дзіда» якраз пра гэта расказваецца. Так што вельмі добра, што помнік у Віцебску зьявіўся.

— Выходзіць, Альгерд — самы антымаскоўскі князь за ўсю гісторыю ВКЛ? А ці ня ёсьць гэты помнік нейкім палітычным выклікам Расеі?

— Ну, такую палітыку я магу толькі вітаць. Мы павінны нарэшце сказаць праўду пра нашу гісторыю, пра тое, што мы не занядбалы люд у лапцях, а народ слаўных і мужных ваяроў, народ, які нёс асьвету з захаду на Маскву. У сталіцы Расеі гэта разумець ня хочуць. Прыгадаю адзін паказальны выпадак. Неяк пасьля распаду Савецкага Саюзу ў Маскве стваралася агульная для пост-савецкіх рэспублік арганізацыя творчых саюзаў. І там хтосьці з расейцаў заявіў, што першадрукар на славянскіх землях — іхны Іван Фёдараў. Мы запярэчылі: па-першае, ён — Федаровіч, па-другое, ён — вучань Скарыны. І расейская інтэлігенцыя паставілася да гэтага варожа, пачала гэты факт адмаўляць, крычаць, што яны гэта не прызнаюць. Нас гэта вельмі зьдзівіла і абурыла. Мы проста ўсталі і выйшлі на знак пратэсту. Тады я пераканалася, як расейцы агрэсіўна адмаўляюць беларусам у любым першынстве — у тым жа кнігадрукаваньні, у культурніцкіх уплывах. Яны проста ня могуць гэтага дапусьціць.

— Нядаўна мне трапіла ў рукі цікавая кніга — аўтарская анталёгія перакладчыка зь Ліды Пятра Макарэвіча, куды ўвайшлі вершы ста беларускіх паэтаў у перакладзе на расейскую мову. Дарэчы, называецца анталёгія паводле вашага верша — «Птица свободы». Выйшла кніга ў Менску. Вось жа ў Маскве амаль перасталі выдаваць беларускіх аўтараў. Там няма каму гэтым займацца?

— Расейскі Саюз пісьменьнікаў тасама падзяліўся на некалькі саюзаў. Саюз, які ўзначальвала сьветлай памяці Рыма Казакова, імкнуўся да разуменьня таго, што ёсьць беларуская літаратура. Цяпер я такіх

У мяне такое адчуваньне, што ў Маскве ігнаруюць наш саюз менавіта з тае прычыны, што ён — нацыянальны

асобаў у Маскве ня бачу. Гэта вельмі сумна. І прэміі расейскія даюцца толькі чаргінцоўскаму саюзу, усе сувязі наладжваюцца толькі зь ім. У мяне такое адчуваньне, што ў Маскве ігнаруюць наш саюз менавіта з тае прычыны, што ён — нацыянальны. І ўсё ж я лічу, што дружба народаў мусіць быць, але яна мусіць быць раўнапраўнай. Мы, беларусы, маем сваю гісторыю, сваю літаратуру, і сапраўдны расейскі інтэлігент мусіць гэта прызнаваць. Так, у нашай гісторыі былі і трагічныя старонкі, ня трэба іх замоўчваць, ня трэба фальшаваць, як пісаў некалі Абэцадарскі, што беларусы толькі і марылі, каб аб’яднацца з Расеяй. Гэта ня так. Лепшыя сілы народу марылі жыць з усімі суседзямі ў сяброўстве, але — не ператварацца ў чыесьці губэрні, замяніўшы сваю нацыянальную мову на расейскую.

— А вы верыце, што адносіны Беларусі і Расеі могуць быць раўнапраўнымі? На тле тых падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне?

— Як аптымістцы, мне хацелася б верыць, але, на жаль, рэаліі не даюць падставаў для такога аптымізму. Беларусь — намнога меншая краіна, чым Украіна, і нам адбіцца будзе нашмат складаней. Да таго ж, нашыя ўладныя структуры, на маю думку, кантралююцца расейскімі спэцслужбамі, якія адмыслова працуюць на размываньне беларускай нацыянальнай мэнтальнасьці. Яны тут працуюць — мы павінны гэта вельмі добра ўсьведамляць. Таму час «ч» можа ўзьнікнуць у любую хвіліну. Толькі б даў нам Бог сілы супраціўляцца.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG