Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бандарэнкі ў судзе. За тры бойкі яму пагражае да 10 гадоў


У Кастрычніцкі суд Менску паступіла крымінальная справа былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі, якога абвінавачваюць у злосным хуліганстве.

Мінула 3 месяцы, як арыштавалі былога палітвязьня, цяпер ужо і былога кіраўніка «Плятформы інавэйшн» Андрэя Бандарэнку. Крымінальную справу Андрэя Бандарэнкі вёў Сьледчы камітэт. Днямі справу перадалі ў Кастрычніцкі суд Менску, дзе яна і будзе разглядацца. У Кастрычніцкім судзе паведамілі, што справу Бандарэнкі атрымалі, але дзень суду яшчэ невядомы. Працэс прызначаць на ліпень, мяркуе калега Андрэя Бандарэнкі, праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч, якая нядаўна заступіла на пасаду кіраўніка «Плятформы»:

«Усё ўжо, паціху ідзе да канца. Чакаем прызначэньня дня суду. Стаміліся ўжо ўсе, мяркую, і Андрэй таксама».

Паводле сьледзтва, Андрэй Бандарэнка нібыта ўчыніў злоснае хуліганства: два эпізоды справы — пра зьбіцьцё жанчын, яшчэ ў адным фігуруе бойка з мужчынам. Як мяркуе праваабаронца, былы палітвязень Мікіта Ліхавід, гэты эпізод падобны да правакацыі. Мікіта быў сьведкам таго, як Андрэй Бандарэнка, выходзячы з кавярні, сутыкнуўся з мужчынам, які нібыта яго чакаў:

«Гэты чалавек стаяў побач з кафэ, калі Андрэй выйшаў. І раптам падышоў да Андрэя і папрасіў у яго закурыць у вельмі грубай форме. Гэтак і ўзьнік канфлікт. Таму нельга выключаць нейкай сплянаванай правакацыі. Але, безумоўна, на 100% гэта ня скажаш».

Усе тры эпізоды, якія расьсьледаваліся, трапілі ў крымінальную справу. Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, сьледчыя лічаць, што віна Андрэя Бандарэнкі ў судзе будзе даказаная.

Ці прызнае сябе вінаватым Андрэй Бандарэнка? Алёна Красоўская-Касьпяровіч распавяла, што ў першых лістах з ізалятару Андрэй выказваў раскаяньне ў сваіх учынках, але што да ягонай пазыцыі ў судзе, то пакуль яна невядомая:

«Ён асабліва пра гэта ня піша, а адвакат наш цяпер у адпачынку, да 10 ліпеня. Але чаму, уласна кажучы, мяняцца? Мне здаецца, што давядзецца прызнаваць. Але гэтая мая пазыцыя».

Андрэю Бандарэнку пагражае 10 гадоў зьняволеньня. Ягоныя калегі спадзяюцца, што пакараньне будзе значна меншым. Тое, што праваабаронца раней прыцягваўся да суду, паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, не павінна разглядацца як абцяжарваючыя абставіны, бо ў выніку тады Андрэй Бандарэнка быў апраўданы і судзімасьць зь яго зьнялі.

Утрымліваюць Андрэя Бандарэнку ў ізалятары на Валадарскага. Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, на ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG