Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея адчуе ціск ўсяго сьвету»


Андрэй Дзяшчыца

Андрэй Дзяшчыца

Экс-міністар замежных спраў Украіны Андрэй Дзяшчыца — пра крызіс на ўсходзе краіны.

Былы выканаўца абавязкаў міністра замежных спраў Украіны Андрэй Дзяшчыца лічыць, што антытэрарыстычная апэрацыя на ўсходзе краіны можа працягвацца паралельна з перамовамі аб урэгуляваньні сытуацыі, ня згодны з тым, што ад Украіны нямногае залежыць у цяперашнім крызісе, і ўпэўнены, што новыя санкцыі ЭЗ і ЗША павінны быць уведзеныя не ў адказ на непасрэднае ўварваньне Расеі, а для яго папярэджаньня. Дзяшчыца распавёў Радыё Свабода, чаму правалілася выкананьне жэнэўскіх пагадненьняў, якая канчатковая мэта Ўладзіміра Пуціна ў расейска-ўкраінскім канфлікце і чаму выкананьне песенькі пра расейскага прэзыдэнта каля амбасады Расеі ў Кіеве выратавала жыцьцё абложаным ў будынку дыпляматам.

— Нягледзячы на аднаўленьне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Украіны пасьля замірэньня, ці ёсьць у вас адчуваньне, вера, што гэты канфлікт яшчэ можна вырашыць мірным шляхам?

— Заўсёды трэба спадзявацца на тое, што ўсё можна вырашыць мірным шляхам, шляхам перамоў. Але, на жаль, сытуацыя на ўсходзе зайшла ўжо так далёка, што, напэўна, трэба будзе выкарыстоўваць і дыпляматычныя магчымасьці, і антытэрарыстычную апэрацыю — такая рэальнасьць.

— Гэта значыць, гэтыя працэсы могуць ісьці паралельна?

— Так, я не выключаю такой магчымасьці.

— Вы прабылі выканаўцам абавязкаў міністра замежных спраў Украіны крыху менш за 4 месяцы, але гэтыя 4 месяцы былі напоўнены падзеямі як ня кожнае дзесяцігодзьдзе. Ці можаце назваць тры галоўныя вынікі сваёй працы на гэтай пасадзе?

Пятро Парашэнка падпісвае другую, эканамічную частку пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ

Пятро Парашэнка падпісвае другую, эканамічную частку пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ

— Самым галоўным было падпісаньне палітычнай часткі пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ. Гэта працэс, з-за прыпыненьня якога і паўстаў Эўрамайдан. Падпісаньне гэтага дакумэнту 21 сакавіка, вядома, было сур’ёзным посьпехам Украіны наогул і дыпляматычнай службы Ўкраіны ў прыватнасьці. Гэта быў першы крок, за ім услед адбылося падпісаньне другой, эканамічнай часткі гэтага дакумэнту 27 чэрвеня, і зараз мы атрымалі цэласны дакумэнт, які будзе ратыфікаваны ў найбліжэйшым часе. Другое дасягненьне, якога вельмі чакаюць людзі, гэта рашэньне пытаньняў аб лібэралізацыі візавага рэжыму з краінамі Эўразьвязу. У канцы траўня ЭЗ прызнаў пазытыўнымі вынікі першай фазы гэтага працэсу. Цяпер мы пераходзім да другой фазы, і гэта, безумоўна, адзін са станоўчых вынікаў працы. І па-трэцяе, мне здаецца вельмі важным, што нам удалося дасягнуць вельмі шырокай кааліцыі, адзінства сярод краін сьвету ў падтрымку Ўкраіны. У першую чаргу пра гэта сьведчыць прыняцьце рэзалюцыі ААН у падтрымку тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны, за якую прагаласавалі 100 краін. Але таксама я маю на ўвазе і падтрымку Украіны ў іншых міжнародных арганізацыях: АБСЭ, Эўрапейскім Зьвязе, Радзе Эўропы. Гэтая згуртаванасьць будзе вельмі важная і ў будучыні.

— У красавіку вы прадстаўлялі Ўкраіну на чатырохбаковых перамовах у Жэнэве па вырашэньні крызісу на ўсходзе краіны. Чаму дасягнутае па выніках гэтых перамоваў пагадненьне фактычна выканана не было?

Удзельнікі перамоваў у Жэнэве 17 сакавіка: Джон Керы, Сяргей Лаўроў, Кэтрын Эштан і Андрэй Дзяшчыца

Удзельнікі перамоваў у Жэнэве 17 сакавіка: Джон Керы, Сяргей Лаўроў, Кэтрын Эштан і Андрэй Дзяшчыца

— Па-першае, мне здаецца, што ня ўсе ўдзельнікі гэтых перамоваў былі адданыя ідэі імплемэнтацыі гэтых пагадненьняў. У першую чаргу я кажу пра Расею. Расея ўвесь час адыходзіла ад выкананьня сваіх абавязкаў, прадугледжаных нашымі дамоўленасьцямі. Мы былі гатовыя ўсебакова спрыяць дээскаляцыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Гэты працэс адбываўся, Міністэрства замежных спраў кожны дзень праводзіла нарады з бакамі жэнэўскай сустрэчы: прадстаўнікамі пасольстваў ЗША, Расеі, Эўрапейскага Зьвязу, а таксама маніторынгавай місіі АБСЭ, якая мелася назіраць за выкананьнем гэтых дамоўленасьцяў. Мы на штодзённай аснове плянавалі, якія крокі павінны быць зроблены ўсімі ўдзельнікамі гэтага працэсу, у першую чаргу, вядома, Украінай. Тым часам, расейскі бок трымаўся ў баку ад працэсу і потым нават самаўхіліўся ад удзелу ў такіх штодзённых практычных нарадах па рэалізацыі жэнэўскіх дамоўленасьцяў. Так што мне здаецца, што Расея проста цягнула час і перафарматоўвала свае падыходы і ацэнку сытуацыі на ўсходзе Украіны замест рэальных намаганьняў па дээскаляцыі сытуацыі.

— Якая канчатковая мэта Пуціна ва Ўкраіне?

Андрэй Дзяшчыца і міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер

Андрэй Дзяшчыца і міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер

— Я мяркую, гэтая мэта не зьмянялася з самага пачатку канфлікту паміж Расіяй і Украінай — з канца лютага, калі быў анэксаваны Крым. Можа быць, гэта прагучыць банальна, але мэта — дэстабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне. Цяперашняе кіраўніцтва Крамля зацікаўлена ва Ўкраіне, якая павінна быць слабой, няўпэўненай і падпарадкаванай Расеі. Гэтага можна было дасягнуць у розных канфігурацыях — шляхам анэксіі Крыму, падтрымкай экстрэмісцкіх рухаў на ўсходзе Украіны, спрыяньнем тэрарыстычным актам, падтрымкай рознага роду дывэрсійных груп. Але ў канчатковым выніку мэта адна — гэта дэстабілізацыя сытуацыі і прадстаўленьне сьвету Ўкраіны як краіны, якая ня можа самастойна існаваць.

— Чаму ЗША і ЭЗ пакуль марудзяць з увядзеньнем новых санкцый супраць Расеі? Ёсьць меркаваньне, што Расея пагражае непасрэдна ўварвацца ва Украіну ў адказ на ўвядзеньне трэцяга пакета санкцый, — яго выказала дэпутат нямецкага парлямэнту Марылуізэ Бэк. Гэта падобна на праўду?

— Дэпутаты, палітыкі маюць права выказваць любыя вэрсіі. Але мы павінны разумець, што ўрэгуляваць сытуацыю, вырашыць канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай можна толькі мэханізмамі дыпляматычнага і эканамічнага ўплыву і ціску на Расею. Ніхто, як мне здаецца, ня хоча вайны — ні ў Эўрапейскім Зьвязе, ні ў Злучаных Штатах. І ва Ўкраіне ніхто ня хоча, каб гэтае пытаньне вырашалася толькі ваенным спосабам. Але для таго, каб спыніць расейскую агрэсію, патрэбныя і палітычныя перамовы, і дыпляматычныя перамовы, і эканамічныя санкцыі. Тады комплексныя рычагі ціску будуць мець эфэкт. Эўрапейскі Зьвяз і ЗША павінны разумець: санкцыі неабходныя не пасьля таго, як, не дай Бог, ужо адбудзецца непасрэднае ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, а, наадварот, трэба гэта прадухіліць, гэтыя санкцыі павінны быць прэвэнтыўнымі. Расея павінна разумець, што яна будзе адчуваць ціск ня толькі з боку Ўкраіны, але і ўсяго сьвету, калі яна будзе працягваць парушаць дамоўленасьці і нормы міжнароднага права.

— Ёсьць меркаваньне, што ў цяперашніх умовах ад Украіны наогул мала што залежыць. Што вы можаце сказаць тым, хто кажа, што Украіна — гэта ўсяго толькі гэтакі «пірог», які дзеляць ЗША, Эўропа і Расея, што ваша краіна ня здольная самастойна вырашаць свой лёс?

Аўтамабілі супрацоўнікаў расейскага пасольства ў Кіеве, разгромленыя падчас акцыі пратэсту 15 чэрвеня

Аўтамабілі супрацоўнікаў расейскага пасольства ў Кіеве, разгромленыя падчас акцыі пратэсту 15 чэрвеня

— Насамрэч ад Украіны цяпер залежыць вельмі многае. Тая сытуацыя, у якой мы цяпер апынуліся, яшчэ раз пацьвярджае, што Ўкраіна павінна ў першую чаргу разьлічваць на свае ўласныя сілы ў аднаўленьні парадку, законнасьці і тэрытарыяльнай цэласьці. Гэта ў інтарэсах Украіны і ўкраінскага народу. Але, вядома, мы разумеем, што без падтрымкі Захаду супрацьстаяць ваеннай моцы Расеі будзе вельмі цяжка. Таму ў гэтай сытуацыі трэба актыўна дамагацца падтрымкі Захаду дзеля захаваньня адзінай і моцнай Украіны, а ня проста пасіўна баяцца падзелу Ўкраіны як пірага. Я на 100% упэўнены ў тым, што Ўкраіна справіцца са сваёй роляй актыўнага ўдзельніка міжнародных адносін і іх актыўнага суб’екта.

— Давайце ўсё ж такі трохі пагаворым аб той гісторыі ля расейскай амбасады ў Кіеве. Як вы ўспрымаеце той факт, што ў Расеі на вас літаральна накінуліся ў сувязі з гэтай гісторыяй, былі і непасрэдныя пагрозы, чаму ў Расеі гэтая песенька выклікала такую буру эмоцый?

14 чэрвеня– Андрэй Дзяшчыца супакойвае людзей каля пасольства Расеі ў Кіеве – акцыя пратэсту пачалася пасьля навіны пра зьбіты ў Луганку самалёт з украінскімі дэсантнікамі і амаль не перарасла ў штурм дыппрадстаўніцтва

14 чэрвеня– Андрэй Дзяшчыца супакойвае людзей каля пасольства Расеі ў Кіеве – акцыя пратэсту пачалася пасьля навіны пра зьбіты ў Луганку самалёт з украінскімі дэсантнікамі і амаль не перарасла ў штурм дыппрадстаўніцтва

— Я думаю, што ў Расеі вырвалі з кантэксту толькі адзін эпізод, замест таго каб зьвярнуць увагу на ўвесь спэктар гэтай праблемы. Насамрэч сытуацыя каля амбасады была вельмі, вельмі небясьпечная, выбухованебясьпечная. І тое, што нам удалося прадухіліць правакацыю, выратаваць пасольства ад штурму і, у рэшце, захаваць і пасольства, і жыцьцё дыпляматаў, якія там знаходзіліся ... я думаю, менавіта гэта заслугоўвае ўвагі.

XS
SM
MD
LG