Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня кожны трактар на сьвеце — «Беларус», але кожны беларус у душы — трактар. Такі самы непераборлівы, міралюбны, ціхаходны, канкурэнтаздольны на сусьветных рынках, з высокай праходнасьцю і блізка пасаджанымі вачыма, якія так зырка гараць у цемры і ў якіх заўсёды прачытваецца жаданьне нешта ўзараць. Поле там, могілкі або гістарычнае прадмесьце — якая розьніца.

Бо трактар, па сутнасьці, ёсьць вынікам эвалюцыі плуга, а не дэградацыі танка. Земляроб, а не барацьбіт. Каін у пошуках свайго Авэля. І калі б біблейская гісторыя адбылася сёньня, бедны Авэль, пэўне, абавязкова трапіў бы не пад гарачую руку брата, а пад трактар — як вясковец уначы па дарозе з дыскатэкі.

Зрэшты, гэта ўсё дэталі, а сам сюжэт, відаць, паўтарыўся б — бог любіць мяса з крывёй. Пра гэта сьведчыць ня толькі Біблія, але і айчынная гісторыя, ня менш жорсткая і ня менш павучальная за гісторыю МТЗ.

І сапраўды: тое, што гэтым старазапаветным трактарам-братазабойцам зрабіўся б наш «Беларус», цалкам верагодна. Шанцы ён і праўда меў бы неблагія: амаль дзесяць адсоткаў на сусьветным рынку — гэта вам ня жарты. Жарты — гэта калі цэлы агромністы трактарны завод ляжыць проста пасярод жылых раёнаў, літасьціва павярнуўшыся ліцейкай да лесу. Ляжыць і пахне, як згарэлая на пліце яешня. Ён расчульвае, як газавы балёнчык, і размаўляе сам з сабой, як народны паэта. І ставіць на ўсіх, хто трапляе ў ягоныя ўладаньні, сваё таўро — не, ня Каінава, а проста аўтограф. Знак якасьці. Знак прыналежнасьці і далучанасьці.

Кожны другі жыхар Партызанскага і Заводзкага раёнаў сталіцы — пасіўны трактарабудаўнік. Нават калі ён ніколі не бываў на тым баку прахадной — дакладней, адной з тых шматлікіх прахадных, раскіданых па пэрымэтры МТЗ як дзьверы ў іншы сьвет, за якімі штодня робяцца цуды. Звычайныя беларускія цуды.

Я там быў. Мёд-піва ня піў, але сьпірт — даводзілася. Там пяюць і скачуць народныя ансамблі, праводзяцца шахматныя турніры, стаіць лянівы ленін, друкуюцца газэты, прымаюцца іншаземныя паслы, перакладаюцца кнігі, гадуюцца дзеці, гартуюцца душы, растуць грашовыя дрэвы, цякуць малочныя рэкі... Вось як шмат атрымліваецца з банальнага, чыста фізіялягічнага жаданьня зрабіць краіне прыемнае — то бок трактар. Палітыка з эканомікай, сацыялка, культура, спорт. МТЗ — дзяржава ў дзяржаве. Абкладзенае дзяржаўнай данінай княства, ва ўнутраныя справы якога ніхто ня мае ахвоты лезьці. Ну, хіба што шпіёны, якія зайздросьцяць беларускаму цуду. Якія хочуць ведаць, у чым сакрэт гэтых трох літар?..

Там, сярод акацый і трактароў, ходзяць па ходніках людзі — рыхтык такія, як мы з вамі. Такія, ды не такія. Трактар для іх — катэгорыя маральная. Ня маючы трактара, чалавеку цяжка супрацьстаяць д’яблу зь ягонымі строямі колеру хакі. У трактар наогул можна толькі верыць. У трактар «Беларус» ня верыць немагчыма. Інакш зямля з-пад ног сыходзіць, як у таго Авэля.

Прыемна, калі ў сьвеце цябе пазнаюць па трактарах, а не па танках. Трактары на парадзе — гэта зусім ня тое, што танкі ў Празе. Калі бачыш менскіх маладых, якія адразу пасьля ЗАГСу едуць на белым трактары ў напрамку Вострава Сьлёз, бачыш, як падрыгвае беласьнежная труба, пакідаючы на вясельных сукенках чорныя пляміны дыму, і як чхае шчасьлівы малады, далікатна высоўваючы нос з кабіны, разумееш: гэты народ не перамагчы. Няхай іншыя марнуюць грошы на касьмічныя праграмы — на трактары таксама можна прыехаць у будучыню. А на танку — толькі ў мінулае.

...На ўсіх дарогах — менскія аўто,
На плечах іхніх цяжкая нагрузка,
І ва ўсім сьвеце скажа хіба хто,
Што дрэнны трактар з маркай беларускай? —

пытаецца ў сьвету паэт Мікола Хведаровіч. Цішыня. Сьвет маўчыць. Ніхто не адказвае паэту. Бо што тут яшчэ скажаш? Гэта для беларусаў можа мець значэньне, што раней іхны трактар называўся «Беларусь», як краіна — а потым пачаў звацца «Беларусам», як хлопчык з хрэстаматыйнага дзіцячага верша. Памятаеце? «Блакіт нябёс і белы бусел, і кветкі ў полі, як абрус, мой трактар зваўся «Беларусьсю», цяпер ён — трактар «Беларус»... Іншаземцам усё роўна: «Belarus» — яна і ў Афрыцы Бэлярус.

Як і кожны мэханізм, трактар — штучны працяг чалавечай канцавіны. Беларусы жывуць з трактарамі на руках, якія ўжо не адпілуеш — занадта ён, трактар, родны, наш, занадта моцна мы да яго прырасьлі. Як такія сабе Эдварды Рукі-Нажніцы, мы ідзем па сьвеце. Нас ніхто не баіцца. Хіба што насьцярожваюцца трохі, калі мы набліжаемся. Хто там ідзе? У агромністай такой грамадзе? — пытаюцца адзін у аднаго вартавыя на вежах. Хто-хто ідзе... Эмтэзе, адказваем мы. І твары сьвятлеюць, і сэрцу трывожна ў грудзях, і габарытныя агні гараць, як сонцы новага дня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG