Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спэцыяльны карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калесьнікаў апісаў у сваім іранічным рэпартажы з Менску дэталі візыту прэзыдэнта Расеі, у прыватнасьці, наведваньня ім музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Экспазыцыя пачынаецца з мармуровай чашы, па верхнім баку якой высечаны надпіс: «Тут захоўваецца памяць пра тых, па кім мы смуткуем...» Як высьветлілася, у цэнтры чашы месьціцца капсула, якую туды ў 2010 годзе зьмясьціў асабіста прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Галоўная інтрыга ў тым, што менавіта знаходзіцца ў капсуле. Справа ў тым, што пасланьне напісаў таксама прэзыдэнт Беларусі, але што там менавіта, ня ведае ніхто, акрамя яго. А ён ня кажа. Так, прынамсі, гаворыць першая легенда новага музэю. Так што ў нашчадкаў могуць быць нечаканасьці.

Экспанаты музэю часам вельмі пранізьлівыя. У такім музэі ня можа быць па-іншаму. Пры гэтым асабліва аформлены, напрыклад, кавалак малой галёначнай косткі невядомага салдата, намёртва упаяны ў яго фляжку. Гэты экспанат зроблены як карціна — ён у раме з промнямі з доўгіх сталёвых пласьцін.

Менск аддалі немцам за тры дні жорсткіх баёў, а ўзялі за адзін дзень, і баі, вядома, былі такімі ж жорсткімі. Абедзьве падзеі знайшлі маштабнае адлюстраваньне ў экспазыцыі.

Наогул, музэй і праўда велізарны. З баявой тэхнікі, прадстаўленай тут, можна скласьці зэнітную батарэю, калёну грузавікоў і танкавы ўзвод — хоць цяпер у самае пекла, пад Краматорск.

Вельмі шмат фатаграфій байцоў Чырвонай арміі, мірных жыхароў, ваеннапалонных — і гэтыя твары робяць самае моцнае ўражаньне.

Наогул, відаць, што стваральнікі музэю вельмі стараліся: амаль усе экспанаты сапраўдныя, а з заўважных копій толькі ордэн Перамогі славутага беларуса, начальніка Генэральнага штабу (у 1945-1946 гадах) генэрала арміі Аляксея Антонава (але затое ёсьць яго асабістыя рэчы, пакуль ня выстаўленыя тут: патрэбен час, каб зразумець, якія зь іх вартыя ўсеагульнага агляду).

На ўваходзе Уладзімера Пуціна сустракаў Аляксандр Лукашэнка, які прыехаў сюды разам з сынам Колем на некалькі хвілін раней за расейскага прэзыдэнта. Калі Ўладзімер Пуцін выходзіў з машыны, Колю зьлёгку і максымальна ветліва адціснулі ад Аляксандра Лукашэнкі. Хлопчык, зрэшты, усё зразумеў правільна: пакуль гэта не яго мерапрыемства (але ж прыйдзе час, і гэта ён будзе сустракаць Уладзімера Пуціна ля ўваходу ў гэты музэй напярэдадні чарговага юбілею...).

Экспазыцыю прэзыдэнты аглядалі старанна. У гэты час наверсе, у Залі славы музэю, разьмясьцілі вэтэранаў, грамадзкіх дзеячаў Беларусі, журналістаў. І зусім пад купалам — зьмяшаны хор, які павінен быў грымнуць у патрэбны час.

Скончыўшы агляд экспазыцыі, прэзыдэнты падняліся ў Залю славы. На выхадзе з памяшканьня, дзе была разьмешчаная апошняя экспазыцыя, дзяўчына ў нацыянальным строі працягнула Аляксандру Лукашэнку букет кветак. Ён, мабыць, спачатку вырашыў, што букет яму дадзены для выкарыстаньня ў Залі славы, але потым зразумеў, што прамаўляць з букетам кветак у руках дзіўна. І узяўшы яго, агледзеўся і аддаў іншай дзяўчыне, якая стаяла побач.

Зрэшты, шчасьлівыя былі абедзьве.

Тут жа быў і Коля з вялікім бантам у колерах нацыянальнага сьцягу Беларусі. На нейкі момант ён згубіўся сярод фотакарэспандэнтаў, якія мітусіліся ля ўваходу ў залю. Вонкава ён заставаўся пры гэтым цалкам спакойным: яму не прызвычайвацца да пратакольнай мітусьні. Зрэшты, яго хутка ўзялі ў надзейнае атачэньне беларускія ахоўнікі: яны добра ведалі сваю галоўную працу.

Прамова Аляксандра Лукашэнкі была ўрачыстай і наступальнай. Ён аддаў даніну памяці загіблых за вызваленьне Менску і заявіў, што заходнеэўрапейскія лідэры замест удзячнасьці за вызваленьне іх краін дэманструюць «пагардлівы дыктат і санкцыі».

Пад санкцыямі ён меў на ўвазе, вядома, ня толькі тое, што ўжылі да Расеі: Беларусь ужо даўно жыве пад рэальнымі эканамічнымі санкцыямі (і квітнее, зрэшты!).

У Беларусі, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, падчас вайны было ўсякае, але не было здрады і баязьлівасьці, «як у некаторых заходніх сталіцах» (якія, дзякуючы гэтаму, між іншым, і ацалелі).

— Наш самы бліжэйшы і надзейны саюзьнік — Расея, — канстатаваў беларускі прэзыдэнт (гэтыя словы яшчэ дорага абыдуцца ня столькі заходнеэўрапейскім лідэрам, колькі перш за ўсё — расейскаму бюджэту). Пагарду, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, — выклікае адкрытая хлусьня пра вайну, калі захопнікаў называюць вызваліцелямі. Такіх марадзёраў мы таксама пераможам разам!

Гаворка спадара Пуціна была значна памяркоўнейшай і адпавядала ўрачыстаму пратаколу моманту.

Прэзыдэнты перадалі ў дар музэю падарункі. Гэта быў меч, выкаваны ў Залатавусьце. Чаму менавіта меч? А, напэўна, таму, што хто зь ім да нас прыйдзе, той ад яго ў нас і загіне. Акрамя таго, Уладзімер Пуцін падараваў музэю некалькі старонак з газэты «На штурм» з рэпартажам аб вызваленьні Менску. (А я думаў, падорыць шчыт. Зрэшты, шчыт Беларусі падарылі яшчэ раней, прычым ядзерны.)

Раптам, калі Аляксандр Лукашэнка хацеў яшчэ нешта сказаць, пад скляпеньнямі Залі славы грымнула фанаграма з дзіўным напевам «ла-ла-ла-ла», але тут жа і заглухла, каб праз хвіліну загучаць ізноў: аказалася, гэта быў пачатак песьні «Дзень Перамогі », зь якой павінен быў выступіць хор (упэўнены, гэтыя людзі гатовыя былі справіцца і без фанаграмы: выгляд гэтых гатовых ісьці, а дакладней, стаяць да канца людзей казаў пра гэта).

Урачыстасьць скончылася. Коля глыбока ўздыхнуў і запытальна паглядзеў на ахоўніка. Той кіўнуў яму: «Час».

Празь некалькі сэкунд сын быў ужо са сваім бацькам.

XS
SM
MD
LG