Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытыя сьведкі вайны


Андрэй Дзьмітрыеў, Галіна Гаўліна, Сяргей Вазьняк

Андрэй Дзьмітрыеў, Галіна Гаўліна, Сяргей Вазьняк

У Беларусі каля 950 тысяч чалавек, якім цяпер больш за 70 і якія ў дзяцінстве перажылі жахі вайны. Але яны не падпадаюць пад дзеяньне ўказу прэзыдэнта «Аб аказаньні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Іхні прававы статус ня вызначаны законам «Аб вэтэранах». І многія зь іх адчуваюць сябе пакрыўджанымі і абдзеленымі ўвагай дзяржавы. Грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» 3 ліпеня пачала акцыю «Падтрымаем дзяцей вайны». Яе мэта — дамагчыся ад Палаты прадстаўнікоў і ўраду рашэньня, якое б афіцыйна зацьвердзіла прававы статус такіх людзей, як гэта зроблена ў некаторых рэспубліках былога СССР«.

Адзін зь лідэраў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў расказвае пра тое, чаму яны зьвярнулі ўвагу на гэту праблему:

«Асноўная мэта акцыі — каб тыя людзі, якія прайшлі вайну дзецьмі, атрымалі статус удзельніка вайны. А разам з гэтым статусам — павагу ад дзяржавы, павышаныя пэнсіі, сацыяльныя льготы — тое, што яны насамрэч заслужылі. Мы ўжо даслалі каля 700 лістоў. Сёньня я асабіста хаджу па кватэрах і віншую гэтых людзей, і шмат хто зь іх кажа, што першы раз за ўсё жыцьцё да іх хтосьці прыйшоў і павіншаваў з гэтымі сьвятамі».

Спачатку людзі зьдзіўляліся, казалі: «Вы памыліліся, я не вэтэран», а потым дзякавалі, распавядалі пра сваё жыцьцё, кажа Андрэй Дзьмітрыеў.

Анатолю Хвесю 81 год. Нарадзіўся ён у Менску, але ў 1941-м бацька-вайсковец служыў у Чарнаўцах. Як толькі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт, а сям’ю — жонку і 8-гадовага сына — адправіў у эвакуацыю. А сам з вайны не вярнуўся:

«Бацька сказаў, што вы даедзеце да Камянца-Падольскага, а мы будзем ужо ў Бэрліне. А насамрэч прайшло доўгія чатыры гады... У сяле пад Міргарадам мы правялі ўсю акупацыю. Спачатку ў нас былі нейкія рэчы, якія маці прадавала, абменьвала на ежу. Маці рабіла ў калгасе. Цяжка было. Кавалачак хлеба мог расьцягнуцца на цэлы дзень. Засталося ў памяці, як нямецкія „сьцярвятнікі“ насіліся над шашой і дабівалі мірных жыхароў, якія былі ў эвакуацыі, як дзеці сядзелі каля трупа маці... Усё гэта засталося ў памяці, нікуды ад гэтага я не магу падзецца».

79-гадовая Фрыда Рэйзман — вязень Менскага гета. Ёй пашчасьціла выжыць, але дзяцінства ў жанчыны не было:

«Я перажыла 6 пагромаў. Я так баялася сьмерці — мне было толькі 7 гадоў. У дзіцячым доме, якія знаходзіўся ў гета, выразалі ўсіх дзяцей, проста ў ложках, галодных. А старэйшых білі так, што яны крычалі: „Дзядзечкі, ня біце, мы самі ў машыны пойдзем“. Фашысты ўрываліся ў кожны дом, прастуквалі сьцены, кідалі бомбы ў скляпы. Што тут казаць... Маё дзяцінства — гэта быў такі страх...»

Усім «дзецям вайны» цяпер далёка за 70. Здароўя ўжо няма. Ільготаў, зьніжак хаця б на лекі — таксама няма, кажа Анатоль Хвесь:

«Нічога, нічога няма... Самае страшнае, канечне, для людзей майго ўзросту, што ўсе яны хворыя, усім ужо пераваліла за 80, а ведаеце, якія ў нас кошты на лекі? У мяне сэрца хворае, лекі кардыялягічныя на месяц каштуюць больш за мільён».

Андрэй Дзьмітрыеў запэўнівае, што акцыя гэтая ня разавая. Кампанія «Гавары праўду» будзе дамагацца, каб урад зьвярнуў увагу на гэтых людзей:

"Для нас важна, каб за гэты год грамадзкі ціск на ўрад быў вялікі, каб урад да 9 траўня 2015 году прызнаў дзяцей вайны ўдзельнікамі вайны. Мы ўжо напісалі зварот да ўраду ў парлямэнт, будзем спрабаваць зрабіць ціск і праз саміх гэтых людзей — дашлем ім форму, каб яны накіроўвалі свае звароты да дэпутатаў, пастараемся прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай праблемы. Нам падаецца, што ўвага да чалавека — гэта найлепшы падарунак, які б дзяржава магла зрабіць. Таксама мы плянуем выдаць кнігу ўспамінаў дзяцей вайны пра вайну.

XS
SM
MD
LG