Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой маленькі Ізраіль


У дзяцінстве я жыў у Ізраілі. Называўся ён Чарнаўцы. Спачатку мне пра гэта сказаў бацька. На маё пытаньне, ці ён бываў за мяжою, ён адказаў: «Мы жывем за мяжою». Але не ўдакладніў, за якой менавіта. Я ведаў, што яўрэі жывуць ня толькі ў Чарнаўцах, але і ў Маскве, Кіеве, Ленінградзе. Але сталічныя яўрэі жылі іншым жыцьцём: яны ўсе без выключэньня былі людзьмі багатымі і годнымі. А ў нас яўрэі былі розныя: валютчыкі, лекары, прастытуткі, шпана, спартоўцы, сярод іх удзельнік Алімпійскіх гульняў, чэмпіёны Ўкраіны і СССР. Я ўвогуле ў дзяцінстве лічыў, што найлепшыя спартоўцы ў сьвеце — яўрэі, асабліва дужаньнікі і баксёры. Пра тое, што ёсьць такая краіна Ізраіль, я даведаўся вельмі рана. З Чарнаўцоў нават у самыя лютыя халодныя войны ў Палестыну выяжджалі назаўсёды. Я вельмі спачуваў Ізраілю: у шасьцідзясятыя гады туды ехала яўрэйская галота — маткі-самотніцы з смаркатымі дзецьмі, інваліды, якіх гнаілі ў катухах спагадлівыя сваякі, рэцыдывісты, паэты, што пісалі на нікому не патрэбным ідышы. Гэта была мутная ручаінка, якая, як мне тады здавалася, можа забрудзіць чыстыя вадаёмы Ізраілю, створаныя ў пустыні яўрэйскім геніем. Мае яўрэйскія сябры ў піку люмпэнам і няўдаліцам, закончыўшы школу, зьяжджалі ў Сібір і там у 15 гадоў рабіліся дактарамі фізыка-матэматычных навук. Чаму яны выбіралі Сібір, я не асабліва задумляўся. Гэта было цалкам у духу прыгодніцкіх раманаў, якімі я тады зачытваўся. Але памалу ручаінка налівалася, раздавалася ўшыркі, пакуль канчаткова ня выйшла зь берагоў. У тыя часы я ўжо чытаў іншыя раманы і пісаў тужлівыя вершы:

Былі часы, ты помніш, на пэрон
бясплатна не пускалі, за ўваход
бралі рубель старымі, і тады
бывала лёгка плакаць, а цяпер -
і гэта ўжо ня першы год -
лускі драбочак яшчарка ня скіне

Вось яшчарка шмыгнула. А вагон
так вузкі, быццам скроні я
рукамі сьціснуў.

Мы не пабачымся. Жахлівы праваднік.
Сырэе ў тамбуры яго пасьцельны твар.
Дай вусны мне твае, і я як шкляр
зь іх выдзьму пацалунак, крохкі і празрысты,
сьціскаючы сяброўкі яшчарчыны хвост.

У гарадку памежным і закрытым
сьлязьмі замілаваньня твар умыты,
той самы колер,
вечны калярыт,
што стэп і уніформы
так збліжае.

Мы не пабачымся. Ў вакзальнай прыбіральні
памрэм на момант ў поціску рукі
я пахіснуся, ў твар мне тхне карболка,
і дакранецца да вачэй іголка,
каб паламацца.

У гэтых вагонах ад’яжджалі ўжо не беспрытульныя самотныя адзінкі, а тысячы, дзясяткі тысячаў. Моды на Амэрыку ў Чарнаўцах не было. Усе ехалі ў Ізраіль. Мне здавалася, што я ледзь не асабіста ведаю ўсіх ізраільцянаў, прынамсі, усіх новых ізраільцянаў, бо родам яны з Чарнаўцоў. Я так блізка стаяў да гэтага патоку, што мяне ўрэшце таксама змыла і панесла. А ў Ізраілі я ўпершыню пабываў, калі мне было ўжо пад сорак. Ён аказаўся велізарнай краінай, населенай велізарным народам. І ніводнага, ніводнага з тых самых чарнавіцкіх «ізраільцянаў» я не сустрэў ні на Мёртвым моры, ні ў Ерусаліме, ні ў Кфар-Дароме.

Пераклад: Сяргей Шупа
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG