Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра звальненьне старшыні «Белнафтахіму»: Лукашэнка ня хоча, каб Жылін удзельнічаў у прыватызацыі «нафтанкі»


Ігар Жылін
Ігар Жылін

Старшыню «Белнафтахіму» Ігара Жыліна зьнялі з пасады без афіцыйнага тлумачэньня прычын. Ці сапраўды Жыліна яшчэ і арыштавалі, як пра гэта без спасылак на крыніцы паведамляюць некаторыя інтэрнэт-рэсурсы?

Неафіцыйныя зьвесткі пра арышт старшыні «Белнафтахіму» Ігара Жыліна, якія зьявіліся ў інтэрнэце ўвечары 2 ліпеня, дагэтуль ніяк не пракамэнтаваныя з афіцыйных крыніц. Прэсавыя службы КДБ і МУС у сьвяточны дзень на званкі не адказвалі. Супрацоўніца Сьледчага камітэту Юля Ганчарова, якая кантактуе з мэдыямі, спаслалася на адпачынак і накіравала да свайго непасрэднага начальніка, які, аднак, слухаўкі не падняў.

Маўчаць і тэлефоны «Белнафтахіму». Між тым Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, дзе зьмяшчаюцца ўсе пастановы ўраду, ужо апублікаваў пастанову ад 30 чэрвеня, згодна зь якой Ігар Жылін вызвалены ад пасады старшыні «Белнафтахіму». Прычына не названая, хоць пры вызваленьні высокіх чыноўнікаў ад пасадаў, як правіла, пазначаецца, у сувязі з чым прынятае такое рашэньне.

Незалежны журналіст Сяргей Сацук, які асьвятляе карупцыйныя працэсы ў Беларусі, не выключае, што звальненьне і магчымы арышт Ігара Жыліна зьвязаныя з судом над ягоным былым намесьнікам Уладзімерам Волкавым, які ў траўні асуджаны на 8 гадоў няволі за хабар:

Сяргей Сацук
Сяргей Сацук

«Мне падаецца, што гэта ўсё ж наступствы справы Волкава. Магчыма, той пайшоў на нейкую зьдзелку са сьледзтвам, бо вельмі спадзяваўся, што яго не асудзяць. Можа, здаў якія схемы, хто ведае. Звычайна, калі арыштоўваюць намесьніка, то ладзяць праверкі, шукаюць доказы і на старшыню. Але Жыліна не арыштоўвалі раней, калі толькі справа пачыналася. Таму, калі ўзялі толькі цяпер, падобна да таго, што Волкаў мог „здаць“. Можа, спадзяецца на амністыю?»

Ігару Жыліну 73 гады. Большая частка ягонай працоўнай біяграфіі зьвязаная з нафтахімічнымі і энэргетычнымі прадпрыемствамі па ўсім СССР, уключна з Таджыкістанам, Грузіяй, Украінай. У Беларусі Ігар Жылін да прызначэньня ў «Белнафтахім» працаваў гендырэктарам «Гродна Азоту». Адмыслоўцы ў нафтавым бізнэсе кажуць пра Ігара Жыліна, што гэта ён быў аўтарам схемы, паводле якой цягам двух гадоў на экспарт пад выглядам распушчальнікаў пастаўлялася сырая нафта, мыта за якую не вярталася ў расейскі бюджэт, як таго патрабуюць расейска-беларускія пагадненьні. Заробленыя паводле гэтай схемы грошы ацэньваюцца ў больш як мільярд даляраў і, як мяркуюць назіральнікі, ішлі ня толькі ў беларускі бюджэт.

Зьвесткі пра арышт Ігара Жыліна супалі з прыездам у Менск расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Ці мог Лукашэнка даць загад арыштаваць Жыліна паказальна — менавіта да гэтага візыту?

«Не, мяркую, Пуцін даўно забыў пра гэтыя схемы, яны ўжо паставілі на іх крыж. Спынілі гэтыя пастаўкі і забылі. Хто там праз два гады будзе гэтыя схемы згадваць, тым больш шукаць вінаватых? Тым больш што тая схема пэўна была санкцыянаваная на ўзроўні дзяржавы. Наўрад ці ў „Белнафтахіме“ самі б на гэта адважыліся».

Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць Ігара Жыліна прарасейскім гаспадарнікам, які заўсёды дбаў і пра інтарэсы расейскага бізнэсу. У канцэрн «Белнафтахім» уваходзіць і «Беларуськалій», які год таму пачаў канфліктаваць з тагачасным расейскім партнэрам — «Уралкаліем». Ці мог грамадзянін Расеі Жылін спрычыніцца да таго, што адносіны з «Уралкаліем» раптоўна сапсаваліся і гэта прывяло да мільярдных стратаў бюджэту?

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Ці ён быў непасрэдна замяшаны ва ўсім гэтым, сказаць вельмі складана. Прыкладам, спадар Іваноў, які непасрэдна кіраваў «Беларускаліем», калі гэта ўсё здарылася, таксама быў чалавекам, які даносіў зьвесткі пра расейскіх партнэраў. Але дакладна ведаю, што спадара Жыліна вельмі не любілі людзі, якія зь беларускага боку працавалі ў гэтым бізнэсе, у тым ліку ў нафтавым. Бо ён хацеў навязаць ім свае правілы гульні, выціснуць ці хаця б падпарадкаваць сабе беларускіх нафтатрэйдэраў. Таму магчыма, што яго нехта падставіў, даў інфармацыю, каб на яго «накапалі».

Чаму ад Ігара Жыліна вырашыў пазбавіцца Аляксандр Лукашэнка, хоць нараканьняў на ягоную працу ў «Белнафтахіме» нібыта не было? Яраслаў Раманчук кажа пра надыход новага палітычнага цыклю:

«Кажу зноў, што гэта быў чалавек Беразоўскага, пры якім працавалі старыя схемы паставак нафты і нафтапрадуктаў, схемы нафтаперапрацоўкі. Гэта была яшчэ тая эпоха, ад яе Лукашэнка ня мог адразу пазбавіцца. І вось гэты час прыйшоў, наступіў новы палітычны цыкль. І перш за ўсё гэта зьвязана з тым, што ў новым палітычным цыкле будзе прыватызацыя. А Лукашэнка, відаць, не хацеў бы, каб гэты чалавек удзельнічаў у прыватызацыйных схемах, каб ён зьявіўся ў прыватных кампаніях, якія будуць валодаць гэтымі прадпрыемствамі ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG