Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатаў Эўрапарлямэнту заклікаюць узяць апеку над беларускімі палітвязьнямі


З такой прапановай да новаабраных калегаў выступілі эўрадэпутаты зь Літвы і Нідэрляндаў.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту Пятрас Аўштравічус (Літва) і Ханс ван Баален (Нідэрлянды) зьвярнуліся да калегаў, эўрапейскіх парлямэнтарыяў, з заклікам узяць палітычную апеку над беларускімі палітвязьнямі.

У іхнім звароце, разьмешчаным 2 ліпеня на сайце фракцыі Эўрапарлямэнту «Альянс лібэралаў і дэмакратаў», адзначаецца:

«Мы вітаем нядаўняе вызваленьне Алеся Бяляцкага — мабыць, найбольш вядомага з палітычных зьняволеных, якіх усё яшчэ трымаюць за кратамі ў Беларусі. Канкрэтны выпадак спадара Бяляцкага і бесьперапынны ўціск грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі патрабуюць непахіснай падтрымкі з боку эўрапейскіх палітыкаў і лідэраў».

Аўштравічус і ван Баален заклікаюць новаабраных дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту і ягоныя палітычныя фракцыі «ўзяць на сябе палітычную апеку над некім зь беларускіх палітвязьняў — дбаючы пра гуманітарную сытуацыю, у якой ён знаходзіцца, пра ягоныя правы і свабоды».

«Такі сымбалічны жэст быў бы вельмі важны, каб падтрымаць разуменьне разбуральнасьці рэжыму Лукашэнкі для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Палітычная апека, да таго ж, дае надзею і падымае дух родным і блізкім затрыманых актывістаў, тым, хто часта апынаецца пад ціскам з боку рэжыму», — лічаць эўрадэпутаты.

Выбары ў Эўрапарлямэнт прайшлі ва ўсіх краінах ЭЗ 22–25 траўня. Першае месца заняла правацэнтрысцкая Эўрапейская народная партыя, якая набрала 28% галасоў выбарцаў. На другім месцы — левацэнтрысцкі Прагрэсіўны альянс дэмакратаў і сацыялістаў, на трэцім — Альянс лібэралаў і дэмакратаў.

XS
SM
MD
LG