Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад 3 ліпеня ў Менску выглядае як вар’яцкі расейскі атракцыён, — Лялькоў


Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

З вострай крытыкай пампэзнага параду на 3 ліпеня ў Менску выступіў адзін зь лідэраў Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

«Расейскія войскі пад расейскім трыкалёрам ў Менску ў дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — гэта зьдзек над гістарычнай праўдай мінулай вайны і недапушчальная падтрымка цяперашняй расейскай агрэсіўнай палітыкі ва Ўкраіне», — заявіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў з нагоды заплянаванага ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у парадзе ў беларускай сталіцы 3 ліпеня.

Паводле Лялькова, цяперашні дзяржаўны сьцяг Расеі — "гэта сымболіка, якую выкарыстоўвалі ў ходзе Другой сусьветнай вайны расейскія нацысцкія фармаваньні на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку так званыя "ўласаўцы","радыёнаўцы " і «камінскаўцы».

«Прысутнасьць яго на парадзе з нагоды гадавіны выгнаньня з беларускай сталіцы нямецка-нацысцкіх захопнікаў гістарычна не абгрунтавана і ператварае гэты парад у фарс», — лічыць палітык.

«Асабліва недарэчным і шкодным для іміджу Беларусі» зьяўляецца ўдзел ва ўрачыстасьцях войскаў, «якія зусім нядаўна ажыцьцявілі рабаўнічыя напады на нашую братэрскую суседку Ўкраіну», — лічыць Лялькоў. Такім чынам «ствараецца надзвычай дрэнны імідж Беларусі як паплечніка і саюзьніка агрэсараў і міжнародных злачынцаў».

Камэнтуючы беларускамоўны выступ Аляксандра Лукашэнка 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашыстаў, прадстаўнік Партыі БНФ заявіў, што «для дзяржаўнага дзеяча і палітыка недастаткова размаўляць па-беларуску, а неабходна весьці прабеларускую палітыку ў інтарэсах беларускага народа, умацоўваць нацыянальны сувэрэнітэт і не гандляваць агульнанародным здабыткам».

«Парад 3 ліпеня выглядае як вар’яцкі расейскі атракцыён, баль падчас чумы ... На вялікі жаль, гэта парад, як і ўсё сьвята 3 ліпеня ў гэтым годзе, ператвараецца ў дэманстрацыю залежнасьці цяперашняга рэжыму ад яго расейскіх патронаў», — заявіў Лялькоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG