Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За сябе» — ваенны выбар беларусаў


Ілюстрацыйнае фота. Рэпэтыцыя парада ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Рэпэтыцыя парада ў Менску

Гісторыкі нязгодныя са статусам Беларусі як «рэспублікі-партызанкі». У часе вайны беларусы былі па розныя бакі барыкад і далёка не ўсе хацелі вяртаньня савецкай улады.

Савецкая, як і цяперашняя расейская ды беларуская афіцыйная гістарыяграфія, нязьменна прыпісваюць Беларусі статус «рэспублікі-партызанкі» — маўляў, насельніцтва ў адзіным парыве змагалася супраць нямецкіх акупантаў. Аднак факты сьведчаць пра магутны ўнутраны супраціў ня толькі нацыстам, але і бальшавікам. Дык ці можна лічыць Беларусь партызанскім краем?

На цырымоніі адкрыцьця новага будынку музэя Вялікай айчыннай вайны ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «недапушчальнасьць перакрою гісторыі пад канкрэтную палітычную замову і спробаў скрасьці вялікую перамогу». Ён падкрэсьліў, што «шчырую агіду ў людзей выклікае хлусьня пра вайну, калі розныя псэўдагісторыкі выстаўляюць здраднікаў героямі, а захопнікаў — вызваліцелямі». Лукашэнка асабліва зазначыў, што Беларусь заўсёды была супраць скажэньня праўды пра вайну і стала першай у сьвеце краінай, якая стварыла музэй Вялікай айчыннай вайны.

Аднак з такой пазыцыяй гісторыка паводле адукацыі Аляксандра Лукашэнкі ня згодныя іншыя гісторыкі.

Доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч перакананы: у размове пра Беларусь часоў нямецкай акупацыі не выпадае апэляваць толькі да афіцыйных фактаў, адфільтраваных і зацьверджаных маскоўскімі ідэолягамі. Бо насамрэч у тагачасным беларускім грамадзтве не было аніякага адзінства:

«Беларусь не была такой адзінай, як традыцыйна пішуць і адзначаюць. Частка беларусаў, асабліва якія пражывалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, да савецкай улады ставілася ня тое каб падазрона, але як да часовай зьявы: маўляў, як прыйшлі, так і сыдуць. Ва Ўсходняй і Цэнтральнай Беларусі, якія раней увайшлі ў склад СССР, ад самага пачатку вайны прадпрымаліся спробы стварыць партызанскі рух. Аднак першыя атрады былі ліквідаваныя немцамі ў канцы 1941-га — напачатку 1942 гадоў. Яшчэ адзін фактар: пры нямецкай акупацыі пачалася беларусізацыя насельніцтва. Частка беларускіх дзеячаў рыхтавала (і пасьля ў школах гэта ўкаранялася) спэцыяльныя праграмы, такім чынам, вялося навучаньне на роднай мове. Таму важна падкрэсьліць: на працягу ўсёй вайны не існавала адзінай Беларусі. Былі савецкія партызаны, асабліва пачынаючы ад 1942 году, калі іх пачалі перакідваць у БССР, як кажуць, зь „вялікай зямлі“, але была і польская партызанка — Армія Краёва. Яна дзейнічала, перш за ўсё, на тых тэрыторыях, якія да вайны ўваходзілі ў склад Польшчы. Гэта значыць, у Заходняй Беларусі. Шмат было і тых, хто прынцыпова выступаў супраць бальшавікоў, бо людзі ці асабіста, ці іх сваякі былі пакрыўджаныя савецкай уладай. Казаць так адназначна, як у Маскве лічаць, мы проста ня можам. Было зусім не так гладка, як у іх кнігах напісана».

Здавалася б, на Беларусь партызанскае лякала прапаганда накінула навечна. Толькі праз дзесяцігодзьдзі пасьля заканчэньня вайны дасьледчыкі загаварылі аб тым, што беларускі супраціў быў зусім не такі аднародны, як сьцьвярджаюць падручнікі, а чэкісты, закінутыя для арганізацыі партызанскага руху з расейскага тылу, ня моцна адрозьніваліся ў сваіх зьверствах ад перадавых нямецкіх атрадаў. Многія творы аднаго з найстарэйшых беларускіх пісьменьнікаў Віктара Казько прысьвечаныя ваенным падзеям. Але калі прызнаны клясык жанру Васіль Быкаў у сваіх кнігах адлюстраваў самае пекла вайны, то Казько, як ніхто іншы, пранікнёна паказаў вайну вачыма дзіцяці. Ён апавядае Свабодзе, якая вайна ў літаратуры яшчэ не апісаная:

«Шчыра не апісаная вайна партызанская, вясковая, блізкая да грамадзянскай. У нас не сказана пра тое, якой яна была: і жорсткай, і крывавай, і сьмешнай. Зусім не паказаны селянін, які павінен быў падымаць дзяцей, сеяць хлеб і карміць дзьве ўлады — нямецкую і савецкую, партызанскую. І немцы, і партызаны, як маглі, абдзіралі селяніна, і менавіта ён больш за ўсё выпакутаваў у гэтай вайне. Гэтая „вайна пад стрэхамі“, як яе назваў Алесь Адамовіч, да гэтага часу застаецца невядомай. Ці ж узяць такую асобу, як генэрал Гіль-Радзівонаў, ягоны ўнікальны шлях — афіцэр Чырвонай арміі, ваеннапалонны, камандзір нямецкай карнай часткі, затым партызанскі камбрыг. Ён і ад Гітлера атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Рэйху, і ад Сталіна Героя Савецкага Саюзу. Як такое магло адбыцца? А адбылося... Праўда пра такую вайну толькі часам выходзіць на паверхню — насуперак афіцыйнай ідэалёгіі, афіцыйнай мітатворчасьці».

Зь ім салідарны гісторык Анатоль Сідарэвіч: у Беларусі ішла сапраўдная грамадзянская вайна. Калі нямецкае камандаваньне на акупаваных тэрыторыях спрабавала навязаць нейкае падабенства нямецкага парадку з досыць зразумелымі схемамі падаткаабкладаньня, то партызанскі «аброк» часта аказваўся непад’ёмным справай. Тады на абарону маёмасьці і харчаваньня станавіліся атрады самаабароны узброеных сялянаў:

«Самая натуральная была грамадзянская вайна. У вёсках ствараліся атрады самаабароны, якія абараняліся ад так званых „куфэршчыкаў“ — партызанаў, якія кралі з хатаў ежу і маёмасьць. Потым знакаміты партызанскі камісар Іван Варвашэня, які стаў неўзабаве сакратаром сталічнага абкама, абвясьціў гэтым атрадам „сьвяшчэнную вайну“. І колькі на яго сумленьні зьнішчаных сялянскіх атрадаў самаабароны — ня зьлічыць. Ім паставілі жорсткую ўмову: пераходзіце пад камандаваньне абласнога камітэту і штабу або вам хана. Хто супраціўляўся — уступалі ў справу „энкавэдысты“, ужо засланыя сюды ў дастатковай колькасьці. Па-сутнасьці, свае білі сваіх жа. І яшчэ: зондэркаманды ў ліпені 1941-га ўжо езьдзілі па вёсках, і немцам самі ж вяскоўцы паказвалі пальцам, хто быў чырвоным актывістам у 1930-я, хто быў калектывізатарам. Немцы расстрэльвалі па наводках мясцовых жыхароў!»

Першыя буйныя партызанскія атрады ў Беларусі паўсталі толькі ў 1942 годзе, калі Масква сур’ёзна занепакоілася адсутнасьцю дывэрсійнай дзейнасьці на акупаванай тэрыторыі. Але менавіта са зьяўленьнем арганізаваных партызанаў і ў адказ на партызанскія вылазкі і засады пачалі лютаваць у дачыненьні да мірнага насельніцтва немцы. Як кажа дасьледчык гісторыі Анатоль Тарас, у 1941-42 гадах партызанскія атрады амаль 100-працэнтна складаліся з супрацоўнікаў органаў НКВД і партыйна-камсамольскіх актывістаў, закінутых з-за лініі фронту, а таксама з «акружэнцаў» — байцоў Чырвонай арміі, пагранічных і ўнутраных войскаў НКВД:

«Хто арганізаваў партызанскія аддзелы? Як добра цяпер паказана ў шматлікіх, перш за ўсё расейскіх выданьнях, гэта рабіў Народны камісарыят унутраных спраў, НКВД. Мала таго, яны гэтым цяпер ганарацца, маўляў, усё гэта — велізарная заслуга нашых, савецкіх органаў унутраных спраў. Гэта тое, што прызнана афіцыйна: чэкісты арганізавалі ў Беларусі „партызанку“ разам зь мясцовымі партыйцамі, камсамольцамі, якіх шукалі, знаходзілі, бо тыя ж добра мясцовасьць ведалі. То бок усім кіраваў НКВД, і загады ляцелі з Масквы. Гэтаксама свой унёсак зрабілі так званыя „акружэнцы“ — яны разам зь беглымі палоннымі былі асноўнай збройнай сілай партызанаў. Акружэнцам у часовых лягерах не было чым заняцца, іх дрэнна кармілі, таго і глядзі, што працягнеш ногі, вось яны і беглі ў лясы».

Да пачатку апэрацыі «Баграціён» у ліпені 1944 году, па зьвестках Цэнтральнага штабу партызанскага руху, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 272 490 партызанаў, аб’яднаных у 150 брыгадаў і 49 асобных атрадаў. Праўда, паводле сучаснага дасьледчыка партызанскага руху Вячаслава Баярскага, на самай справе ў гэтых фармаваньнях удзельнічала крыху больш за 140 тысяч чалавек.

Дакладная колькасьць насельніцтва Беларусі, якое ўхілялася ад супрацоўніцтва з савецкімі ўладамі, да гэтага часу невядомая. Аднак ёсьць зьвесткі, што корпус Беларускай краёвай абароны (БКА), створаны беларускімі нацыяналістамі пры актыўнай падтрымцы нямецкіх акупацыйных уладаў, да красавіка 1944 году налічваў 21 628 чалавек. І нават калі стала відавочна, што падзеньне гітлераўскага рэжыму — гэта толькі пытаньне часу — на прызыўныя пункты БКА зьявіліся яшчэ звыш 40 тысяч чалавек. У сваю чаргу, Саюз беларускай моладзі, які свабодна дзейнічаў на акупаванай тэрыторыі, налічваў каля 90 тысяч юнакоў і дзяўчат. Па зьвестках гісторыкаў, да сярэдзіны 1945 году па абвінавачваньні ў «дапамозе акупантам» у Беларусі органы НКВД арыштавалі ня меней за 100 тысяч чалавек.

Унікальная сытуацыя, на меркаваньне гісторыкаў, склалася ў былым Віленскім краі — у часы царскай Расеі гэта была тэрыторыя са зьмяшаным польскім, беларускім, літоўскім і габрэйскім насельніцтвам. У выніку савецка-польскай вайны 1920 году гэтыя землі былі захопленыя Польшчай. А ўжо ўвосень 1939-га, пасьля ўварваньня Чырвонай арміі ў Польшчу і ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР, Вільня і Віленскі край на рашэньне вышэйшага кіраўніцтва СССР былі перададзеныя Літве. Аднак гэтыя тэрыторыі і пасьля дастаўлялі нямала клопатаў Маскве. Расказвае маёр артылерыі ў адстаўцы, аўтар біяграфічнай кнігі «Нябышына. Вайна. Акупацыя вачамі падлетка» Ільля Копыл:

«У Віленскім краі і наогул у Заходняй Беларусі інакш быць наўрад ці магло. Усё ж у пэрыяд ад 1 верасьня 1939 году і да 22 чэрвеня 1941-га ў заходняй частцы рэспублікі ажыцьцяўляліся масавыя рэпрэсіі. І толькі пачатак вайны спыніў гэтыя рэпрэсіі. Хоць, што паказальна, эшалёны з апошнімі рэпрэсаванымі яшчэ пасьпелі адправіць у Сыбір нават 22 чэрвеня. Таму такое становішча спраў цалкам вытлумачальнае — людзі ня моцна былі схільныя дапамагаць бальшавіцкай уладзе. Вось я мяркую па сваёй вёсцы: у 1941 годзе і ўвесь 1942-гі аніводзін чалавек у нас не пайшоў у партызаны. Усе працавалі на зямлі. А ў лясы былі вымушаныя падацца, калі прамаскоўскія партызаны зьявіліся на тэрыторыі нашага Бягомльскага раёну. Наогул ўнутранае супрацьстаяньне было такое: партызаны і мірнае насельніцтва, а таксама партызаны чырвоныя і польскія — Армія Людова, Армія Краёва. Гэта супрацьстаяньне было рэальнасьцю, гэта значыць, рэгулярна здараліся сутычкі паміж партызанамі прамаскоўскімі і, так бы мовіць, партызанамі прапольскімі ...».

Паводле афіцыйных дадзеных, Беларусь за ваенныя гады страціла кожнага трэцяга жыхара. У абсалютных лічбах — 2,5 мільёна чалавек. Сучасныя экспэрты сьцьвярджаюць, што на самой справе страт было нашмат менш — у межах 700-800 тысяч, а «прыпіскі» спатрэбіліся савецкаму кіраўніцтву, каб яшчэ больш дэманізаваць крывавы гітлераўскі рэжым ды ягоных памагатых. Пры гэтым, падкрэсьліваюць адмыслоўцы, немалы лік рэальных ахвяраў — ня толькі на сумленьні нямецкіх акупантаў і паліцаяў з ліку абарыгенаў, але і шматлікіх партызанскіх злучэньняў і карных атрадаў, закінутых з сумежных тэрыторый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG