Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народныя пратэсты і заблукалы супэр-герой


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Неяк даўно, за раньнім Лукашэнкам, мая мама патэлефанавала, і паскардзілася мне, што ЖЭС ня хоча рамантаваць трубу. Я паўжартам параіў прыпугнуць іх, маўляў, напішаш прэзыдэнту.

Для мяне гэта быў відавочны сьцёб, як і ўсё тое, што адбывалася навокал у краіне. Здаровая маладая псыхіка адмаўлялася ўсур'ёз прымаць фактуру рэальнасьці.

Празь дзьве гадзіны мама патэлефанавала і радасна паведаміла, што трубу парамантавалі. Можа, у гэты момант я асэнсаваў, што ў краіне ўсё сур'ёзна.

І вось, у эпоху, спадзяюся, позьняга Лукашэнкі, чытаю навіну: «У Віцебску адзіную прадпрымальніцу, якая не падтрымала страйк, калегі здалі падатковай».

А страйк трывае ў чаканьні адказу Аляксандра Рыгоравіча, якому паскардзіліся прадпрымальнікі.

Святлана Софіна:

– «Можа так і трэба. А то з-за такіх як гэтая прадпрымальніца, з-за тых, хто не пайшоў на Плошчу і... я так жыву зараз. Ніяк не жыву. Выжываю. Меншасьць адэкватных ня можа ўсё жыцьцё залежаць ад большасьці манкуртаў, якія лянуюцца нават падумаць... пра штось такое... сорамна паглядзець сабе самому ў твар».

Гэта прыблізна як бы дэманстранты выклікалі міліцыю на тых, хто не далучыўся да мітынгу пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі.

Вось ужо дваццаць гадоў беларусы пужаюць Лукашэнкам адзін аднаго. А калі Лукашэнка пужае іх, яны скардзяцца – у адміністрацыю Лукашэнкі.

Вы страйкуеце? Цудоўна! Гандлёвыя цэнтры пад патранажам дзяржавы будуюцца не здарма па ўсёй краіне. Нясіце свае адкладзеныя на жыцьцё грошы менавіта туды.

А вось у эпоху сярэдняга Лукашэнкі, у часы «росквіту і працьвітанія», неяк у Слуцку на чарговыя ўгодкі Збройнага Чыну да мяне падышоў спадар сярэдняга веку. Паказаў на бел-чырвона-белыя сьцягі: «Гэта БНФ?». Я пацьвердзіў. Сапраўды, большасьць прысутных прадстаўляла адну ці другую партыю БНФ.

Мужчына зрабіў сапраўдны крок адчаю, пайшоў шукаць галоўнага, каб паскардзіцца на тое, што ў яго на рынку закрылі два кіёскі. Наўрад ці яму дапамаглі практычна. У адных ён бы атрымаў лекцыю пра «манкуртаў і імпэршчыну-расейшчыну», а ў другіх... А проста словы спачуваньня, бо там была збольшага моладзь.

Крокі адчаю выглядаюць больш пераканаўча ў сваёй драматычнасьці, калі яны калектыўныя. Адна справа пратэставаць у горадзе, хай сабе і невялікім, а іншая – у калгасе.

Крыху пазьней, на заходзе эпохі росквіту я прыехаў у Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласьці ў камандзіроўку. Патэлефанавалі з калгасу, паведамілі: страйкуюць мэханізатары.

Прыяжджаю, у сквэры на пляцыку перад касьцёлам гуртуюцца два дзясяткі мэханізатараў: мужыкі і адна дзяўчына. Распавядаюць пра тое, што апошняй кропляй сталася тое, што старшыня ўдарыў у твар аднаго зь іх. Паказваюць разьліковыя лісткі: сапраўды, сума проста нікчэмная – на пампэрс малому, на пральны парашок ды на хлеб з цукрам.

Запісваю на дыктафон доўгую шматгалосую гісторыю крыўдаў і абурэньня. Словы годнасьці і пратэсту. Пытаюся, маўляў, чаго ў суд ня зьвернецеся?

– Ды там усё прыхоплена!

– Дык у Менск пішыце.

– Ды наш ліст перахопяць на выезьдзе з раёну!

Людзі адчуваюць сябе нібы ў аблозе ворагаў.

А тут міма і старшыня праяжджае на здаравенным такім недарожніку.

Я зрабіў матэрыял, адзіны журналіст, які прыехаў. Крок адчаю скончыўся для пратэстоўцаў тым, што яны пазнаходзілі працу ў суседніх раёнах. А хтосьці зьехаў.

А я ўявіў карціну. Прыяжджае ў той калгас лідэр апазыцыйнай партыі ці руху. Выслухоўвае, адшуквае ці перанакіроўвае рэсурс на якасных юрыстаў, і даводзіць справу сялянаў да перамогі.

Эфэкт – два дзясяткі адданых прыхільнікаў, якія праз сваіх знаёмых разьнясуць пагалоску на тысячы іншых у рэгіёне. Апазыцыйны лідэр у іхных вачох – супэр-герой.

Лукашэнка ў свой час сыграў падобную гульню. Яму паверылі напужаныя зьменамі і цьмянай будучыняй людзі. А тыя, хто не паверыў, з часам сталіся вымушанымі гуляць не па сваіх правілах.

Толькі Лукашэнка займаўся вэрбальным папулізмам, а апазыцыйны лідэр можа рабіць рэальныя добрыя справы. На карысьць сабе і людзям. І пэрспэктыве.

XS
SM
MD
LG