Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хапаецца за мову, як Сталін за царкву ў вайну


Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Здаецца, прамаўляючы свой сьпіч з нагоды афіцыйнага сьвята, Аляксандар Лукашэнка ведаў дадзеныя апошніх сацыялягічных апытаньняў. Ці арыентаваўся на іншыя індыкатары грамадзкіх настрояў.

Прамова і найперш мова, на якой яна гаварылася, выглядалі як адказ на зрухі ў грамадзкай думцы, якія зьявіліся ці праявіліся апошнім часам.

На першы погляд – якія такія зрухі? Як той казаў, не было б шчасьця, дык няшчасьце дапамагло. Народ жыве беднавата, не 2011 год, але не раскашуе. Цэны растуць, рост рэальнага заробку з пачатку году стрымліваецца. Але рэйтынг Лукашэнкі расьце, давер да яго расьце. І зразумела чаму – суседзкае няшчасьце дапамагло. Беларусы параўноўваюць свой небагаты парадак і спакой з украінскім таксама небагатым, але «цікавым» жыцьцём і многія зь іх аддаюць перавагу першаму.

Здавалася б, радавацца кіраўніку Беларусі і наагул нічога не мяняць. Але насамрэч прырода рэакцыі беларускай грамадзкай думкі на ўкраінскія падзеі прымушае глыбока задумацца.

У сваёй прамове напярэдадні афіцыйнага сьвята Лукашэнка казаў пра «полчышчы» з усходу і захаду, якімі дарэмна палохаюць яго і беларусаў. Ну полчышчаў у прамым сэнсе чакаць можа і сапраўды ня варта. Але ў пэўным сэнсе з усходу яны ўжо прыйшлі. Ці ніколі асабліва і не сыходзілі, проста зараз гэта стала бачна.

У Расеі падтрымка «крымнаша» і палітыкі Крамля ва ўкраінскім Данбасе зашкальвае. Але і ў Беларусі і адно і другое падтрымлівае пераважная большасьць насельніцтва. Існуе папулярнае тлумачэньне, маўляў, гэта вынік працы расейскіх, ну і беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, паводле гэтага погляду беларускае і расейскае грамадзтвы – як пацукі з ужыўленым у мозг электродам, празь які прапаганда напампоўвае атруту нянавісьці.

Аднак насамрэч усё складаней. Паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД апантаныя спажыўцы прадукцыі ведамства расейскага прапагандыста Дзьмітрыя Кісялёва – сапраўды за «крымнаш» амаль пагалоўна. Але і сярод тых, хто расейскія тэлеканалы не глядзіць наагул, большасьць (хаця і не такая пераважная) расейскую анэксію Крыму таксама лічаць справядлівай. Як і тыя, хто адказаў, што атрымлівае інфармацыю пра падзеі ва Ўкраіне зь беларускіх незалежных выданьняў і з Байнэту. Гэтых вось хто замбіруе?

Карацей кажучы, падтрымка Лукашэнкі вырасла, але яе прырода, подбіўка ўскосна ставіць пад сумнеў яго статус як кіраўніка якой-ніякой, але сувэрэннай краіны. Ёсьць і больш прамыя паказьнікі гэтага.

Пэўны час таму Лукашэнка казаў, што калі нехта, у тым ліку і з усходу, прыйдзе ў Беларусь са зброяй, ён асабіста будзе абараняць родную зямлю. Яшчэ тады кіраўнік дзяржавы дадаў, што яшчэ невядома, на чыім баку будуць расейцы, калі такое здарыцца. Добрая гіпотэза, але ёсьць і адваротнае пытаньне – а на чыім баку будуць беларусы ў гэтай сытуацыі? Вось адказы ў апытаньні НІСЭПД: 14% – супраціўляўся б са зброяй у руках, 48% – пастараўся б прыстасавацца да новай сытуацыі, 17% – вітаў бы гэтыя зьмены.

Людзі неабавязкова самі ведаюць, як павядуць сябе ў гіпатэтычнай сытуацыі, але лічбы паказальныя. І яшчэ парачка: сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, тых, хто гатовы абараняць краіну са зброяй у руках супраць вайсковай сілы з усходу – 9%, а гатовых вітаць гэтыя зьмены – 24%. І яшчэ адна: сярод тых 14%, хто заяўляе, што гатовы чыніць узброены супраціў, 60% лічаць нацыянальным сымбалем Беларусі бел-чырвона-белы сьцяг. Усё зразумела?

«Полчышчаў» салдатаў ці «ветлівых людзей» на ўсходняй мяжы ня бачна, «полчышчы» «рускага сьвету» ўжо тут, у душах і галовах беларусаў.

Ну і за што тут можна зачапіцца, каб супрацьстаяць? Зразумела ж, за сваё, за супольнае. І перапісы, і апытаньні, ды і проста камунікацыя зь людзьмі паказвае, што беларуская мова для беларусаў – каштоўнасьць, нават для тых, хто на ёй не гаворыць. І гэта агульная каштоўнасьць, яна ня ёсьць уласнасьцю нейкай палітычнай ці культурніцкай групы, яна спадчына ўсіх. Хаця пры гэтым, зразумела, для адных большая каштоўнасьць, чым для іншых.

Ну вось словы, сказаныя Лукашэнкам па-беларуску, і былі адрасаваныя як усім, гэтак і тым, для каго мова – крытэр.

Якія гэта можа мець наступствы? Ну наўпрост можа і ніякіх. Можа, у міліцыянта, у якога рука рэфлекторна падымаецца схапіць за карак беларускамоўнага актывіста, уключыцца другая сыгнальная сыстэма – а ці абавязкова, калі сам Лукашэнка на гэтай мове гаворыць. Наўрад ці варта чакаць, што цяпер палітычным і культурніцкім лідэрам часткі грамадзтва, для якой мова – крытэр, адкрыецца шлях у калідоры ўлады. Напэўна не.

Тут можна правесьці аналёгію з паслабленьнямі праваслаўнай царкве, якія даў Сталін, калі немцы падыходзілі да Масквы. Аналёгія тым больш плённая, што гэтыя паслабленьні не азначалі адмовы ад камуністычнай ідэалёгіі (дарэчы, падаецца, што раптоўная адмова ад яе тады спарадзіла б гарантаваную катастрофу), а азначалі адно спробу знайсьці дадатковае духоўнае апірышча ў барацьбе.

Такое ж дадатковае апірышча, адказ на ідэалягічны, духоўны выклік «рускага сьвету» спрабуе знайсьці і Лукашэнка. І ён не самотны ў гэтых пошуках, бо выклік кінуты ня толькі яму, але і ўсяму беларускаму грамадзтву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG