Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога беларускага ў нас амаль не засталося...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 2 ліпеня 2014 году

Вы на хвалях Радыё Свабода. З вамі далей Валянцін Жданко. У праграме «Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў нашых слухачоў.

Значную частку пошты Свабоды па-ранейшаму складаюць допісы на ўкраінскую тэму. На паўднёвым усходзе Ўкраіны працягваецца вайна, ад якой церпяць сотні тысяч людзей. Першыя ўцекачы адтуль зьявіліся і ў Беларусі. Улады ў Кіеве не паддаюцца расейскаму ціску і пасьлядоўна працягваюць курс на збліжэньне з Эўразьвязам, імкнучыся любой цаной захаваць незалежнасьць і цэласнасьць сваёй дзяржавы. Украіна хоць і зь вялікімі цяжкасьцямі, але пасьлядоўна і рашуча разьвітваецца з навязьлівай шматвяковай залежнасьцю ад усходняй імпэрыі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Фёдар Яўланаў з Рэчыцы піша:

«Данбас заўсёды быў спэцыфічным рэгіёнам. Ведаю, што ў 60-я гады там бытаваў такі зьдзеклівы жарт. Казалі: у нас на Данбасе жывуць хахлы і ўкраінцы. Калі размаўляеш па-руску — значыць, ты ўкраінец; калі па-ўкраінску — то хахол. Мне пра гэта расказваў сябра — таварыш па службе, родам з Данецку.

І вось што ў выніку атрымалася з усіх тых жартаў... Думаю, не абышлося там без дасьведчаных дырыжораў.

У нас у Беларусі ў тыя ж часы адбывалася нешта падобнае. Гаварыў чалавек па-беларуску — значыць, „дзеравеншчына“, адсталы і непісьменны. А вось калі стараўся па-расейску, на трасянцы — значыць, „гарацкой“, культурны і адукаваны. І ўрэшце ж дамагліся свайго дырыжоры — загаварыла вясковая Беларусь „па-гарадзкому“.

У 50-я гады мы яшчэ вучыліся ў беларускай школе. Хто стараўся — выйшаў у людзі, беларуская мова ў гэтым не перашкодзіла. Памятаю, у нас былі цудоўныя настаўнікі, былыя франтавікі. На жаль, усе яны ўжо адышлі ў лепшы сьвет. Зраўнялі зь зямлёй і нашу школку.

Цяпер грамадзтва зусім іншае: нічога беларускага амаль не засталося. Новыя „гаспада“, „хазяева жызьні“ гавораць выключна па-расейску. Ну, а „рабы“, „халопы“ — як прыйдзецца. Галоўным чынам таксама пераходзяць на расейшчыну, бо беларускай мовы амаль не засталося — ні ў школе, ні ў чыноўніцкіх кабінэтах, ні на тэлебачаньні»
.

Тое, як Расея ўзялася абараняць расейскамоўных грамадзянаў у Крыме, а пазьней на паўднёвым усходзе Ўкраіны — у Данецкай і Луганскай абласьцях — заўважна ўстрывожыла Аляксандра Лукашэнку. У сваёй праграмнай прамове 22 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем, ён зь непакоем гаварыў пра гэта, арыентуючы спэцслужбы на жорсткі падыход да любых сілаў, якія наважыліся б гаварыць пра ўціск у Беларусі расейскамоўных. А пагроза ж зусім рэальная. Калі фактычна вынішчана беларуская мова, калі ў грамадзтве, як сьцьвярджае ўлада — добраахвотна адмовіліся ад яе, то навошта беларусам незалежная дзяржава? Тым больш калі Масква з такім трыюмфам распачала будаўніцтва так званага «рускага сьвету»?

Беларуская мова — падмурак беларускай незалежнасьці. І тое, што дваццаць апошніх гадоў гэты падмурак мэтанакіравана і пасьлядоўна падкопвалі, падмывалі, нішчылі тыя людзі, якія паводле абавязку службы абавязаныя былі яго ўсяляк умацоўваць — вялікі гістарычны парадокс. Можа, хоць перад рэальнай пагрозай страты ўласнай аднаасобнай улады аўтарытарнае беларускае кіраўніцтва гэта нарэшце ўсьвядоміць?

Пра ўкраінскія падзеі, іхную цесную сувязь з сытуацыяй у Беларусі разважае ў сваім лісьце на Свабоду і Антон Пузан з Гомеля. Слухач піша:

«Мяне заўсёды трывожыла і непакоіла моўная сытуацыя ва Ўкраіне. Калісьці я з гэтай нагоды нават напісаў ліст тагачаснаму прэзыдэнту Кучму — пра тое, чаму катэгарычна нельга надаваць расейскай мове статус дзяржаўнай. Я і дагэтуль застаюся пры той жа думцы...

Паглядзіце, да чаго прывялі гульні з данецкімі сэпаратыстамі. Яны ўжо зьбіваюць вайскова-транспартныя самалёты. З дапамогай якой тэхнікі? З рагаткі, якую дасталі з кішэні? Ці зэнітна-ракетнымі комплексамі, дастаўленымі нелегальна празь мяжу расейскімі спэцслужбамі?

Дарэчы, выказваньні Лукашэнкі наконт падзеяў ва Ўкраіне расейскія тэлеканалы чамусьці не трансьлююць. Нібы іх і не было. Няўжо расейцам не цікава, што думае наконт самай вострай праблемы кіраўнік адзінай саюзнай ім дзяржавы?»
.

Пасьля таго як Расея распачала актыўнае ўмяшаньне ва ўкраінскія справы, дзяржаўныя расейскія тэлеканалы імкнуцца ўвогуле не трансьляваць ніякіх меркаваньняў на гэты конт, адрозных ад афіцыйных. Вяртаньне да прапаганды савецкага ўзору адбылося вельмі хутка. Прычым гэтага вымагала ня толькі аўтарытарная расейская ўлада. У ахопленым шавінізмам расейскім грамадзтве сёньня запатрабаванае менавіта такое тэлебачаньне.

І тое, што беларуская інфармацыйная прастора нічым не абароненая ад гэтай прапагандысцкай лявіны — сьведчаньне таго, наколькі несамастойная, залежная сёньняшняя менская ўлада ад крамлёўскіх гаспадароў.

Дзеяньні Расеі ва Ўкраіне цалкам апраўдвае і ўхваляе наш даўні слухач і апанэнт Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі. У сваім новым лісьце на Свабоду ён піша:

"Расейская Фэдэрацыя проста задаволіла просьбу большасьці жыхароў Крыму і ўключыла паўвостраў у свой склад. А вось у перадачах Свабоды гэта ацэньваецца чамусьці нэгатыўна. Я мяркую, што такая ацэнка неаб’ектыўная і несправядлівая. Вядома ж, што Крымскі паўвостраў быў далучаны да Расейскай імпэрыі яшчэ ў 1783 годзе. І заставаўся ў складзе РСФСР у савецкі час — да 1954 году, калі Мікіта Хрушчоў вырашыў падараваць яго савецкай Украіне.

У 70–80-я гады я неаднаразова адпачываў у Крыме і часта чуў нэгатыўныя меркаваньні мясцовых жыхароў пра тое рашэньне Хрушчова. Таму зусім не выпадкова, што 95 працэнтаў крымчан выказаліся за далучэньне да Расеі. Тым больш што ў эканамічным пляне гэта пойдзе на карысьць насельніцтву: пэнсіі ў Расеі прыблізна ў два з паловай разы вышэйшыя, чым ва Ўкраіне.

А краінам Захаду, перш чым шпыняць Расею, варта было б успомніць пра свае бамбардаваньні Сэрбіі і пра тое, як яны дамагліся аддзяленьня ад Сэрбіі Косава — спрадвечнага славянскага рэгіёну«
.

Вы, спадар Міхаіл, у сьціслым выглядзе пераказалі афіцыйную пазыцыю расейскіх уладаў у крымскім пытаньні. Ня ведаю, як у Латвіі, а ў Беларусі гэты пункт гледжаньня шырока вядомы — яго няспынна паўтараюць усе расейскія тэлеканалы. Што праўда, беларускае кіраўніцтва ўспрымае яго безь вялікага энтузіязму. Аналёгіі тут надта празрыстыя. Што ў такім выпадку можа замінаць Крамлю з дапамогай расейскіх штыкоў правесьці такі ж рэфэрэндум у Беларусі — спасылаючыся хоць бы на тое, што беларускія землі таксама, як і Крым, былі гвалтам далучаныя да Расейскай імпэрыі напрыканцы 18 стагодзьдзя і заставаліся пад уладай Масквы на працягу двух стагодзьдзяў? (Натуральна, што ўвесь гэты час тут вынішчалася ўсё беларускае і ўводзілася ўсё расейскае.)

А якія гарантыі ад расейскай агрэсіі ў гэтым выпадку мае Латвія, дзе вы жывяце? Рыгу і большую частку сучаснай Латвіі Расейская імпэрыя захапіла нават раней, чым Беларусь і Крым — яшчэ ў часы Пятра Першага. Так што гістарычных падстаў можна знайсьці шмат. І расейскамоўных насельнікаў у выніку шматгадовай савецкай акупацыі ў Латвіі (і асабліва ў Рызе) — мноства.

Параўнаньні ж з Косавам і Сэрбіяй тут не зусім карэктныя — хоць бы з прычыны таго, што ніякага ўціску расейскамоўных у Крыме не было, як не было і збройнага канфлікту паміж расейскай і ўкраінскай часткамі насельніцтва. І пасьля аддзяленьня населенае альбанцамі Косава ня стала часткай Альбаніі. Адрозна ад Крыму, сапраўдныя мэты Масквы ў дачыненьні да якога былі агучаныя ўжо на наступны дзень пасьля абвяшчэньня ўладамі паўвострава бутафорскай «незалежнасьці».

На заканчэньне — ліст ад Марка Саньнікава з Добруша. Як і многія іншыя нашы актыўныя слухачы, спадар Марк атрымаў у падарунак кнігу «Лісты на Свабоду», адмыслова выдадзеную да 60-годзьдзя Беларускай Свабоды. Слухач з гэтай нагоды піша:

«Кніга атрымалася вельмі добрая. Па-першае, удала скампанаваная: сьціслая і даходліва ўспрымаецца. Па-другое, якасна выканана і аформлена. Як на маю думку, дык яе сьмела можна аднесьці да супэрвыданьняў свабоднага слова. Яна лёгка чытаецца, бо напісана простай і зразумелай мовай, так што немагчыма адарвацца.

Бадай што яе можна выкарыстоўваць як своеасаблівы дадатак да матэрыялаў спэцдакладчыка ў справе правоў чалавека ў Беларусі.

Сама назва „Лісты на Свабоду“ падсьвядома наводзіць на думку пра лісты з нашай шматмільённай турмы на волю (у гэтым сэнсе назва вельмі ўдалая).

Прачытаўшы кнігу да канца, разумееш, як неабходная нам аб’ектыўная рэальная гісторыя сучаснай Беларусі — не здратаваная цэнзарамі, каб дагадзіць аднаму ўсім вядомаму пэрсанажу.

Упэўнены, што такая кніга будзе запатрабаваная і многія захочуць прачытаць яе неаднаразова і перадаць з рук у рукі»
.

Дзякуй, вам, спадар Марк, за добрыя словы. Аўтарамі гэтай кнігі сталі сотні слухачоў Свабоды, якія на працягу мінулых пятнаццаці гадоў дасылалі нам у рэдакцыю свае цікавыя жыцьцёвыя гісторыі, выказваліся пра тое, што найбольш трывожыла, радавала, непакоіла. Мы працягваем атрымліваць просьбы пра гэтую кнігу і ад многіх іншых слухачоў — ня толькі тых, чые допісы ўвайшлі ў гэты зборнік. Пастараемся іх, наколькі гэта магчыма, задаволіць. Перавагу будзем аддаваць тым лістам, у якіх вы ня толькі выказваеце просьбу, але і расказваеце што-небудзь адметнае з уласных назіраньняў за сёньняшнім жыцьцём.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG