Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За каго заўзеюць беларусы на мундыялі


На чэмпіянаце сьвету па футболе ў Бразыліі завяршыліся матчы 1/8 фіналу.

У васьмёрку зборных, якія працягнуць высьвятляць адносіны ў наступным раўндзе, трапілі выключна прадстаўнікі Эўропы і Лацінскай Амэрыкі. Чатыры каманды «старога сьвету» — Бэльгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Францыя, ды гэтулькі ж заакіянскіх — Аргентына, Бразылія, Калюмбія, Коста-Рыка. Як падзяліліся сымпатыі беларускіх адмыслоўцаў і заўзятараў.

Упершыню ад таго часу, як колькасьць удзельнікаў на мундыялях павялічылі з 24 да 32 зборных (здарылася гэта ў 1998 годзе ў Францыі), у чвэрцьфінал прабіліся толькі пераможцы сваіх адборачных групаў. Не без праблемаў, але разабраліся з камандамі, якія занялі другія радкі ў іншых квартэтах. Адрозна ад папярэдняй стадыі, якая была надзвычай багатая на галы, гульні на этапе 1/8 фіналу глядзеліся ў бальшыні сваёй сумна, і канчатковы іх вынік вырашаўся ў дадатковы час.

Літаральна «выскраблі» перамогу па сэрыі пэнальці над чылійцамі гаспадары чэмпіянату — бразыльцы, якіх загадзя адносілі да галоўных фаварытаў спаборніцтваў. Ці маюць рацыю спэцыялісты, якія прадказваюць заняпад заканадаўцам футбольнай моды? Андрэй Зыгмантовіч, адзін са славутых прадстаўнікоў залатога складу менскага «Дынама» пачатку 1980-х, а цяпер памочнік галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Беларусі, назірае за гульнямі ХХ чэмпіянату сьвету і як заўзятар, і як прафэсіянал. І наконт гульні зборнай Бразыліі мае такую думку:

Андрэй Зыгмантовіч
Андрэй Зыгмантовіч

«Існуюць розныя меркаваньні што да складу бразыльскай каманды. Але для ўсіх відавочна, што ў гэтым калектыве асноўны гулец — Нэймар, які забівае шмат мячоў, які вядзе за сабой астатніх. У прынцыпе, досыць цяжка меркаваць па патэнцыяле гэтай зборнай, на што яна сапраўды здольная. Аднак я перакананы, што, гуляючы дома, яны заўсёды ставяць адну і тую ж мэту — перамагчы. А тое, што мала яскравых асобаў у камандзе Бразыліі, — дык гэта так, не паспрачаесься. Між тым той энтузіязм, які ў іх ёсьць, хатнія сьцены, вялікая колькасьць гледачоў — усё гэта дадае станоўчага імпульсу. Дый па псыхалёгіі галоўнага трэнэра Скаляры, які граматна кіруе хлопцамі, мы бачым, што каманда заўсёды нацэленая на атаку, стараецца больш рухацца наперад, больш наносіць удараў па варотах суперніка. Карацей, гуляе з душой, зь іскрай, якая павінна быць у кожнай каманды. Мяне як гледача, вядома, гэта толькі радуе».

Ня меней зорны прадстаўнік гульцоў узору 1960-х Міхаіл Мустыгін адзначае сёлетні мундыяль як «катастрафічны» для шэрагу эўрапейскіх грандаў. Найперш, страціла на раньняй стадыі футбольную карону чэмпіёнка сьвету — зборная Гішпаніі, дачасна вярнуліся дадому іншыя букмэкерскія фаварыты — каманды Англіі, Італіі, Уругваю. Спадар Мустыгін лічыць, што падчас гульні нямала напартачылі ня толькі футбалісты, але і трэнэры:

Міхаіл Мустыгін
Міхаіл Мустыгін

«Ладна, паставіў гішпанскі трэнэр паўкаманды з „Барсэлёны“. А ў іх гульня не атрымліваецца. Дык ты ж, трэнэр, бачыш, што нічога ня клеіцца ў хлопцаў, у паўабаронцаў той „Барсэлёны“, яны проста выдыхнуліся, яны стаміліся. Замяні іх, тым больш у гішпанцаў замены колькі хочаш, правільна? Лава запасных бясконцая. Але настаўнікі зноў памылку робяць, зноў іх выпускаюць. І зноў гішпанцы прайгралі. Гэта ж няўзброеным вокам было бачна, як дрэнна яны на полі глядзеліся».

Карэспандэнт: «Як кажуць, „зазьвязьдзіліся“, разбалаваліся вялікімі грашыма?»

«Не, не ад гэтага, проста стаміліся. Ну колькі можна гуляць на самым высокім узроўні? Канечне, „падселі“ хлопцы. Тое ж, дарэчы, тычыцца Англіі, Італіі. Хто мог чакаць, што так хутка для іх усё скончыцца, што давядзецца падлічваць ачкі, каб трапіць хоць на другое месца? Далей прайсьці не ўдалося, выскачылі. Крыху сытуацыю недаацанілі, не пралічылі, а ў выніку ў відовішчнасьці страцілі і заўзятары, і ўвесь чэмпіянат».

Як паказвае выбарковая апытанка, значная колькасьць беларусаў ад пачатку футбольнага чэмпіянату заўзее за каманду Нідэрляндаў. І хоць гульня «аранжавых» не заўсёды пераканаўчая, пакуль што яны досыць упэўнена крочаць па турніры, намагаючыся прынамсі паўтарыць подзьвіг чатырохгадовай даўніны — дайсьці да фіналу. А магчыма, нарэшце прымераць чэмпіёнскую карону. Прынамсі, гэтага ім жадае заўзятар з даўнім стажам, палітык і грамадзкі дзеяч Павал Знавец:

Павал Знавец
Павал Знавец

«Ведаеце, я яшчэ да пачатку чэмпіянату сьвету шчыра падтрымліваў галяндцаў, і зараз таксама цешуся, што яны так добра гуляюць. І дай божа, каб яны ўрэшце чэмпіёнамі сталі. Прынамсі, гэта людзі, якія таго заслужылі. Дарэчы, Нідэрлянды заўсёды і ўва ўсім Беларусь падтрымліваюць, ува ўсіх аспэктах, у тым ліку ў палітычным. Гэта тычыцца і чыста моладзевых стасункаў, галяндцы разумеюць нашу сытуацыю, і на ўзроўні дачыненьняў палітычных рухаў. Таму ў гэтым пляне мае сымпатыі да футбольнай зборнай небеспадстаўныя. Але яна сама па сабе дэманструе гульню проста фэерычную. Пакуль што. Далей — пабачым».

Паўфіналісты сёлетняга чэмпіянату сьвету вызначацца ўжо да канца тыдня. 4 ліпеня ў сваіх чвэрцьфіналах сыдуцца Бразылія — Калюмбія, Нямеччына — Францыя, а на наступны дзень — Аргентына — Бэльгія, Нідэрлянды — Коста-Рыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG