Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Маскве завочна арыштаваў украінскага губэрнатара, які назваў Пуціна «шызафрэнікам»


Басманны суд Масквы завочна арыштаваў старшыню Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Ігара Каламойскага, паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.

«Бліжэйшым часам Сьледчы камітэт дасьць неабходныя даручэньні адпаведным праваахоўным органам аб неадкладным высьвятленьні месца знаходжаньня абвінавачанага і ўзяцьці яго пад варту», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Сьледчым камітэце Расеі заявілі, што Каламойскі датычны «да арганізацыі такіх злачынстваў, як забойства, прымяненьне забароненых сродкаў і мэтадаў вядзеньня вайны, перашкода прафэсійнай дзейнасьці журналістаў, выкраданьне людзей». Таксама Сьледчы камітэт у бліжэйшы час абяцае накіраваць у суд матэрыялы аб арышце іншых «саўдзельнікаў гэтых злачынстваў» — міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава і камандзіра батальёна «Айдар» Сяргея Мельнічука.

У ведамстве заяўляюць, што ў рамках крымінальнай справы працягваюцца сьледчыя дзеяньні.

21 чэрвеня Масква абвясьціла ў міжнародны вышук Каламойскага і Авакава.

2 сакавіка бізнэсмэн Ігар Каламойскі прыняў прапанову выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандра Турчынава і ўзначаліў Днепрапятроўскую абласную адміністрацыю. Каламойскі дапамагае ўкраінскай арміі ў вядзеньні антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе краіны і спрыяе фармаваньню добраахвотніцкіх батальёнаў тэрытарыяльнай самаабароны. У часе ўступленьня на пасаду Каламойскі выступіў з палітычнымі заявамі, якія тычыліся, у прыватнасьці, расейскай анэксіі Крыму. Ён назваў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна «шызафрэнікам маленькага росту» — у процівагу Віктару Януковічу, якога лічыць «вялікім шызафрэнікам». 4 сакавіка Пуцін адказаў Каламойскаму на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, назваўшы ўкраінскага палітыка «ўнікальным прайдзісьветам».

XS
SM
MD
LG