Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар першай беларускамоўнай прамовы Лукашэнкі: Для яго беларуская мова родная


Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

Аляксандр Фядута — аўтар першай прамовы Аляксандра Лукашэнкі на Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня 1994 году. Тады яна прагучала па-беларуску. Як і сёлета.

1 ліпеня Аляксандр Лукашэнка па-беларуску зачытаў прамову, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасьці. Поўны тэкст прамовы прыводзіць ягоная прэсавая служба.

За ўсе 20 гадоў знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Аляксандр Лукашэнка выступаў па-беларуску лічаныя разы.

Па меркаваньні Аляксандра Фядуты, грамадзтва яшчэ ў 94-м не падтрымала жаданьня маладога прэзыдэнта гаварыць па-беларуску, і на доўгі час адбіла ў яго ахвоту да беларускага слова.

«Калегі, спыніцеся іранізаваць над беларускай мовай прэзыдэнта, — напісаў Аляксандр Фядута ў сваім Фэйсбуку. — Не напалохайце — а то ізноў 20 гадоў чакаць давядзецца».

У 1994-м Фядута кіраваў упраўленьнем грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. Свабода папрасіла Аляксандра Фядуту падзяліцца сваімі ўспамінамі пра 1994 год.

Аляксандр Фядута: «Першы раз ён (Аляксандр Лукашэнка) выступаў на Дзень незалежнасьці ў 1994 годзе. Гэта быў яшчэ той дзень, які мы сьвяткавалі да рэфэрэндуму — дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь (27 ліпеня). Ягоная прамова цалкам была па-беларуску. Добра памятаю, як яна рыхтавалася. Яна была напісаная па-расейску і вельмі добра, прафэсійна была перакладзеная на беларускую мову Іванам Казейкам.

Пасьля гэтага Аляксандр Рыгоравіч атрымаў тэкст, які быў напярэдадні, як заўжды, зь ім узгоднены. Ён прачытаў, зрабіў некалькі сэнсавых правак і выступіў.

На мой погляд, прамова гучала вельмі добра. Для яго беларуская мова родная, і гэта адчуваецца. Калі ў яго няма пэўных «тармазоў» і калі ён ня лічыць, што гэтага ня трэба рабіць, ён гаворыць па-беларуску вельмі добра. Ня горш за паважанага мной Мечыслава Іванавіча Грыба. На жаль, пасьля першай прамовы Аляксандра Лукашэнкі па-беларуску якраз усе і пачалі аналізаваць: што гэта значыць, ці добра ці нядобра ён выступае. І калі ён прачытаў усе гэтыя камэнтары (а тады ўсё друкавалася ў газэтах, а не ў інтэрнэце), то ў наступны раз адмовіўся выступаць па-беларуску.

Думаю, што пэўным камэнтатарам, якія б хацелі, каб кіраўнік дзяржавы працягваў рухацца ў тым кірунку, які быў зададзены ў гэтай прамове, ня трэба было казаць, як дрэнна прэзыдэнт валодае беларускай мовай ці тое, што ён кажа, ня мае сэнсу.

Гэта была першая і адзіная прамова, дзе ён згадваў нацыянальных герояў Беларусі, пачынаючы ад Кастуся Астроскага і заканчваючы Пятром Машэравым. І гэта была спроба сапраўды аб’яднаць нацыю, стварыць новы шэраг гістарычных асобаў, сярод якіх кожны зь беларусаў знаходзіў кагосьці свайго, каго ён хацеў бы паважаць.

Гэтая спроба, дзякуючы і калегам-журналістам і перш за ўсё палітыкам, была, на жаль, не зразумелай грамадзтву.

І Аляксандр Лукашэнка скончыў гэтыя спробы. Ён пайшоў шляхам, які здаваўся яму абсалютна слушным, і, на жаль, не зусім адпавядаў інтарэсам Беларусі як нацыянальнай дзяржавы".

Па меркаваньні Аляксандра Фядуты, да ўчорашняга выступу Аляксандра Лукашэнкі па-беларуску трэба ставіцца як да факту.

«Кіраўнік беларускай дзяржавы павінен валодаць беларускай мовай і хаця б час ад часу казаць прамовы па-беларуску. Гэта тое, што трэба падтрымліваць. Але ня трэба казаць: а, ён здаўся, ён адыходзіць ад Расеі. Нікуды ён не адыходзіць, у яго свой курс. Ён спрабуе зараз сапраўды аб’яднаць дзяржаву і грамадзтва — гэта таксама пэўны выклік часу. Ён адказвае на яго так, як ён разумее, хоча і можа.

Чым больш робіцца менавіта з гэтага ўчынку нешта экстраардынарнае, тым менш у мяне ўпэўненасьці, што гэты ўчынак можа быць паўтораны. Калі Лукашэнка захоча, ён зьменіцца. Калі не захоча — ня зьменіцца»,— зазначыў Аляксандар Фядута.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG