Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малады, цікавы, незалежны: пачаўся конкурс беларускіх фільмаў «Bulbamovie»


Фота з сайта www.bulbamovie.pl

Фота з сайта www.bulbamovie.pl

Пераможца атрымае 2400 злотых, а госьці фэстывалю ўбачаць шмат прэм’ераў.

Конкурс трох бульбаў

«Зноў чакаем маладога духам, цікавага i незалежнага кіно беларускай вытворчасьці», — так запрашаюць да ўдзелу ў фэстывалі беларускага кіно «Bulbamovie — 2014» у Варшаве, які пройдзе ўжо чацьвёрты раз. У гэтым годзе — у кінатэатры «Muranów», і яго прэстыж, як прыгожая абгортка, можа паўплываць на папулярнасьць фэстывалю.
Фільмы чакаюць да 10 верасьня, а сам фэстываль пройдзе 24–26 кастрычніка. На першы конкурс прыйшло 60 фільмаў, год таму — 30, а ў гэтым годзе ўжо ёсьць 10, хоць прамоцыі яшчэ амаль не было. Тут чакаюць найперш кароткамэтражкі, але прымаюць усё. Першы прыз у мінулым годзе ўзяла анімацыя, але зазвычай больш шанцуе дакумэнталістыцы.

Журы з беларускага боку прадставяць Віктар Асьлюк, Андрэй Кудзіненка і Андрэй Расінскі, журы з польскага боку пакуль невядомае. Галоўнага пераможцу чакае прыз — амаль 800 даляраў (2400 злотых). Апроч трох «Бульбаў» — залатой, срэбнай і бронзавай — будуць іншыя ўзнагароды. Адна з іх — адмысловы прыз ад тэлеканалу «Белсат» за лепшы дакумэнтальны фільм.

«Bulbamovie» ладзяць палякі, якім блізкая беларушчына. Іх беларуская мова — ладная і з польскім акцэнтам, шчыра вывучаная на факультэце беларускай філялёгіі. Адзін з арганізатараў Януш Гаўрылюк, на пытаньне «Навошта?» адказвае, што ён этнічны беларус, які нарадзіўся ў Польшчы і мае беларускамоўных продкаў.

Януш Гаўрылюк і Пэтрэк Дудановіч на кінафэстывалі

Януш Гаўрылюк і Пэтрэк Дудановіч на кінафэстывалі



Прэ’меры на фэстывалі

У праграме абяцаюць шмат прэм’ераў, у тым ліку ад гасьцей і журы: апошняя дакумэнтальная стужка Сяргея Лазьніцы «Майдан» і трэйлеры іншых стужак.

«Мы сымбалічна хочам зрабіць украінскі блёк, бо мы салідарныя», — кажа Януш Гаўрылюк, арганізатар.

Таксама будзе мастацкі фільм беларускага дакумэнталіста Віктара Асьлюка «Рускі» паводле апавяданьня Максіма Гарэцкага, яго зьнялі на «Беларусьфільме» «і схавалі недзе ў шафе. Чаму не паказаць гатовы фільм у Варшаве, калі яго не хочуць паказваць у Беларусі?» — кажа Януш.
Наступны фільм Андрэя Кудзіненкі, стваральніка містэрыі «Акупацыя» і фільма «Масакра». У гэтым годзе ён вярнуўся да незалежнай прадукцыі і зрабіў новы фільм фотаапаратам — «Hard Reboot». Яго запрашалі на фэстываль у Расеі, а пасьля адмовілі, бо там «цяпер вялікая цэнзура, і нельга паказваць фільмы, дзе мат, гвалт і сэкс», — тлумачыць Януш.
Таксама Андрэй Кудзіненка прадставіць свой новы кінапраект «Хранатоп», у якім удзельнічаюць сучасныя беларускія пісьменьнікі — Віктар Марціновіч, Адам Глобус, Павал Касьцюкевіч. На фэстывалі будзе паказаны першы эцюд з праекта — кароткі фільмік «Таямніца гарбатай ямы».

Знайсьці беларускі стыль

Дакумэнталістыка, анімацыя і мастацкае кіно — тут вітаюць усе жанры і ня дзеляць па намінацыях, але, паводле Януша, гэта не замінае зразумець, што ёсьць добры фільм, а што — не.

Тэхнічна фільмы, якія прыходзяць на конкурс, добрыя, галоўны недахоп — брак добрай ідэі, і гэта тычыцца мастацкага кіно. Напрыклад, два гады таму, напрыклад, на конкурс прыйшло шмат фільмаў пра самагубства.

Магчыма таму часьцей перамагаюць дакумэнтальныя фільмы, кажа Януш:
«Там ёсьць цікавыя ідэі з жыцьця. А жыцьцё заўсёды цікавае. У мастацкіх фільмах часта атрымоўваецца штучнасьць і ўзьнікае недавер, бо гісторыі прыдумваюцца з космасу, а не з таго, што адбываецца вакол. З гэтага цяжка ўзьнікнуць стылю».
Увогуле калі казаць пра адметны стыль, то, на думку арганізатара, будучыня за беларускім незалежным кіно:

«Мяркую, дзяржаўнае кіно, якое прадукуецца ў Беларусі, з сёньняшнім станам не зможа знайсьці сваю плынь, беларускі стыль... Конкурс паказаў, што ёсьць яшчэ іншая прастора апроч «Беларусьфільму. Некаторыя яго фільмы таксама паказвалі, але кожны ведае, што гэта архаічная фабрыка-мануфактура. Будучыня ёсьць у незалежнага кіно.»

Будні «Bulbamovie» па-за фэстывалем

Дзейнасьць «Bulbamovie» не абмяжоўваецца 2–3 днямі фэстывалю і конкурсамі, а цягнецца ўвесь год. У Польшчы фільмы, найперш пераможцы, езьдзяць па ДК, кінаклюбах за межамі сталіцы. Гэта «штосьці, чаго ніколі не бачылі і не ведаюць», мяркуе Януш. Пасьля фільмаў звычайна людзі застаюцца і абмяркоўваюць тое, што яны даведаліся аб краіне, апроч кепскага Лукашэнкі і праблем з Саюзам палякаў Беларусі.

У Беларусі ў гэтым годзе паказы былі спантанныя і нешматлікія — у Салігорску, Баранавічах, Маладэчне і Вялейцы. Але напачатку новага году арганізатары абяцаюць іх больш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG