Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята Незалежнасьці пад расейскімі сьцягамі


Belarus - the preparation to Parady in Minsk, 28June2014
Belarus - the preparation to Parady in Minsk, 28June2014

У парадзе з нагоды Дня Незалежнасьці будуць удзельнічаць расейскія вайскоўцы. У чым прычыны і палітычны сэнс такога рашэньня? Ці захоўвае Беларусь вайсковы сувэрэнітэт над сваёй тэрыторыяй? Ці павялічылася за 20 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі залежнасьць Беларусі ад Расеі?

Удзельнікі: галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў і кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Удзел расейскіх вайскоўцаў у парадзе ў Менску

Валер Карбалевіч: «Ужо колькі дзён па Менску езьдзіць бранятэхніка пад расейскімі сьцягамі. Амаль як у Данецку. Так расейскія вайскоўцы рыхтуюцца да параду, прысьвечанага Дню Незалежнасьці Беларусі. У ім будзе ўдзельнічаць ня толькі бранятэхніка, але і расейскія зэнітныя комплексы, самалёты, верталёты. На тле ўкраінскіх падзеяў гэта выглядае злавесна. Які палітычны ці сымбалічны сэнс такой зьявы? Каму і што хочуць паказаць арганізатары сьвята?»

Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

Валер Булгакаў: «Па-першае, дэманстрацыя зброі, вайсковай магутнасьці — частка палітычнага рытуалу напярэдадні буйных кампаніяў. Таму не выпадкова, што ў момант, калі беларускае грамадзтва ўвайшло ў цыкль падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, адбываецца барабанны бой і вайсковыя дэманстрацыі. Рэжым, які абрастае склератычнымі бляшкамі, точыцца знутры павуціньнем карупцыі, мае сур’ёзныя праблемы з унутранай і міжнароднай легітымнасьцю, спрабуе давесьці сваю даўгавечнасьць і непахіснасьць.

Па-другое, традыцыйна напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка зьвяртаўся да расейскага козыру, да чыньніку вайсковай сілы, якую ў выпадку патрэбы прадставіць Расея.

Нагадаю ягоную скандальную заяву 2001 году. Незадоўга да тагачасных прэзыдэнцкіх выбараў ён заявіў пра стварэньне сумеснай беларуска-расейскай вайсковай групоўкі памерам 300 тысяч чалавек. Тады новасьпечаны расейскі прэзыдэнт Пуцін нават адхрысьціўся ад гэтага, бо ў ягоныя пляны на той час не ўваходзіла вострая канфрантацыя з Захадам.

Па-трэцяе, тут найперш ідзецца пра сымбалічны аспэкт. Цяперашнія праявы ляяльнасьці да Масквы з боку Менску, дэманстрацыя статусу эксклюзіўнага саюзьніка Расеі адбываюцца ў сымбалічнай сфэры. Беларускаму рэжыму нічога не каштуе папрасіць расейскіх вайскоўцаў паўдзельнічаць тут у парадзе ці запрасіць Пуціна прыехаць сюды на сьвяточныя мерапрыемствы. Гэта для Лукашэнкі лепш, чым выканаць патрабаваньні Масквы аб продажы беларускіх прадпрыемстваў расейскім кампаніям».

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў: «Тут ёсьць тры аспэкты. Па-першае, беларускім уладам вельмі патрэбныя грошы. А адзіная крыніца замежных крэдытаў — гэта Расея. Таму трэба, кажучы груба, неяк „падлізацца“ да Масквы.

Па-другое, беларускаму кіраўніцтву вельмі ня хочацца атрымаць расейскую вайсковую авіябазу на тэрыторыі Беларусі. Таму таксама трэба падлашчыцца да Масквы, каб адмова ад гэтай авіябазы не выглядала раздражняльным чыньнікам.

Па-трэцяе, — гэта пасланьне Захаду. Яно павінна чытацца так: любіце нас такімі, якія мы ёсьць цяпер. З палітзьняволенымі, рэпрэсіямі супраць палітычных апанэнтаў. Бо калі вы ня будзеце любіць нас такімі, то вам давядзецца палюбіць расейскія „Іскандэры“ ў Беларусі».

Ці захоўвае Беларусь вайсковы сувэрэнітэт над сваёй тэрыторыяй?

Карбалевіч: «Усьлед за расейскімі самалётамі ў Беларусь зьявілася расейская бранятэхніка. Зь мінулага году вядуцца размовы пра стварэньне тут сталай базы для расейскіх ваенных самалётаў, пра што тут ужо казалі. Існуе адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны. Ці можна казаць у такіх варунках пра вайсковы сувэрэнітэт Беларусі над сваёй тэрыторыяй?»

Паротнікаў: «Пакуль можна. Таму што ўсе беларускія вайсковыя часьці падпарадкоўваюцца нашаму кіраўніцтву. Тыя дзесяць расейскіх зьнішчальнікаў, якія дысьлякаваныя ў Баранавічах і Бабруйску, таксама пад беларускім камандаваньнем. Але вось калі будзе створана расейская вайсковая авіябаза ў тым выглядзе, у якім яе хоча зрабіць Масква, то тут ужо ўсё будзе ня так адназначна».

Карбалевіч: «Сп. Булгакаў, вы кажаце: запрашаючы ў краіну расейскіх вайскоўцаў, Лукашэнка атрымлівае палітычныя дывідэнды, нічога ня трацячы. Але ці ня страчвае ён імідж паўнаўладнага сувэрэна, які цалкам кантралюе ўсю тэрыторыю краіны? Бо калі па сталіцы сувэрэннай краіны езьдзіць бранятэхніка пад расейскімі сьцягамі, то ці застаецца ён галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі краіны?»

Булгакаў: «У Лукашэнкі шмат іміджаў. Зь іншага боку, для беларускага постсавецкага грамадзтва характэрная такая шызафрэнічная расколатасьць. Таму Лукашэнка імкнецца быць уладаром даручанай яму тэрыторыі ў фэадальным сэнсе. І адначасова ў сваёй рыторыцы ён апэлюе да Расеі, постсавецкай прасторы, дэманструе сваю прысутнасьць на расейскім палітычным рынку. І для ягонага цьвёрдага электарату гэта хутчэй ня мінус, а плюс. Бо пацьвярджаецца міталягема пра непарушнасьць беларуска-расейскага „братэрства“, пра супольны шчыт саюзнай дзяржавы, пра тое, што Расея ў крайнім выпадку прыйдзе на дапамогу Беларусі.

Яшчэ адзін момант. У апазыцыйным асяродзьдзі раз-пораз узьнікаюць чуткі пра расейскі АМАП, які нібыта разганяе беларускіх апазыцыянэраў, пра расейскія спэцслужбы, якія быццам бы дапамагаюць тлуміць беларускі грамадзянскі рух. Гэта дадатковыя страшылкі для ўнутранай аўдыторыі, якія павялічваюць дэпрэсію ў незалежным грамадзтве, візію канчатковай паразы.

Ён пацьвярджае свой статус самага надзейнага саюзьніка Расеі. Гэты статус лёгка канвэртуецца ў матэрыяльныя даброты з боку РФ

Але апошнімі гадамі гэтая расейская вайсковая прысутнасьць тут не выглядала так выразна, бесцырымонна, дэманстратыўна. І тут трэба зьвярнуць увагу на ўнікальнасьць моманту. Увесь культурны сьвет адхіліўся ад Расеі з-за яе неабвешчанай вайны супраць Украіны. У гэтай сытуацыі Лукашэнка, ва ўласьцівай яму манеры, імкнецца зарабляць грошы з сымболікі, з паветра. Ён пацьвярджае свой статус самага надзейнага саюзьніка Расеі. Гэты статус лёгка канвэртуецца ў матэрыяльныя даброты з боку РФ.

Яшчэ адна акалічнасьць. Пасьля 19 сьнежня 2010 году, буйнамаштабнага крымінальнага перасьледу апазыцыі, у яго няма ўпэўненасьці ў тых сцэнарах, якія рыхтуюць ягоныя паліттэхнолягі. Таму і зьяўляюцца тут расейскія вайскоўцы — як пасланьне ўнутранай аўдыторыі. Але гэта прыкмета ягонай няўпэўненасьці».

Ці павялічылася за 20 гадоў залежнасьць Беларусі ад Расеі?

Карбалевіч: «Расейская бранятэхніка пад расейскімі сьцягамі, расейскія самалёты ў Беларусі ў момант, калі адзначаецца 20-годзьдзе кіраваньня Лукашэнкі, — гэта выглядае сымбалічным. Можа, гэта і ёсьць вынік ягонага кіраваньня? Сам Лукашэнка падкрэсьлівае, што за гэтыя гады канчаткова пабудавана беларуская дзяржаўнасьць. Нават Палац Незалежнасьці пабудаваны, Плошча Дзяржаўнага сьцяга і іншыя атрыбуты незалежнай дзяржавы. А насамрэч за 20 гадоў незалежнасьць Беларусі павялічылася? Ці, наадварот, узрасла залежнасьць ад Расеі?»

Паротнікаў: «Думаю, што ўсё ж такі незалежнасьць павялічылася. У выніку самой хады палітычнага працэсу, біялягічнага чыньніку. Людзі ў дзяржаўным апараце, сілавых структурах, якія настальгавалі па савецкім мінулым, сышлі. На іх месца прыйшлі кадры, для якіх СССР — гэта гісторыя. Насельніцтва звыклася з тым, што жыве ў незалежнай краіне, што Расея — гэта іншая дзяржава. Пасьля ўкраінскіх падзеяў Расея стала для шмат каго зь беларусаў варожай краінай.

Насельніцтва звыклася з тым, што жыве ў незалежнай краіне, што Расея — гэта іншая дзяржава

А расейскі чыньнік — галоўны ў тлумачэньні таго, чаму Лукашэнка ўтрымлівацца ва ўладзе 20 гадоў. Без падтрымкі Расеі гэта было б немагчымым.

Дарэчы, гэта ня першы парад, у якім удзельнічаюць расейцы. Некалькі гадоў таму ўжо быў такі прэцэдэнт. Але тады ў нашым парадзе адначасова ўдзельнічалі і ўкраінскія вайскоўцы».

Булгакаў: «Пытаньне пра тое, ці за 20 гадоў узмацнілася незалежнасьць Беларусі, вельмі складанае. Я ня маю на яго адназначнага адказу. Тут трэба выпрацоўваць нейкую мэтадалёгію ацэнкі, каб даць дакладны адказ.

З гледзішча інстытуцыйнага будаўніцтва адназначна можна казаць, што незалежнасьць умацавалася. Пабудаваныя дзяржаўныя інстытуты, існуюць дзясяткі беларускіх амбасадаў за мяжой.

Аднак беларуская незалежнасьць усечаная, вельмі куртатая. Беларусь выглядае не як паўнавартасная дзяржава, а як пратэктарат, як краіна, якая ня мае ўласнай замежнай палітыкі. Яна ня выбудавала ўласнай культурнай інфраструктуры, якая б абслугоўвала патрэбы беларускага грамадзтва. Мэдыйная прастора Беларусі ў значнай ступені кантралюецца расейскімі сродкамі масавай інфармацыі.

Схаваны трагізм беларускай сытуацыі палягае ў тым, што ніхто ня ведае, як бы павялі сябе беларусы, каб, ня дай Бог, заўтра ў нейкіх шалёных крамлёўскіх галовах зьявілася ідэя стварыць на ўкраінскі манер „Магілёўскую народную рэспубліку“ ці „Віцебскую народную рэспубліку“. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што беларусы індактрынаваныя расейскай мэдыйнай прапагандай і схільныя падзяляць устаноўкі, якія навязваюцца Крамлём.

У гэтым палягае пастка, доўгатэрміновая нестабільнасьць. Пры зьмене палітычнага рэжыму, зьяўленьні ў Беларусі дэмакратычнага ўраду падзеі могуць разьвівацца непрадказальна і беларуская незалежнасьць можа апынуцца пад пытаньнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG